Спад працягваецца: ВУП Беларусі ў студзені–траўні зьнізіўся на 1,8%

ВУП Беларусі ў студзені–траўні 2020 году склаў у бягучых цэнах 51 мільярд беларускіх рублёў, што ў супастаўных цэнах на 1,8% менш, чым у студзені–траўні 2019 году, паведмляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) — макраэканамічны паказьнік, які характарызуе выніковы кошт усіх аказаных паслуг і вырабленай прадукцыі ў краіне за год. Узровень ВУП — вызначальная эканамічная велічыня для кожнай краіны.

Рэцэсія ў беларускай эканоміцы паглыбляецца: па выніках першага кварталу ВУП зьнізіўся на 0,3%, у студзені–красавіку — на 1,3%.

Прамысловая вытворчасьць за студзень–травень зьменшылася на 3,9%.

Урадавы прагноз на 2020 год прадугледжвае рост ВУП Беларусі ў межах 1,9–2,8%. Міжнародныя фінансавыя інстытуты прагназуюць Беларусі падзеньне ВУП Беларусі на 4–6% на фоне нэгатыўнага ўплыву глябальнай пандэміі каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: Беларусь чакае найгоршы эканамічны спад за чвэрць стагодзьдзя

У траўні Мінэканомікі паведамляла, што чакае захаваньня тэмпаў зніжэньня ВУП у першым паўгодзьдзі 2020 году, а з трэцяга кварталу — што эканоміка краіны пачне аднаўляцца.

У 2019 годзе рост эканомікі Беларусі склаў 1,2% пасьля ўздыму на 3% у 2018 годзе і на 2,4% у 2017 годзе.