Астравецкую атамную электрастанцыю будавалі больш за дзесяць гадоў. За гэты час яна ператварыла беларускі «канец сьвету» ў адзін з самых урбанізаваных рэгіёнаў краіны.
Шульнікі
Шульнікі — тыповая для Астравеччыны невялікая вёска. Адна вуліца, два дзясяткі дамоў. Навокал палі, лясы, пагоркі. У суседняй Газе фэрма з каровамі. Пасярод поля за гародамі жыхароў Шульнікаў — атамная электрастанцыя коштам 11 мільярдаў даляраў. Найдаражэйшы прамысловы аб’ект у краіне.
«Ці адкрыюць станцыю? Вядома, адкрыюць, — расплываецца ва ўсьмешцы гаспадар бліжэйшага да атамнай станцыі дому Часлаў. — Нам жа паабяцалі працягнуць дрот адтуль кожнаму да дому, каб электрычнасьць была бясплатная. Значыць, запусьцяць, як жа. Калёнку во зрабілі ў вёсцы з вадой. А то адна студня была. Цывілізацыя. А кабэль нам дакладна працягнуць проста з станцыі, вядома. Вы што, газэт не чытаеце? Усё будзе. Лукашэнка сказаў, значыць, будзе. Сказаў, што асфальт пакладуць у вёсцы, во і асфальт ёсьць. Год малой радзімы жа ідзе. Ужо другі год запар».
Часлаў сьмяецца, мы спрабуем убачыць на разьбітай вясковай грунтоўцы асфальт. Жыве ў Шульніках каля дзясятка чалавек, збольшага пэнсіянэры. Частку зь іх на зіму забіраюць дзеці ў Астравец. Сам Часлаў у Шульнікі пераехаў зь Міхалішак, раней тут жыла яго маці. Дом у Часлава невялікі, дагледжаны. Дарожкі на падворку выбрукаваныя, усё агароджана новай мэталічнай сеткай. На пытаньне пра месца працы і заробкі Часлаў зноў заходзіцца сьмехам.
«Вы з Радыё Свабода? У нас тут свабоды поўна. З жонкай на фэрме працуем. Яна доіць каровы, а я пасу. 500 даляраў атрымліваем, вядома, — зразумець, жартуе Часлаў ці гаворыць сур’ёзна, абсалютна немагчыма. — Мы тут даўно жывём. Памятаю, як толькі гэтую станцыю пачыналі будаваць. Ці хацелі пераехаць адсюль пасьля пачатку будаўніцтва? А куды? Вы думаеце, да Менску не дастане, калі што? Дастане! Не дурыце мне галаву. У Францыі 15 такіх, у Ізраілі яшчэ больш. Тут во „атамка“, тут во возера, людзі купаюцца. Нам ужо па 50 гадоў, нам ужо ня страшна».
Нажартаваўшыся, Часлаў прызнаецца, што зарабляе каля 530 рублёў, жонка — 500. Працуюць з 6 раніцы да 6 вечара, два дні праз два. Расказвае, што некалькі гадоў таму хадзіў на станцыю, хацеў уладкавацца вартаўніком. Яго паслухалі і паабяцалі пазваніць. «Звоняць» дагэтуль. Некаторым мясцовым жыхарам пашанцавала больш. Дачка Часлава працуе на «атамцы» ў сталоўцы. Пэўны час там жа працавала жонка.
«Жарты гэта ўсё. Думаеце, электрычнасьць патаньнее? — нечакана робіцца сур’ёзным наш суразмоўца. — Нашыя ўнукі яшчэ будуць выплачваць за гэтую „атамку“. Колькі ўцюхана ў яе! Крэдыты аддаваць хто будзе? Мы і будзем. Зараз газ падаражэе, скажуць ставіць электрапліты. Каб паставіць электрапліту, трэба мяняць праводку, таксама грошы. Куды яны будуць энэргію дзяваць? Латвія адмовілася купляць, Літва. Так што ня ўсе рады. Хаця ўсе, вядома. Што гэта я вам гавару. Усе рады. Вядома, усе».
