16 чэрвеня галерэю «Арт Беларусь», дзе знаходзілася карпарацыйная калекцыя «Белгазпрамбанку», зноў адкрылі для аматараў мастацтва. Калекцыя далучаная да крымінальнай справы супраць былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпромбанку». Цяпер замест карцін на сьценах вісяць пустыя рамы з QR-кодамі ўнутры.
Шэдэўры Марка Шагала, Хаіма Суціна ды іншых мастакоў можна цяпер паглядзець на вялікім праектары, а гісторыю карцінаў і скульптураў — на сваіх мабільных прыладах пад QR-кодамі.
З раніцы ў галерэі можна было заўважыць шмат журналістаў, куратара карпарацыйнай калекцыі Аляксандра Зіменку і толькі адну наведніцу — працоўны дзень.
У нядзелю ў эфіры Беларускага тэлебачаньня паведамілі, што паўтары сотні карцін коштам 20 мільёнаў даляраў далучаныя да крымінальнай справы і «ёсьць інфармацыя, што іх рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны».
Інфармацыю наконт вывазу з краіны зьняпраўдзіў экс-старшыня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, ініцыятар ідэі набыцьця карпарацыйнай калекцыі, падчас пікету для збору подпісаў у Бабруйску 15 чэрвеня.
Віктар Бабарыка сказаў: «Але лёгіка вяртаньня карцін у краіну, затрата ўласных грошай банку, наданьне ім статусу, выстаўленьне іх у публічным доступе... Яны належаць акцыянэрам. Навошта іх некуды вывозіць?»
Акцыянэрамі «Белгазпрамбанку» ёсьць расейскія «Газпром» і «Газпромбанк», якія маюць долі па 49,818% кожны.
Калекцыя «Белгазпрамбанку», у якой сабраныя творы мастакоў Парыскай школы родам зь Беларусі Марка Шагала, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна, Пінхуса Крэменя, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, скульптуры, каштоўныя кнігі, налічвае больш за 150 артэфактаў.
Значная частка калекцыі, набытая на ўсясьветна вядомых аўкцыёнах, з 2017 году выстаўляецца ў галерэі «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтваў і да нядзелі 14 чэрвеня была даступная ўсім.
Цягам двух дзён Радыё Свабода спрабуе высьветліць, дзе цяпер знаходзяцца творы мастацтва. У эфіры БТ у нядзелю паказалі апэратыўныя здымкі, дзе на першым пляне найдаражэйшае палатно калекцыі бяз рамы — «Ева» Хаіма Суціна, кошт якога 1 мільён 805 тысяч даляраў.
15 чэрвеня начальнік упраўленьня інфармацыйнай палітыкі «Белгазпрамбанку», прэсавы сакратар Сяргей Скляраў адказаў Свабодзе, што «калекцыя знаходзіцца ў сховішчы калекцыі карцін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ева арыштаваная». У сацыяльных сетках дамалёўваюць карціну Суціна, «затрыманую» ў справе «Белгазпрамбанку»16 чэрвеня начальнік аддзелу праўнага забясьпечаньня і інфармацыі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Аляксей Чарналеўскі паведаміў Свабодзе, што не валодае інфармацыяй, дзе зараз знаходзіцца калекцыя. На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці можна спадзявацца, што шэдэўры захоўваюцца ў адпаведным тэмпэратурным рэжыме і вільготнасьці, спадар Чарнавіцкі сказаў, што спадзяецца на гэта.
Уваход у галерэю «Арт Беларусь» ад аўторка вольны.