93-ю цырымонію ўручэньня «Оскара» перанесьлі, бо эпідэмія прымусіла прыпыніць працу над некаторымі фільмамі, якія меліся выйсьці да канца году. Замест 28 лютага цырымонія пройдзе 25 красавіка. Арганізатары ссунулі тэрміны прэзэнтацыі фільмаў і падачы заявак на намінацыю.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Калі раней апошнім тэрмінам выхаду карціны ў пракат было 31 сьнежня 2020 году, то цяпер — канец лютага 2021 году. Паводле арганізатараў, гэта «забясьпечыць гнуткасьць, неабходную кінэматаграфістам, каб завяршыць і выпусьціць свае фільмы без аніякіх санкцый за рэчы, якія знаходзяцца па-за іх кантролем».
Намінацыі будуць абвешчаныя 15 сакавіка наступнага году. Ці будзе цырымонія праходзіць онлайн, яшчэ ня вырашана.
Цырымонія ўручэньня «Оскара» пераносіцца чацьвёрты раз за час існаваньня кінапрэміі. Упершыню цырымонію адклалі пасьля паводкі ў Лос-Анджэлесе ў 1938 годзе, другі раз — з прычыны забойства праваабаронцы Марціна Лютэра Кінга-малодшага ў 1968 годзе, і трэці — з прычыны замаху на жыцьцё прэзыдэнта Рональда Рэйгана. Аднак ва ўсіх гэтых выпадках цырымонію адкладалі ня больш як на тыдзень.