Кампанія «Кентаўр», у якой прайшлі ператрусы, падала скаргу ў Камітэт дзяржкантролю і Генпракуратуру

Ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку», ілюстрацыйнае фота

Страхавая кампанія «Кентаўр», рахункі якой заблякавалі пасьля ператрусаў на мінулым тыдні, усё яшчэ ня можа разьлічвацца з кліентамі. Праз гэта некаторыя аўтадылеры і мэдычныя цэнтры адмаўляюцца прымаць яе кліентаў, нягледзячы на гарантыйныя лісты.

«Кентаўр» разам з адвакатам падаў скаргі на дзеяньні Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў у Камітэт дзяржкантролю і Генэральную пракуратуру, сказаў tut.by дырэктар кампаніі Сяргей Прохарчык.

Рахункі кліентаў «Кентаўра» былі заблякаваныя 12 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «Белгазпрамбанку». Хто затрыманы і што вядома на сёньня?

Ператрусы прайшлі ў двух офісах кампаніі ў чацьвер, 11 чэрвеня. Пасьля іх дырэктар казаў, што ў іх канфіскавалі дакумэнты аб фармаваньні статутнага фонду, пратакол сходу акцыянэраў, базу па бухгальтарскім уліку, два працоўныя ноўтбукі, два тэлефоны. Нікога нікуды не выклікалі і не дапытвалі, абвінавачваньняў не прад’яўлялі.

«Зь „Белгазпрамбанкам“ у нас добрыя працоўныя адносіны, аснову якіх складае дамова на разьлікова-касавае абслугоўваньне. Мы супрацоўнічаем зь імі шмат гадоў, але, акрамя гэтага, супрацоўнічаем яшчэ з 13 банкамі», — казаў Сяргей Прохарчык.

Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры»).

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку»​ і патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.

Аднак пазьней старшыня Дзяржкантролю Іван Тэртэль заявіў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пікет Бабарыкі ў Бабруйску. ВІДЭА