Правы затрыманых па «справе „Белгазпрамбанку“» і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі парушаюцца, пішуць юрысты «Прававой ініцыятывы».
Храналёгія падзей
Праваабаронцы адзначылі, што на наступны дзень пасьля ператрусаў у «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях гэта ўжо камэнтаваў Лукашэнка. Роўна праз 4 гадзіны старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль заявіў, што дзяржкантроль пачаў дзьве крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нягоднік», «рыльца ў пушку», «адна шайка-лейка». Лукашэнка атакаваў Бабарыку, па справе «Белгазпрамбанку» затрымалі 15 чалавек14 чэрвеня тэлеканал «Беларусь 1» апублікаваў відэасюжэт, дзе сьцьвярджалася вінаватасьць Бабарыкі і затрыманых па справе «Белгазпрамбанку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Белгазпрамбанку» забралі знакамітую калекцыю карцін на 20 млн даляраў
Чаму гэта незаконна?
Як адзначаюць у «Прававой ініцыятыве», Бабарыка знаходзіцца на свабодзе, яго не выклікалі на допыты, зь ім не праводзілася ніякіх сьледчых дзеяньняў. Сам Бабарыка лічыць, што ператрусы і затрыманьні ў «Белгазпрамбанку» — гэта рэйдарскі захоп з боку беларускай дзяржавы, і што ўсе гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць яго.
Кіраўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава адзначае, што службовыя асобы і дзяржаўныя тэлеканалы парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці, выказваючы падобныя абвінавачваньні ў СМІ да суду.
«Прынцып прэзумпцыі невінаватасьці, замацаваны ў артыкуле 26 Канстытуцыі і ў артыкуле 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьцьвярджае, што ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе даказаная і ўсталяваная судовым прысудам. То бок да ўступленьня ў сілу судовага прысуду чалавек лічыцца невінаватым. Прэзумпцыя невінаватасьці мае асноўнае значэньне для абароны правоў чалавека: ускладае абавязкі даказваньня на абвінавачваньне і забясьпечвае, каб сумненьні ішлі на карысьць абвінавачанага», — кажа Фёдарава.
Праваабаронца падкрэсьлівае, што ўсе дзяржаўныя органы ўлады абавязаныя ўстрымлівацца ад прадказаньня вынікаў судовага разбору, у тым ліку не сьцьвярджаць пра вінаватасьць. Паводле міжнародных стандартаў, СМІ таксама павінны ўстрымлівацца ад падачы навінаў «такім чынам».
«Як мы бачым у гэтай справе, і кіраўнік КДК, і прэс-сакратар прэзыдэнта, і сам прэзыдэнт неаднаразова рабілі заявы, у якіх сьцьвярджалася пра датычнасьць Віктара Бабарыкі да злачынстваў і пра вінаватасьць затрыманых у справе „Белгазпрамбанку“. Такія заявы недапушчальныя і груба парушаюць правы чалавека».
Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях
11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.