Мастак Алесь Марачкін у карантыне падчас пандэміі каранавірусу ў Чарнагорыі намаляваў больш за паўсотні карцін, напісаў п’есу і адзначыў свой 80-гадовы юбілей.
У Менск Аляксей Марачкін прыбыў з Чарнагорыі, дзе разам з калегамі аказаўся заблякаваны ў разгар пандэміі COVID-19. Прыляцеў першым самалётам «Белавія», які скіраваўся на Балканы. Вярнуцца на радзіму ўдалося дзякуючы пачатку чартэрнай праграмы з Альбаніяй — 12 чэрвеня 200 беларускіх турыстаў выправіліся ў курортны горад Дурэс. Зваротным авіярэйсам з Тыраны ў Менск паляцелі тыя, хто з розных прычын заставаўся на Балканах.
У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як перажыў пандэмію ў краіне, якая апошняй у Эўропе сустрэла COVID-19 і першай паведаміла пра перамогу над хваробай.
Ідэальныя ўмовы для творчасьці
Мастак Аляксей Марачкін, майстар кавальскай справы Алесь Фалей, скульптарка Натальля Піневіч, рэстаўратарка Тацяна Патворава прыехалі ў Чарнагорыю на пачатку сакавіка. Мэцэнат, заснавальнік арт-рэзыдэнцыі ў горным раёне краіны Ратка Паповіч рэгулярна ладзіць пленэры для знаных мастакоў, перадусім з Расеі і Беларусі.
Гэтым разам пабыць сярод першародных краявідаў выпала чатыром беларускім творцам. Гасьцінны гаспадар «Дому мастака» забясьпечыў усіх жыльлём, харчаваньнем ды матэрыяламі для працы.
У Менск яны павінны былі вярнуцца на пачатку красавіка. Але каранавірус закрыў межы, давялося маніторыць эвакуацыйныя рэйсы расейскіх авіякампаній. Тым часам на радзіме пачаўся рэзкі рост колькасьці інфікаваных, у выніку ў «апошні вагон» заскочыла толькі Тацяна Патворава. Астатнія прынялі рашэньне застацца да аднаўленьня паветраных зносінаў.
«Умовы для творчасьці там створаныя ідэальныя. Кожны з нас меў свой пакой, а мне Ратка наогул выдзеліў палову сваёй галерэі на трэцім паверсе, — расказвае Аляксей Марачкін. — Фактычна паўнавартасная майстэрня: з вокнамі, добра асьветленая. Цэлая сьцяна была аддадзеная пад экспазыцыю маіх твораў. На знак удзячнасьці я пакінуў гаспадару 33 працы. Ну, і яшчэ 21 прывёз дадому, спадзяюся, некалі ўдасца зрабіць выставу „Пад небам Чарнагорыі“. Так што ўсё добра, настрой выдатны».
Праект, які рэалізуе Ратка Паповіч, — ягоная прыватная ініцыятыва. Арт-рэзыдэнцыя месьціцца ў жывапісным месцы Сутаморэ, крыху больш за 20 кілямэтраў ад Падгорыцы. Назва ў перакладзе на беларускую — «глухі дол». Як кажа Аляксей Марачкін, гэта сапраўды глухое месца, амаль ізаляванае ад астатняга сьвету.
Чарнагорскі прадпрымальнік добра гаворыць па-расейску, ён шмат падарожнічаў па краінах былога СССР, абазнаны ў мастацкіх працэсах. Ніякага адмысловага штату работнікаў у яго няма, дапамагаюць два этнічныя альбанцы: кухарка Дава і яе муж, «заўгас» Бойса.
Альбанская зямля для Вінцэся Мудрова
Гэта ня першы беларускі дэсант у чарнагорскім «Доме мастака». Раней тут гасьцявалі Алесь Суша, Леанід Хобатаў, Мікола і Марыя Ісаёнкі. Праўда, больш як на паўтара тыдня не затрымліваліся. Гэтым разам умяшаўся форс-мажор плянэтарнага маштабу.
«Калі межы пачалі закрывацца, Ратка прапанаваў застацца, пакуль сытуацыя не нармалізуецца, — працягвае мастак. — Забясьпечваў фарбамі, палотнамі. Мы працавалі, хоць, безумоўна, адчувалі, што апынуліся ў палоне той „кароны“. Чарнагорыя невялікая краіна — крыху больш за 600 тысяч насельніцтва. І ўрад сьвядома ахвяраваў турызмам дзеля здароўя нацыі. У выніку ўсе межы былі бестэрмінова заблякаваныя. І гэта дало плён: сюды каранавірус апошнім у Эўропе прыпоўз, і першымі тут ад яго вызваліліся. Калі ў Сэрбіі, Харватыі, Альбаніі фіксуюцца новыя выпадкі, то Чарнагорыя зьвяла статыстыку да нуля».
Першапачаткова быў спадзеў на аднаўленьне 16 чэрвеня авіязносінаў паміж Менскам і Падгорыцай, але чарнагорскія ўлады вырашылі перастрахавацца. Палётаў у Беларусь, дзе тэмпы распаўсюду каранавірусу застаюцца вялікімі, пакуль што няма. Адкрыцьцё рэйсаў з Сэрбіяй таксама пад пытаньнем. Пра «альбанскі калідор» беларусы даведаліся за тыдзень да чартэрнага рэйсу.
