Доктар Дзьмітры Шчыгельскі, які ў свой час паставіў Аляксандру Лукашэнку дыягназ «мазаічная псыхапатыя», расказвае, якімі якасьцямі адзначаюцца людзі з такім дыягназам, заяўляе, што псыхапатыя дае палітыкам канкурэнтную перавагу, і адказвае на пытаньне, як яму ўдалося прыехаць у Беларусь і вярнуцца ў ЗША.
Сьцісла:
- «Я лічыў, што гэта мой абавязак — папярэдзіць людзей пра небясьпеку».
- «Мэдычная таямніца вытрымліваецца, пакуль яе захаваньне не пагражае інтарэсам іншых людзей альбо бясьпецы самога пацыента».
- «Я размаўляў зь дзясяткамі людзей, якія шчыльна і доўга працавалі з Лукашэнкам на розных этапах ягонай кар’еры».
- «Тое, што адбылося з каранавірусам, зрабіла відавочным, што чалавек з такім разладам асобы на такой пасадзе небясьпечны».
- «Псыхапатыя дае палітыкам канкурэнтную перавагу ў барацьбе за палітычныя пасады, каб дабіцца ўлады і яе захаваць».
- «Яны здольныя прычыняць боль, але самі пры гэтым не адчуваюць ніякіх згрызотаў сумленьня, пакутаў ці перажываньняў».
«Усё пачалося з унівэрсытэцкага гуртка»
— Давайце ўзгадаем, як усё пачыналася. У 2001 годзе вы сталі вядомыя на ўсю Беларусь, калі апублікавалі ў газэце «Наша Свабода» артыкул, у якім паставілі Аляксандру Лукашэнку дыягназ «мазаічная псыхапатыя». Чаму вы вырашылі заняцца дасьледаваньнем псыхічнага стану прэзыдэнта Беларусі? Наколькі гэта прафэсійна апраўдана — ставіць чалавеку нейкі дыягназ, ня маючы зь ім непасрэднага кантакту?
— У эўрапейскай і расейскай псыхіятрыі ёсьць даволі шмат працаў, у якіх праводзіцца ацэнка псыхічнага стану розных асобаў — палітычных, гістарычных — па тых дадзеных, якія захаваліся і даступныя. Пра гэта напісана шмат працаў, існуе прафэсійна распрацаваная мэтодыка такой ацэнкі. Яна вельмі падобная да той, якая прымяняецца пры пасьмяротнай дыягностыцы.
Другое ваша пытаньне — як усё пачалося. Калі я вучыўся ў Горадзенскім мэдычным інстытуце, я зь першага курсу хадзіў на псыхалягічны гурток і займаўся там усе 6 гадоў, часам 2–3 гадзіны на тыдзень. Гэта старая традыцыя Горадзенскага мэдычнага, там гэты гурток быў вельмі моцны. І ў 1994 годзе на нашы звычайныя заняткі прыйшоў адзін з выкладчыкаў і задаў усім прысутным (каля 20 чалавек) пытаньне — «Ну, а зараз скажыце мне, што вы думаеце наконт стану псыхічнага здароўя кандыдатаў на нашых прэзыдэнцкіх выбарах». Шчыра кажучы, усе былі не гатовыя адказаць на гэтае пытаньне, бо не разглядалі кандыдатаў з гэтага гледзішча. І пасьля гэты выкладчык пачаў казаць пра Лукашэнку, што той псыхапат, пералічваць крытэры, абгрунтоўваць дыягназ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён не ўспрымае адэкватна сытуацыю ў краіне». Псыхіятар, які ставіў дыягназ Лукашэнку, зьвярнуўся да ўрадоўцаў БеларусіШто дзіўна, выкладчык гэты быў прыхільнікам Лукашэнкі, ён яго падтрымліваў, казаў, што такія псыхічныя ўласьцівасьці — гэта добра для Беларусі, што Лукашэнка навядзе парадак і скончыць бардак.
