Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?
З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да паліталягіні, экспэрткі ўкраінскага Фонду грамадзкай дыпляматыі.
— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Аляксандар Лукашэнка так ці інакш пераможа, будзе абвешчаны пераабраным, а пратэсты калі і будуць, то іх здушаць? Ці магчымыя іншыя сцэнары?
— Я мяркую, што глябальна сцэнар не памяняецца. Але могуць быць і нечаканыя моманты. Гэта можа быць зьвязана з пандэміяй. Гэты фактар можа дадаць вастрыні, базавы электарат Лукашэнкі можа больш уважліва паглядзець на сытуацыю ў краіне, будзе менш дапамогі ад родных, якія працуюць за мяжой. ЦВК Беларусі будзе вырашаць, каго зарэгістраваць, і гэта адзін з асноўных момантаў кампаніі. Найбольш актыўных прэтэндэнтаў могуць і не дапусьціць да выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: «Майдан найперш за незалежнасьць, а Плошча супраць дыктатуры, таму вынікі розныя»— Беларуская перадвыбарчая сытуацыя, напэўна, выглядае даволі дзіўна, калі глядзець на яе ўкраінскімі вачыма. Аляксандар Лукашэнка, архітэктар сыстэмы саюзаў з Расеяй, высылае карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу», купляе амэрыканскую нафту з падачы дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо, вінаваціць сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Галоўны ягоны канкурэнт — яшчэ месяц таму шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Хто на беларускіх выбарах 2020 году «рука Масквы», хто чый спойлер — як гэта бачыцца з Кіева?
— Зразумела, ёсьць спроба Лукашэнкі палепшыць адносіны з ЗША, прызначаная новая амбасадарка ЗША ў Беларусь Джулі Фішэр. Лукашэнку бессэнсоўна абвінавачваць сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Пры жаданьні Масква дамовіцца зь любым кандыдатам-пераможцам, яна знойдзе хады і нітачкі, каб наладзіць зь ім кантакт. І тут бессэнсоўна казаць, што нехта рука, нага ці вусы Крамля. Разьвярнуцца ў іншы бок не ўдаецца ні вам, ні нам. Я ня думаю, што Вашынгтон будзе неяк уплываць на выбары ў Беларусі. Калі могуць быць нейкія сутыкненьні ці Майданы, то тады збліжэньне з ЗША наўрад ці атрымаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»— На сёлетніх выбарах усе асноўныя супернікі Лукашэнкі — і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Бабарыка, і былы буйны чыноўнік Валер Цапкала, і лідэр пратэсту Сяргей Ціханоўскі — гавораць па-расейску. Размаўляць па-беларуску яны ці ня хочуць, ці проста ня ўмеюць. На ваш погляд, ці вынікае з гэтага, што ўсе яны — «русский мир» у Беларусі?
— Праблема беларускіх выбараў — ня рух ад Расеі ці ў бок Расеі, а стома ад Лукашэнкі. Таму на якой мове гавораць апанэнты Лукашэнкі, ня мае значэньня. Яны ў любым выпадку будуць выбудоўваць камунікацыю з Крамлём, бо эканоміка Беларусі вельмі шчыльна зьвязаная з РФ. Калі і весьці размову пра нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі, то беларусізацыя павінная быць эвалюцыйнай. Наш вопыт гвалтоўнай украінізацыі не зьяўляецца станоўчым. Я мяркую, што моўнае пытаньне ў Беларусі ня варта вярэдзіць. Паводле ўкраінскага досьведу (Юшчанка, Парашэнка), электаральнае «цеста» на нацыянальных «дражджах» калі і падымаецца, то доўга ня ўтрымліваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не назіраю супастаўнага з Лукашэнкам прэтэндэнта — украінскі палітоляг— Аляксандар Лукашэнка ад пачатку кампаніі паўтарае — мы не дапусьцім Майдану, я не дапушчу да ўлады «майданутых». Наколькі імаверным вам уяўляецца беларускі Майдан (Плошча) сёлета? І наколькі імаверны яго посьпех, калі ён будзе?
— Цяпер асноўная стаўка Лукашэнкі — на сілавікоў. Калі на сьцяне вісіць стрэльба, яна раней ці пазьней можа стрэліць. Дай Бог, каб ніякіх жорсткіх сцэнараў у Беларусі не было. Тады гэта можа вельмі кепска скончыцца. Што тычыцца імавернасьці Майдану, я бачу ў вас новыя палітычныя твары, але пакуль ня бачу постаці, якая магла б стаць кансалідуючым фактарам, ці ідэі, вакол якой людзі маглі б кансалідавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візавыя галаваломкі: Беларусь, Украіна, Эўразьвяз, Расея— Ці выклікаюць ва Ўкраіне раздражненьне гэтыя апэляцыі Лукашэнкі да ўкраінскага палітычнага досьведу?
— Не. У нас ёсьць запыт на «моцную руку». І падчас апытаньняў вельмі многія кажуць, што Лукашэнка — гэта прататып лідэра, які патрэбны Ўкраіне. На фоне даволі жорсткай карантыннай палітыкі ва Ўкраіне мяккі беларускі сцэнар атрымаў шмат сымпатыяў. Лукашэнка ва Ўкраіне моцнага раздражненьня не выклікае. Але ў нас шмат людзей, некаму ён можа і не падабацца.
— У мінулым годзе Лукашэнка даволі нечакана прагназаваў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён даваў зразумець, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, як ён іх разумее. А які вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі сёлета адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Украіны, як іх разумееце вы?
— Тады сапраўды былі заявы ў падтрымку Парашэнкі. Але і не было заяваў супраць Зяленскага. Лукашэнка пазытыўна ўспрымаў Зяленскага. Ці будзе Кіеў некага падтрымліваць? Мы маем горкі вопыт умяшаньня ў палітычныя працэсы ў іншых краінах.