XXIX Міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 16 па 20 ліпеня. У адрозьненьне ад многіх іншых летніх імпрэзаў, яго не адмянілі ў сувязі з каранавірусам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сёлета ўсе імпрэзы пройдуць на адкрытых пляцоўках.
На пытаньне Tut.by, ці ўвядуць на фэстывалі абавязковы масачны рэжым і іншыя меры засьцярогі ад каранавірусу, міністар культуры Юры Бондар адказаў, што «будзе рэкамэндацыя па масачным рэжыме — будзе масачны рэжым». Тое ж самае тычыцца і рассаджваньня гледачоў праз аднаго: пакуль такія меры не плянуюцца, але калі будуць рэкамэндацыі — «будзем выконваць», сказаў Бондар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ папярэджвае пра «аднаўленьне» максымальнай небясьпекі COVID-19«Нармальныя людзі [ходзяць] бяз маскі. Рассаднік мікробаў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае, — дадаў Юры Бондар. — Вось [дырэктар фэстывалю] Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек».
Паводле міністра культуры Юрыя Бондара, у «Славянскага базару ў Віцебску» ёсьць «усе шанцы стаць адным з самых маштабных open-air фэстываляў», паведамляе БелТА.
Ва ўрачыстым адкрыцьці фэстывалю возьмуць удзел усе анансаваныя артысты, «ніхто не адмовіўся», паведаміў галоўны рэжысэр урачыстага адкрыцьця фэстывалю Аляксандар Вавілаў.
На конкурс маладых выканаўцаў прыедуць прадстаўнікі 18 краін.
Усе сольныя канцэрты расейскіх зорак адмянілі.
На фэстываль ужо прадалі каля 15 тысяч квіткоў. За ўвесь час у касы здалі ня больш за 70 купленых раней квіткоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уручэньне «Оскара» адклалі. Такое адбывалася толькі тройчы за ўсю гісторыю прэмііУсе буйныя фэстывалі, заплянаваныя ў Беларусі на ліпень, ужо адмянілі (Viva Braslav Open-Air, FSP Freaky Summer Party, Stereo Weekend з Новым Радыё). Арганізатары жнівеньскіх фэстываляў — Рок за Баброў (1 жніўня), The Veska Festival (29 жніўня), SPRAVA 2020 (7 жніўня) — пакуль яшчэ спадзяюцца на паляпшэньне становішча. Да гэтага часу невядома, ці пройдуць сёлета жнівеньскі фэстываль «А-фэст» і верасьнёвы «Дзень танкіста».
16 траўня Сусьветная арганізацыя здароўя чарговы раз нагадала Беларусі пра свае рэкамэндацыі што да сацыяльнага дыстанцыяваньня і заклікала сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу.
Віцебск — адзін з гарадоў, якія найбольш пацярпелі ад эпідэміі каранавірусу. Тут была зафіксаваная ўспышка хваробы: у колькасьці выпадкаў COVID-19 Віцебская вобласьць доўгі час ішла сьледам за Менскам, дзе было найбольш выпадкаў каранавірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