«Спадзеў на Сэрбію тут ня надта моцны, бо ў яе адносінах з Чарнагорыяй захоўваецца напруга, прычым ледзь не па ўсіх пытаньнях. Падобна, як у сытуацыі Беларусі і Расеі. Напрыклад, чарнагорцы змагаюцца за аўтакефальную царкву, сэрбы ж цягнуцца да Масквы, — кажа Марачкін. — Затое альбанскую мяжу прайшлі без праблемаў — праз мытню, з праверкай дакумэнтаў і г.д. Па дарозе ў аэрапорт заехалі да сям’і Бойсы — выдатныя, гасьцінныя людзі. І ўрэшце на самалёт. Праўда, у Альбанію прыляцелі 200 чалавек, а назад у салёне былі толькі сямёра, практычна пусты борт».
У Альбаніі ў Аляксея Марачкіна была яшчэ адна місія — на замову літаратара Вінцэся Мудрова. Мудроў яшчэ падлеткам зацікавіўся культурай гэтай краіны, вывучыў альбанскую мову. Цяпер на ёй піша, вядзе культурніцкі праект у сацыяльных сетках. Для сябра-пісьменьніка ўзяў жменьку альбанскай зямлі, каб перадаць памятку пра край, дзе той ніводнага разу ня быў, але ведамі пра яе можа спаборнічаць зь мясцовымі жыхарамі.
Творчы карантын у Беларусі
Цяпер Аляксей Марачкін і ягоныя калегі мусяць адбыць двухтыднёвы карантын. Нягледзячы на тое, што Альбанія і Чарнагорыя значацца ў складзеным Міністэрствам аховы здароўя Беларусі сьпісе краінаў, пасьля якіх самаізаляцыя непатрэбная. Але на пасажыраў у менскім аэрапорце склалі паперы з абавязаньнем 14-дзённай самаізаляцыі.
На трэці дзень Аляксея Марачкіна ўпершыню праверылі міліцыянты — прыйшлі ў кватэру.
У вымушанай ізаляцыі мастак пераарыентаваўся з карцін на нязвыклы дагэтуль літаратурны жанр — драматургію. Кажа, што яшчэ ў Чарнагорыі пад уплывам бурных палітычных падзей у сьвеце і на радзіме пачаў п’есу, якую так і назваў — «У палоне кароны».
«Назва двухсэнсоўная: „карона“ ўзяла нас у палон далёка ад Бацькаўшчыны, а пасьля вяртаньня на радзіму мы зноў у ролі „вязьняў“, — кажа Марачкін. — Зрэшты, гаворка ня толькі пра тое, што перажылі асабіста, накладаюць адбітак падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі. Праца ў стадыі гатоўнасьці, спадзяюся бліжэйшым часам выдаць асобнай кніжкай. У ідэале хацеў бы аддаць гэта „Свабоднаму тэатру“. Ня цешуся ілюзіямі, што сапраўды паставяць, але гэта мой роздум вакол праблемаў сёньняшняга часу — палітычных, сацыяльных, нацыянальных, мастацкіх».
Сумнай навіной па прыезьдзе дадому для Аляксея Марачкіна стала страта блізкага сябра, калегі па мастакоўскай суполцы «Пагоня» Ўладзімера Басалыгі. Да таго ж яны сваты: сын Марачкіна Ігар і дачка Басалыгі Ірына пазнаёміліся ў моладзевым адраджэнскім руху, стварылі сям’ю, дзяды радаваліся ўнукам. Дзесяцігодзьдзі Марачкін і Басалыга крочылі поруч, застаючыся ідэйнымі аднадумцамі і паплечнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юбілей падчас пандэміі. Мастак Марачкін расказаў, як вымушана сьвяткуе 80-годзьдзе ў гарах ЧарнагорыіХто такі Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ падчас армейскай службы ў Печах пад Барысавам арганізаваў дзіцячую студыю ў Доме афіцэраў, а пасьля войска асеў у суседнім Жодзіне, настаўнічаў.
Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Выпусьціў плеяду вядомых вучняў — Аляксандра Сабалеўскага, Мікалая Андруковіча, Мікалая Шышлова, Уладзімера Гладкевіча, Натальлю Піневіч ды іншых. У 1989-м адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР. У розныя гады Аляксей Марачкін — сябра аргкамітэту БНФ «Адраджэньне», першы старшыня мастакоўскай суполкі «Пагоня», якую цяпер узначальвае ягоны сын Ігар.
Кіраваў Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», адзін з заснавальнікаў грамадзянскіх ініцыятываў «Рада беларускай інтэлігенцыі» і «Экспэрты ў абарону Курапатаў», аўтар праекту «Антыкамуністычнага маніфэсту».
Аўтар цыклю працаў на актуальныя грамадзка-палітычныя тэмы, неаднаразова ягоныя крытычныя творы здымаліся з выставаў. Творчасьць мае выразны антыкамуністычны і антытаталітарны кантэкст. Двух ягоных дзядзькоў арыштавалі і забілі ў лягерах. Бацька цудам пазьбегнуў аналягічнага лёсу — каб уратавацца, мусіў зьехаць на Далёкі Ўсход. А вярнуўшыся з франтоў Другой усясьветнай вайны, даў сыну наказ — трымацца ад бальшавікоў як мага далей.