17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі, дзе было 100 тысяч рублёў. Усе апэрацыі па рахунку заблякаваныя.
Сёньня пры спробе ажыцьцяўленьня плацяжоў за кошт сродкаў выбарчага фонду супрацоўнікі «Беларусбанку» паведамілі, што разьліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблякаваны — арыштаваныя расходныя апэрацыі па рахунку, паведаміў штаб Бабарыкі.
«У цяперашні момант на разліковым рахунку знаходзяцца грашовыя сродкі выбарчага фонду ў суме больш за сто тысяч беларускіх рублёў. Забарона на кіраваньне гэтымі сродкамі не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць выбарчыя правы. На неправамернасьць такой забароны будзе звернутая ўвага ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў: намі будуць падрыхтаваныя і пададзеныя адпаведныя скаргі.
Разам з тым арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на бягучай дзейнасьці штабу. У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валянтэры, сябры ініцыятыўных груп, якія не атрымліваюць аніякіх выплат. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам вэрыфікаваныя і пададзеныя ў адпаведныя выбарчыя камісіі», — напісаў штаб Бабарыкі.
11 чэрвеня ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку», якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, і ў людзей, зьвязаных з Бабарыкам, прайшлі ператрусы ў рамках крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Віктар Бабарыка тады заявіў, што супраць яго «няма нічога», а гэтая крымінальная справа — ціск на яго, яна мае «замоўлены палітычны характар», а віна фігурантаў «у тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі».
У той жа дзень кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама мае дачыненьне да «справы Белгазпрамбанку», што гэта «адна шайка-лейка» і што Бабарыка пайшоў у прэзыдэнты, бо «рыльца ў пушку», бо «ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязьнем сумленьня», «але гэта яму не дапаможа».
Праз чатыры гадзіны пасьля заявы Лукашэнкі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю заявіў, што мае доказы датычнасьці былога старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта перадвыбарчая агонія». Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая зьбірала подпісы за Віктара Бабарыку15 чэрвеня штаб Бабарыкі паведаміў пра арышт каардынатаркі ягонай ініцыятыўнай групы Сьвятланы Купрэевай, якую таксама затрымалі 11 чэрвеня. Сьвятлана Купрэева цяпер у СІЗА КДБ. Яна ніколі не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кампары», «Кентаўр».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.