Вось тады я і зрабіў першы запіс сабе ў сшытак, з гэтага ўсё і пачалося. Далей гэтая тэма ўсплывала шмат разоў у псыхалягічнай супольнасьці Беларусі — але ня толькі. Я нярэдка езьдзіў у Маскву на розныя сэмінары, і там гэта таксама актыўна абмяркоўвалася. Гучалі некалькі варыянтаў і клясыфікацый дыягназу, але «мазаічная псыхапатыя» — гэта быў варыянт кансэнсусны. Я рабіў усё новыя запісы ў свой сшытак. І перад апублікаваньнем я даў свой артыкул на вычытку многім даволі вядомым псыхіятрам, якіх я, натуральна, не магу тут назваць.
— Але калі вы ўсё ж вырашылі апублікаваць свой артыкул, ці не ўзьнікала ў вас пытаньне мэдычнай этыкі, мэдычнай таямніцы і ўмяшаньня ў асабістае жыцьцё чалавека? Многія вас за гэта вельмі жорстка крытыкуюць, што вы парушылі мэдычную таямніцу.
— Я тады думаў пра гэта вельмі шмат, і гэта не было простае рашэньне. Я рабіў тыя запісы хутчэй для сябе. Але ёсьць вельмі просты крытэр: пакуль захаваньне мэдычнай таямніцы не пагражае інтарэсам іншых людзей альбо бясьпецы самога пацыента. Калі да лекара прыходзіць хворы і кажа, што зьбіраецца зрабіць тэракт альбо спаліць дом суседа — то лекар у адпаведнасьці з заканадаўствам павінен перш за ўсё клапаціцца пра бясьпеку грамадзтва. І ў такіх выпадках этыка прадугледжвае магчымасьць зьвяртацца ў органы, адказныя за грамадзкую бясьпеку.
І калі ў 1999 годзе ў Беларусі пачалі зьнікаць палітычныя апанэнты, я вырашыў, што гэтая сытуацыя цалкам адпавядае крытэрам грамадзкай бясьпекі і ніякай супярэчнасьці зь лекарскай этыкай тут няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар Шчыгельскі: «Ня ўсё толькі дрэннае зьвязана з Лукашэнкам»— Я памятаю, калі некалькі месяцаў таму ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі дыягназы Грэты Тунбэрг, то некаторыя людзі выказваліся ў тым сэнсе, што «ніхто з нас ня цалкам нармальны». Маўляў, у кожнага нейкія асаблівасьці ў паводзінах, адны маюць залежнасьці, іншыя маюць спэцыфічны характар — і ніхто з такіх людзей не ляжыць у псыхіятрычнай лячэбніцы. Дык вось, пастаўлены вамі дыягназ Лукашэнку, «мазаічная псыхапатыя» — гэта той варыянт, калі чалавек можа і мае поўнае права жыць звычайным жыцьцём, ці той дыягназ, калі трэба лячыцца ў адмысловых установах?
— Каго лічыць хворым, а каго не лічыць хворым? Для гэтага ёсьць Сусьветная арганізацыя здароўя, якая рэдагуе і выпускае міжнародную клясыфікацыю хваробаў. І там ёсьць абсалютна аб’ектыўныя крытэры пастаноўкі дыягназу. Так што — як бы хто асабіста ні лічыў, але ў нас ёсьць афіцыйны дакумэнт, які прызнаецца Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і міністэрствамі большасьці краін сьвету. Ад гэтага трошкі адрозьніваецца амэрыканская клясыфікацыя, але не прынцыпова.
Пытаньне, ці варта шпіталізаваць — таксама трэба падзяліць на дзьве часткі. Калі чалавек пагаджаецца з тым, што яго трэба класьці ў шпіталь — таму што ён ня можа нармальна функцыянаваць, сацыяльна не адаптаваны альбо проста адчувае сябе кепска — тады ніякіх пытаньняў няма, яго кладуць у шпіталь, калі лекар прызнае, што ў яго ёсьць захворваньне.
