Камісія замежных спраў польскага Сэйму 17 чэрвеня прыняла заяву ў падтрымку палітвязьняў і рэпрэсаваных у Беларусі.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Мы заклікаем ўлады ў Менску неадкладна спыніць перасьлед і вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных», — напісалі дэпутаты камісіі, адначасова выказваючы салідарнасьць з ахвярамі рэпрэсій ды іх сем’ямі.
У заяве дэпутаты польскага Сэйму папрасілі Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіць у абарону рэпрэсаваных асобаў у Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай у цяжкіх умовах. У гэтым кантэксьце заява называе імёны чатырнаццаці чалавек: Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Арановіч, Дзьмітры Фурманаў, Вяргілій Вушак, Васіль Баброўскі, Арцём Сакаў, Уладзімер Навумік, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Валянцін Троцкі, Яраслаў Кійко.
«Мы таксама чакаем, што з увагі на маштаб парушэньняў грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабод, урад Польшчы будзе далей падтрымліваць няўрадавыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, асабліва мясцовыя ініцыятывы, незалежніцкія і праэўрапейскія арганізацыі і арганізацыі абароны правоў чалавека», — адзначыла Камісія замежных справаў ніжняй палаты польскага парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.