Штаб патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі паведаміў, што Сьвятлану Купрэеву затрымалі ў яе дома яшчэ раніцай у чацьвер, 11 чэрвеня.
«У кватэры ў прысутнасьці 81-гадовай маці Сьвятланы пачалі праводзіць ператрус, а саму Сьвятлану, бяз рэчаў і зьменнага адзеньня, павезьлі работнікі ДФР (Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. — РС). Увечары сяброўцы Сьвятланы паведамілі праз тэлефон, што Сьвятлана затрыманая і будзе знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
На наступны дзень, 12 чэрвеня, Купрэеву дапыталі, але зь СІЗА ня вызвалілі. Па заканчэньні 72 гадзін яе таксама ня выпусьцілі, што можа азначаць толькі тое, што была ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым аб заключэньні пад варту ДФР не паведаміў ні маці, ні каму-небудзь зь сяброў Купрэевай. Перадаць Сьвятлане ў СІЗА рэчы першай неабходнасьці ўдалося толькі праз чатыры дні пасьля затрыманьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «Белгазпрамбанку». Хто затрыманы і што вядома на сёньня?У заяве штабу Віктара Бабарыкі адзначаецца, што Сьвятлана Купрэева ніколі не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кампары», «Кентаўр».
«З мэнэджэрамі гэтых арганізацыяў Купрэева сумеснай дзейнасьцю не зьвязаная. Затое Сьвятлана Купрэева зьяўляецца сябрам сям’і Віктара Бабарыкі і сябрам яго ініцыятыўнай групы, каардынатарам у адным з раёнаў г. Менску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрысты пра «вінаватасьць» Бабарыкі: такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавекаУ заяве гаворыцца, што адвакату адмовілі ў наведаньні Купрэевай ў СІЗА КДБ «у сувязі з каранавірусам».
«Скаргі аб незаконнасьці і неабгрунтаванасьці затрыманьня, пададзеныя Купрэевай і яе адвакатам, ва ўстаноўлены законам тэрмін не разгледжаныя.
На момант падрыхтоўкі гэтага прэс-рэлізу адбываецца працэдура вопісу і арышту маёмасьці, якая знаходзіцца на месцы жыхарства Сьвятланы Купрэевай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта рэйдэрскі захоп». Дзе цяпер мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» з карцінамі Шагала і Суціна