Радавацца ёсьць чаму. На полі паміж Шульнікамі і БелАЭС пасеялі кукурузу (прыгожа выглядае), грунтавую дарогу побач са станцыяй пэрыядычна грэйдэруюць (часам праяжджае начальства). У Шульніках кажуць, што на самым пачатку будаўніцтва хадзілі размовы, што іхная вёска пойдзе пад знос. Вельмі ўжо блізка яна да атамнага аб’екта. Некаторыя спрытнюгі нават пасьпелі выкупіць закінутыя дамы, спадзеючыся атрымаць кампэнсацыі і новыя кватэры ў Астраўцы. Але Шульнікі пакінулі ў спакоі, зьнесьлі толькі некалькі хутароў.
«Поле тут было да станцыі, сеялі збожжа, — узгадвае Часлаў. — Некалькі хутароў стаяла, зьнесьлі. Там, дзе вайсковая частка, дзед на хутары жыў. Дык ён з ружжом сядзеў, не падпускаў да сябе нікога. Жыўшы там усё жыцьцё, не хацеў пераяжджаць. Калі пачыналі будаваць, то гаварылі — праца будзе ўсім, цяпліцы тут паставім. Вунь стаяць тыя цяпліцы (паказвае рукой у бок чыстага поля. — РС). Усе рады, вядома. Пішыце, што ўсе рады».
Астравец
Астравец — адзін з наймаладзейшых беларускіх гарадоў. Такі статус ён атрымаў ужо пасьля пачатку будаўніцтва станцыі, у 2012 годзе. Раней быў гарадзкім пасёлкам. У 1960 годзе савецкія ўлады нават забралі ў Астраўца статус раённага цэнтру (вярнулі празь пяць гадоў, у 1965-м). Да АЭС найбуйнейшым прадпрыемствам у раёне была кардонная фабрыка ў Альхоўцы. А ці не адзіным спосабам добра зарабіць — блізкая мяжа зь Літвой.
Паводле Белстату, насельніцтва Астраўца з пачатку будаўніцтва АЭС безупынна расьце. У 2011 годзе тут жылі ўсяго 8547 чалавек. У 2018-м — ужо 11 640. Можна парадавацца. Асабліва калі ня ведаць, што за той жа пэрыяд насельніцтва Астравецкага раёну скарацілася з 15,5 тысячы да 13,5. За межамі Астраўца ў раёне сёньня жывуць усяго каля 2 тысяч чалавек, большая частка на чыгуначнай станцыі Гудагай і ў мястэчку Варняны. Узровень урбанізацыі ў Астравецкім раёне з пачатку будаўніцтва АЭС павялічыўся ад 50% да 85%. Агулам у Беларусі гэты паказьнік складае каля 77,5%.
Для супрацоўнікаў Беларускай АЭС у Астраўцы пабудавалі некалькі новых кварталаў зь яркімі дзевяціпавярховікамі, гімназію, новы сучасны шпіталь (тут ёсьць нават апарат МРТ), некалькі сучасных дарог да станцыі і трасы зь Менску ў Вільню, чыгуначную галіну да АЭС. Новыя раёны гораду нагадваюць сталічную Каменную Горку ў мініятуры. Ня кожны астраўчанін, трапіўшы сюды, адразу здагадаецца, што ён у родным горадзе. Сьвежыя дамы пакуль часткова заселеныя будаўнікамі, аднак іх цяпер ужо няшмат. Плянуецца, што неўзабаве тут будуць жыць спэцыялісты з АЭС. Іх будзе штораз больш, за першым энэргаблёкам плянуецца запусьціць другі. Гэта мае адбыцца ў 2022 годзе.
Цэны на жыльлё ў 10-тысячным Астраўцы сёньня супастаўныя з гарадзенскімі. Двухпакаёўка плошчай каля 50 мэтраў каштуе каля 30–33 тысяч даляраў. У адносна недалёкай і ўдвая большай Вялейцы такую ж кватэру можна набыць на 10 тысяч таньней.
Варняны
Варняны — бліжэйшае да АЭС адносна вялікае паселішча і трэцяе памерам у раёне. Да станцыі ад Варнянаў напрасткі каля пяці кілямэтраў. Яе градырні добра відаць зь вежаў касьцёла, збудаванага ў стылі віленскага барока. У Варнянах жыве Мікалай Уласевіч, адзін зь нешматлікіх у Астравецкім раёне адкрытых крытыкаў будаўніцтва АЭС. Уласевіч шмат гадоў працаваў настаўнікам геаграфіі ў мясцовай школе, пасьля кіраваў Варнянскім сельсаветам.