Іншае пытаньне, калі камісія лекараў лічыць, што чалавек псыхічна хворы, а сам ён не пагаджаецца з гэтым. Тут ёсьць унівэрсальная фармулёўка: «уяўляе непасрэдную небясьпеку для сябе і (альбо) навакольных з прычыны стану свайго псыхічнага здароўя».
У выпадку з Лукашэнкам я тады накіраваў ліст у Міністэрства абароны, Пракуратуру і Вярхоўны суд з пытаньнем — калі чалавек з такім дыягназам не прызнаецца прыдатным выконваць вайсковы абавязак у мірны час, ці можа ён выконваць ролю вярхоўнага галоўнакамандуючага?
— Але многія аспрэчваюць ваш дыягназ на той падставе, што вы паставілі яго «па тэлевізары», назіраючы за Лукашэнкам здалёк...
— Не, не «па тэлевізары», гэта вельмі прынцыповае пытаньне. Экспэртыза і матэрыялы для майго дыягназу складаліся зь дзьвюх частак. Па-першае, гэта зыходнікі (нецэнзураваныя матэрыялы) БТ з выступамі і мерапрыемствамі з удзелам Лукашэнкі. Другое — я размаўляў зь дзясяткамі людзей, якія шчыльна і доўга працавалі з Лукашэнкам на розных этапах ягонай кар’еры. Пачынаючы зь ягонай працы ў саўгасе «Гарадзец». Людзі, якія працавалі зь ім, жылі зь ім, былі побач зь ім. Гэта прынцыповае ўдакладненьне, гэта не «тэлевізар».
«Шэрман сказаў: „Трэба зьяжджаць зараз“»
— Вы апублікавалі гэты артыкул і потым эмігравалі ў ЗША. Многія людзі могуць спытаць — як вас увогуле выпусьцілі з краіны?
— Мне ў той час шмат дапамог беларускі пісьменьнік і перакладчык Карлас Шэрман, які ў свой час 5 гадоў жыў на нелегальным становішчы пры Піначэту ў Чылі. Ён сказаў мне — «спалі ўсё, нават кнігі, у якіх ёсьць нейкія твае пазнакі, не пакідай ніякіх сьлядоў». Я гэта зрабіў, 2 месяцы я сустракаўся толькі з Карласам. Я вельмі ўдзячны Шэрману, я лічу, што ягоная роля ў беларускім Супраціве вельмі недаацэненая і невядомая. Таксама мне шмат дапамагалі іншыя людзі з тагачаснай апазыцыі.
Я вельмі хацеў, каб гэтая публікацыя зьявілася да таго, як я зьеду з краіны. Але ў пэўны момант Карлас сказаў: «Трэба зьяжджаць зараз». І я зьехаў незадоўга да таго, як артыкул выйшаў у газэце.
— І вы падалі на палітычны прытулак?
— Не, я зьехаў у ЗША па звычайнай турыстычнай візе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар кнігі пра Лукашэнку: І Трамп і Лукашэнка дзіўным чынам адчуваюць простага чалавека— Уся гэтая гісторыя з кансьпірацыяй вельмі прыгожая, але яна прымушае мяне задаць наступнае пытаньне. Некалькі гадоў таму вы, ужо як грамадзянін ЗША, наведалі Менск без усялякіх перашкодаў, мы нават убачыліся выпадкова. Як вам, аўтару такога артыкула і дыягназу, удалося спакойна прыехаць у Менск і выехаць назад?
— Я атрымаў грамадзянства ЗША ў 2016 годзе і пры гэтым зьмяніў прозьвішча на іншае. Калі ехаў у Беларусь, набыў квіткі на тое іншае прозьвішча. У аэрапорце Менску мяне на пашпартным кантролі спынілі, сказалі, што ў мяне падроблены пашпарт, і пратрымалі каля гадзіны. Побач хадзіў тыповы прадстаўнік канторы, але да мяне не падыходзіў, увесь гэты час некаму тэлефанаваў і раіўся. Пасьля гэтага пашпарт аддалі, выбачыліся, пры гэтым дзяўчына размаўляла на цудоўнай беларускай мове.
