На сёлетніх выбарах прэзыдэнта ў Беларусі Аляксандру Лукашэнку «толькі цуд можа дапамагчы», заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала 15 чэрвеня ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Бо рэйтынг яго надзвычай нізкі, што мы бачым па велізарнай колькасьці людзей, якія ставяць на пікетах подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, — адзначыў Цапкала. — Людзі перасталі баяцца, і мы бачым, што фактычна за ўвесь час толькі два пікеты было за Лукашэнку, дзе падвозілі трыма мікрааўтобусамі людзей, якія сталі ў чаргу для таго, каб аддаць за яго подпісы. А так тыя пікеты, якія я бачыў, — людзі наогул да яго не падыходзяць».
У інтэрвію Цапкала згадаў пра «адміністрацыйны рэсурс», які Лукашэнка выкарыстоўвае для збору подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам. На пытаньне, ці прызна́е ён перамогу Лукашэнкі на выбарах, Цапкала адказаў:
«Калі гэта будзе нармальна, дэмакратычна, калі ў нас ня будзе ніякіх сумневаў у тым, што гэта сапраўды правільныя вынікі галасаваньня. Але для гэтага патрэбен цалкам празрысты працэс. Для гэтага неабходна атрымаць доступ назіральнікаў да працэсу падліку галасоў. Уся беларуская грамадзкасьць павінна абсалютна быць упэўненая ў тым, што выбары прайшлі нармальна, празрыста», — сказаў Цапкала і дадаў, што пры выкананьні гэтых умоваў прызнае перамогу Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала: «Падзеі вакол кандыдатаў і іх прыхільнікаў расцэньваю як спробу ціску»На пытаньне пра верагоднасьць «Майдану» ў Беларусі і гатоўнасьць да яго, Цапкала адказаў, што, на ягоную думку, «у нас ёсьць вельмі шмат іншых спосабаў не зьвяртацца да таго, што адбылося ва Ўкраіне».
«Я лічу, наогул неправамерна сытуацыю ў Беларусі параўноўваць з тым, што адбывалася ва Ўкраіне, таму што там гэта адбывалася ня ў рамках перадвыбарчых працэсаў або ня ў рамках прэзыдэнцкіх выбараў... У нас жа ідзе цяпер перадвыбарчая кампанія ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам, і народ менавіта дэмакратычным шляхам павінен выбраць сабе новае кіраўніцтва і рухацца новым курсам», — сказаў Цапкала.
Што да намёкаў Лукашэнкі пра «ўмяшаньне Расеі» ў беларускія выбары, на думку Цапкалы, цяпер Расея заняла нэўтральную пазыцыю і «будзе, натуральна, у першую чаргу арыентавацца на выбар беларускага народу».
«Я ня бачу цяпер, каб Расея нейкім чынам актыўна ўмешвалася ва ўнутрыпалітычны працэс у Беларусі», — сказаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты.
У інтэрвію ён дадаў, што яго ініцыятыўная група сабрала ўжо 180 тысяч подпісаў пры 100 тысячах неабходных, таму ён спадзяецца, што «ўсё ж такі пройдзе нармальна гэты працэс рэгістрацыі» і стане кандыдатам на сёлетніх выбарах.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.