Лукашэнка пра беларускі досьвед барацьбы з COVID-19: «Гэта ж здабытак усяго сьвету»

Аляксандар Лукашэнка бачыць добрыя магчымасьці для эканамічнага разьвіцьця краіны і ў тым ліку зьвязвае іх з выхадам сьвету з пандэміі. Пра гэта ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Горадню.

«Жыць можна. Трэба толькі, каб хутчэй выйшлі з гэтай пандэміі. Таму што эканоміка экспартна арыентаваная. Чым хутчэй адкрыецца сьвет пасьля хваробы, тым лепш будзе для Беларусі», — адзначыў ён, дадаўшы, што цяпер трэба надаць увагу нарыхтоўцы кармоў і падрыхтавацца да ўборкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё было забруджана» — Лукашэнка пра Магілёў сваёй маладосьці

Лукашэнка згадаў, што нядаўна гаварыў па тэлефоне з Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і сказаў, што асноўная праблема для Беларусі — гэта экспарт. Тады кітайскі лідэр паабяцаў сваю падтрымку ў пастаўках беларускай прадукцыі — узамен на «падтрымку ў каранавірусе».

«Яны ацанілі нашу падтрымку па каранавірусу, якую мы аказалі ім першымі, у самым пачатку. Вельмі падтрымліваюць тое, як мы вядзем гэтую барацьбу», — сказаў беларускі кіраўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На прэзыдэнта ж увесь сьвет глядзіць і мяркуе па ім, што і мы такія ўсе тут „беспредельщики“»

Па яго словах, ёсьць цікавасьць да беларускага досьведу і ў сьвеце.

«Спачатку мы дамаўляліся, каб Сусьветны банк нам аказаў падтрымку дзесьці на 90 млн даляраў. Зараз паглядзелі: цікавы вопыт Беларусі, мы гатовыя вас прафінансаваць аж пад 300 млн. Гэта ж здабытак усяго сьвету. Няхай глядзяць, як мы працуем», — цытуе яго БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская нафта пачала паступаць на «Нафтан»

Таксама Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму вуглевадародаў.

«Дзякуй богу, нафты хапае ў сьвеце — бяры, не хачу. І кошты прымальныя. І прыроднага газу хапае ўжо, ідзе бойка за прэміяльны эўрапейскі і наш рынак паміж асноўнымі гульцамі, якія пастаўляюць прыродны газ. І альтэрнатыва ёсьць, можна яе знайсьці», — перакананы Лукашэнка.