Чаму так адбылося? Калі я ехаў у Беларусь — гэта была пралічаная рызыка. Я быў упэўнены, што ўладам у той момант было б вельмі нязручна атрымаць новы скандал з затрыманьнем грамадзяніна ЗША. Таксама яны не хацелі б падымаць гісторыю з дыягназам, бо гэта была б моцная інфармацыйная нагода. Таму я пралічыў, што яны нічога са мной ня зробяць — так і адбылося.
— Чым вы займаецеся цяпер у ЗША, чым зарабляеце на жыцьцё?
— Усё было вельмі нялёгка. Калі я прыехаў у ЗША, у мяне была звычайная турыстычная віза, па якой нельга было працаваць. Першыя два гады я працаваў на цяжкіх нелегальных працах, напрыклад, на будоўлях італьянскай мафіі ў чорных раёнах. Ніякай ангельскай мовы ў мяне на той момант не было, бо, шчыра кажучы, у мяне не было асаблівага жаданьня зьяжджаць зь Беларусі. Пасьля гэтага працаваў і ў таксі, і на будоўлі, і на фабрыцы.
У прафэсію ў поўным сэнсе я так і не вярнуўся, цяпер маю свой аптэчны бізнэс, гандлюю лекамі, я «працуючы партнэр», як кажуць у ЗША. Два разы быў як валянтэр у АТО на Данбасе. Прычыніўся як арганізатар ці ўдзельнік прыблізна да 20 акцыяў беларускай дыяспары ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар, які ставіў дыягназ Лукашэнку, расказвае пра свой досьвед на вайне ва Ўкраіне«Многія палічылі, што гэта нейкі жарт, што мне заплацілі мільёны даляраў»
— Сёньня вы пацьвердзілі б свой дыягназ? Назіраючы за прадметам свайго дасьледаваньня, вы можаце сказаць — нешта зьмянілася ў горшы ці лепшы бок?
— Па-першае, нічога і ня можа зьмяніцца. Людзі з такім дыягназам жывуць усё жыцьцё і ня надта зьмяняюцца. Калі чалавек з такім дыягназам не займае такую пасаду, як Аляксандар Рыгоравіч, то гэта проста праблемы для ягонага бліжэйшага асяродзьдзя, блізкіх, сям’і (мы бачым, што і ў Лукашэнкі такія праблемы існуюць усё ягонае жыцьцё), праблема ўтрымацца на працы на адным месцы.
— На апошняй сваёй працы, прэзыдэнта, Лукашэнка даволі трывала трымаецца, ужо 26 гадоў.
— Так. Бо проста няма каму яго зьняць ці звольніць. Разумееце, калі я ўсё гэта пісаў, гэта ня быў сродак палітычнай барацьбы. Я быў малады і наіўны, я лічыў, што гэта мой абавязак — папярэдзіць людзей пра небясьпеку. Але тады многія людзі палічылі, што гэта нейкі жарт, што апазыцыя некага знайшла, што мне заплацілі мільёны даляраў. Усё гэта ня так, ніхто мне нічога не плаціў. Але цяпер тое, што адбылося з каранавірусам, зрабіла відавочным шмат для каго, што чалавек з такім разладам асобы на такой пасадзе небясьпечны.
У людзей з такім дыягназам вельмі абмежаваны рэпэртуар адказаў на стрэсавыя сытуацыі. А выбары — гэта, безумоўна, стрэс. І яны прадказальна рэагуюць, так, як цяпер рэагуе Аляксандар Рыгоравіч — гвалт, падман, маніпуляцыі. У гэтым нічога новага, але цяпер гэта зрабілася відавочным большасьці. Для мяне, як і для іншых псыхіятраў, зь якімі я абмяркоўваў цягам апошніх месяцаў паводзіны Аляксандра Рыгоравіча, нічога новага не адбываецца.
