Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвясьціла аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2020-2021 акадэмічны год.
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Заяўкі будуць прымаць да 31 жніўня 2020 году праз пададзены вышэй лінк. Заяўка складаецца са зьвестак аб удзельніку, матывацыйнага ліста, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».
Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажавацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажаваньне будзе доўжыцца ад 4 студзеня да 30 ліпеня 2021 году.
Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краінаў, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.
- У 2011-2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка, які цяпер працуе на Радыё Свабода.
- У 2014-2015 гадах стыпэндыяткай стала Ганна Любакова, якая працавала на тэлеканале «Белсат».
- У 2015-2016 гадах стыпэндыю атрымаў блогер, экспэрт у сацыяльных мэдыя Ігар Лосік.
- У 2017-2018 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст і блогер Раман Пратасевіч.
- У 2019-2020 гадах стыпэндыяткай была журналістка Наста Бойка, якая працавала на «Эўрарадыё».
Больш падрабязная інфармацыя пра заяўку на стыпэндыю імя Вацлава Гаўла ТУТ.