Па 15 сутак Статкевічу, Пальчысу, Цыгановічу, 30 — Севярынцу. Суды 15 чэрвеня за перадвыбарчыя пікеты

Мікола Статкевіч на перадвыбарчым пікеце на Камароўцы, архіўнае фота

У панядзелак 15 чэрвеня працягваюцца суды над удзельнікамі збораў подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Як піша «Вясна», Эдуарду Пальчысу — 15 дзён арышту, ужо зьняволенаму Ўладзімеру Цыгановічу праз Skype — яшчэ 15 дзён.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пальчыс

Блогер Эдуард Пальчыс, які стаў вядомым праз публікацыі на сайце 1863x.com, цяпер вядзе Telegram-канал Palchys. Там ён публікаваў сярод іншага відэа з чэргаў на пікеты за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты на менскай Камароўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Пальчыса асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю» ля Камароўкі

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску Пальчысу прысудзілі 15 дзён арышту за нібыта ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі», хоць пікеты для збору подпісаў на Камароўцы былі цалкам легальнымі. Як адзначае Telegram-канал Nexta, Пальчыс «ніякіх лёзунгаў нават не выкрыкваў, а проста здымаў на відэа тое, што адбывалася».

Статкевіч і Вінярскі

Мікола Статкевіч меў выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю» на Камароўцы, але 15 чэрвеня яго зноў асудзілі — як піша яго жонка Марына Адамовіч, дыстанцыйна і ў адсутнасьць адваката. Дакладны вырак ёй адмовіліся паведаміць, але Статкевіч «знайшоўся» ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на 1-м завулку Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гадзіны ў чарзе, каб аддаць подпіс. Пікеты і затрыманьні 31 траўня. Сьцісла пра галоўнае. ФОТА і ВІДЭА

Судзіць Статкевіча мела судзьдзя суду Маскоўскага раёну Тацяна Мотыль. Як пазьней паведаміла «Вясна», прысуд Статкевічу — 15 сутак.

Таксама дыстанцыйна ў тым жа судзе разглядалі справу паплечніка Статкевіча Максіма Вінярскага. Вырак такі самы: 15 сутак арышту.

Севярынец

Сустрашыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі асуджаны ўжо на 75 сутак арышту, піша на Facebook яго жонка Вольга Севярынец. 15 чэрвеня яго асудзілі паводле яшчэ двух пратаколаў за «несанкцыянаваныя акцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынца ў турме на Акрэсціна яшчэ двойчы асудзілі на 15 сутак арышту, яго жонка заявіла пра катаваньні

«Забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна, — піша Вольга Севярынец. — Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы ня можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць.

Я вельмі прашу, калі неяк можна паўплываць на тое, што з ім робяць, дапамажыце, бо яго там заб'юць».

Першыя 15 сутак Севярынцу прысудзілі 8 чэрвеня. Яшчэ да таго выраку Севярынец меў неадбытыя прысуды на 30 сутак за акцыі пратэсту супраць «паглыбленья інтэграцыі».

MozgOn

Справу Цыгановіча разглядала ў судзе Кастрычніцкага раёну судзьдзя Вера Галаўкова. Блогер быў дыстанцыйна «выдалены» да пачатку Skype-паседжаньня, бо патрабаваў ад Галаўковай доказаў таго, што яна зьяўляецца судзьдзёй.

Сьведкам выступаў супрацоўнік АМАП Сяргей Сіманаў, які сьцьвярджаў, што Цыгановіч «выкрыкваў лёзунгі, праяўляў непавагу да ўладаў», а таксама крычаў «Жыве Беларусь!» і «Свабоду Ціханоўскаму!» на менскай Камароўцы 31 траўня. Вырак — яшчэ 15 содняў у дадатак да тых, што Цыгановіч ужо адбывае паводле прысуду трохмесячнай даўніны.

Цыгановіч — аўтар каналаў пад агульнай назвай MozgOn. На Youtube мае звыш 76 тысяч падпісантаў, на канал у Telegram падпісаныя амаль 6 тысяч карыстальнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтак рабіць нельга». Што кажа дзядуля-вэтэран пра свайго ўнука — блогера MozgON, якога адправілі на 15 сутак

Маслоўскі

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску судзьдзя Ала Бушава разглядае адміністрацыйную справу блогера Мікалая Маслоўскага. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 31 траўня, падчас збору подпісаў каля Камароўскага рынку. Вынік суду — 15 сутак арышту.

Блогер адзначыў у судзе, што яму не паведамілі належным чынам пра суд, казаў пра іншыя працэсуальныя парушэньні. Ён ня лічыць, што ў той дзень удзельнічаў у акцыі — настойвае на тым, што пастаянна перасоўваўся і вёў відэатрарсьляцыю. Маслоўскі сьцьвярджаў, што мерапрыемства каля Камароўскі было цалкам законным.
Сьведкам выступіў камандзір групы АМАП Віталь Шыш. Маслоўскі сваімі пытаньнямі заблытаў яго, і Шыш, як піша «Вясна», не змог нічога ўцямна патлумачыць.

Качурэц

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 15 чэрвеня асудзіў на 10 сутак актывіста Міколу Качурца за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня яшчэ да суду. Судовае паседжаньне праходзіла ў рэжыме скайп-канфэрэнцыі.

Міколу Качурца затрымалі ў суботу 13 чэрвеня каля свайго дома.

***

Таксама 15 чэрвеня разглядаюць іншыя справы, зьвязаныя з выбарчай кампаніяй. У Менску праходзіць дыстанцыйны суд над Максімам Вінярскім.

У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 810 рублёў. Яе судзілі паводле арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна ўзяла ўдзел у «несанкцыянаваным пікетаваньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Урбановіч заявіў пра зьдзекі ў ізалятары на Акрэсьціна

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.