— Дык чым усё-ткі характарызуецца гэты дыягназ? Якія асноўныя характарыстыкі чалавека з дадзеным дыягназам?
— Гэта перш за ўсё абвастрэньне пэўных рысаў асобы, так што, у адрозьненьне ад большасьці людзей, гэтыя рысы татальна вызначаюць ягонае жыцьцё. Яны праяўляюцца цягам усяго жыцьця. Упершыню, як правіла, выяўляюцца ў падлеткавым або маладым узросьце. У нашым выпадку гэта найперш падазронасьць, неадэкватнае ўспрыняцьце самога сябе і крытыкі на свой адрас. Рэакцыі адзначаюцца падазронасьцю, помсьлівасьцю і няздольнасьцю атрымліваць досьвед з нэгатыўных сытуацый.
Другое — гэта ягоная паталягічная ілжывасьць. Трэба разумець, што ўсе людзі хлусяць. Але паталягічныя хлусы кожную сэкунду вераць у тое, што гавораць. Паглядзіце ўсе выказваньні Лукашэнкі, вельмі часта яны амбівалентныя і гранічна супярэчлівыя. Вельмі часта ў адным выказваньні можа ўтрымлівацца некалькі ўзаемавыключальных тэзісаў. І калі вы пасадзіце такога чалавека на дэтэктар хлусьні, то дэтэктар пакажа, што такі чалавек «кажа праўду» і ў адным, і ў адваротным выпадку.
Чалавек з такім дыягназам у любы момант можа перайсьці ад сьцьвярджэньня, што гэта «белае», на сьцьвярджэньне, што гэта «чорнае» — літаральна за некалькі сэкундаў.
Вядома, гэта далёка не канчатковы пералік таго, што неабходна, каб абгрунтаваць і даказаць гэты дыягназ. Прынцыпова, што ўсе гэтыя асаблівасьці асобы не павінны зьяўляцца на тыдзень ці месяц. Яны павінны праяўляцца цягам усяго жыцьця. Яны павінны вызначаць тое, як чалавек рэагуе ў большасьці сытуацый. Яны павінны быць працяглымі ў часе і татальнымі. У адрозьненьне ад звычайнага чалавека, у якога таксама ёсьць асаблівасьці характару і рэагаваньня — але яны не працяглыя і не татальныя.
— А як вы ставіцеся да распаўсюджанай часам думкі, што пэўныя псыхічныя адхіленьні — гэта ледзь ня норма для людзей пэўных прафэсій, напрыклад, творчых людзей альбо палітыкаў?
— Я не магу нічога камэнтаваць пра багему, бо ня меў шмат кантактаў і ня маю дастаткова дадзеных, каб пра гэта казаць. Што тычыцца палітыкі, то псыхапаты адносна часта сустракаюцца сярод палітыкаў. Такія відавочныя прыклады, як Нэрон, Гітлер. У такіх людзей гэтае захворваньне дае ім канкурэнтную перавагу ў барацьбе за палітычныя пасады, каб дабіцца ўлады і яе захаваць. Тое, што ў Аляксандра Рыгоравіча вельмі выражаная падазронасьць, — гэта дае яму перавагу па адсяканьні магчымых канкурэнтаў. Помсьлівы, злапомны, мае, дарэчы, вельмі добрую памяць. Ён лёгка мяняе пункт гледжаньня.
Што яшчэ вельмі важна для псыхапатаў. Гэтыя людзі маюць вялікія праблемы з эмпатыяй. Яны вельмі часта ня могуць зразумець адчуваньні іншых людзей. Яны здольныя прычыняць боль, але самі пры гэтым не адчуваюць ніякіх згрызотаў сумленьня, пакутаў ці перажываньняў. Яны гатовыя ісьці на ўсё што заўгодна, абы дасягнуць сваёй мэты.