«Ці веру я, што станцыя гатовая да запуску? Адкуль жа нам ведаць пра гэта дакладна, — кажа Мікалай Уласевіч. — Адзінае, што я магу сказаць, што маем падставы сумнявацца ў гэтым. Шмат там было надзвычайных сытуацыяў, шмат было чутак. Даходзіла да нас усё гэта. Я вельмі-вельмі баюся, што гэта можа скончыцца дрэнна».
Падставы сумнявацца ў надзейнасьці АЭС Уласевіч мае. Калі б не ягоны пост у фэйсбуку, Астравецкую АЭС маглі б запусьціць раней. Менавіта апублікаваная Мікалаем Уласевічам інфармацыя пра інцыдэнт з корпусам першага рэактара станцыі стала падставай яго замяніць. Праз СМІ гісторыя дайшла да самога Лукашэнкі, які загадаў спыніць будаўніцтва, пакуль ня будзе пастаўлены новы корпус.
«У 2016 годзе гэта было. Я даведаўся пра інцыдэнт з корпусам рэактара на наступны дзень, адразу амаль, — расказвае пра тыя падзеі Мікалай Уласевіч. — Напачатку не прыдаў значэньня. Дакладней, не паверыў. Я тады балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стаяў у пікетах. На пікетах розныя людзі да мяне падыходзілі, у тым ліку будаўнікі з станцыі. Пачаў распытваць. І ўсе яны пацьвярджалі, што корпус рэактару быў пашкоджаны. Я яшчэ правакаваў. Маўляў, што вы прыдумляеце. Але ўсе пацьвярджалі, расказвалі адно і тое ж. Праз два тыдні я ўжо гэта выклаў у фэйсбук. Ну, і пачалося. Магчыма, яно і безь мяне стала б вядома. Тут жа ўвесь Астравецкі раён пра гэта ведаў. Але не прыдавалі значэньня. Ну, стукнулі рэактар і стукнулі».
Мікалай расказвае, што сачыў за будаўніцтвам станцыі ад самага пачатку. Быў і на грамадзкім абмеркаваньні, арганізаваным у Астраўцы з удзелам спэцыялістаў. Кажа, што ў канцы «нулявых» раённае астравецкае начальства вельмі ганарылася тым, што першую беларускую АЭС могуць пабудаваць у раёне. Маўляў, гэта выключна станоўча адаб’ецца на разьвіцьці ўсяго рэгіёну.
«Астравец зьмяніўся, вядома, — прызнае Ўласевіч. — Шмат набудавалі там. Школу, гімназію, басэйн нейкі. А Варняны... У Варнянах наадварот. За гэтыя гады ці закрылі што, ці зьбіраюцца закрываць. Аптэку закрылі, амбуляторыю ў іншы будынак перанесьлі. Нічога тут не зьмянілася, ніякіх бонусаў мы не атрымалі. У першыя гады яшчэ можна было зарабіць на будаўніцтве, людзі кінуліся туды працаваць, мясцовыя ў тым ліку. Зваршчыкі там былі патрэбныя. Людзі атрымлівалі вялікія грошы. Але пасьля фінансавага крызісу ў Расеі (2014–2015 гады. — РС) заробкі ўпалі ў 2–3 разы. Нашы вахтавікі зусім няшмат пачалі атрымліваць. Мясцовыя яшчэ працуюць там у ахове, жанчыны пераважна. Атрымліваюць па 250–300 рублёў. Сьмеху варта. Гэта няцяжкая праца, але ж якая гэта аплата, мізэр».
Па словах Уласевіча, ніякіх пратэстаў у Астравецкім раёне супраць будаўніцтва АЭС не было. Хіба што нядаўна зь Менску прыяжджаў прэтэндэнт у кандыдаты Юры Губарэвіч з паплечнікамі. Паставіў пікет на дазволенай адлегласьці ў 300 мэтраў ад станцыі, правёў стрым у фэйсбук і зьехаў. Мясцовыя людзі гэтага нават ня бачылі.
«Ніхто тут не пратэстуе, вядома, — кажа Ўласевіч. — Нашыя людзі рахманыя. Хтосьці верыць, што ўсё будзе добра, нехта ня верыць. Але ўсё адно маўчаць. Так выхаваныя. Згодныя з усім і не супраціўляюцца. Лічаць, што ад іх нічога не залежыць».
Заробкі ў Астравецкім раёне, па яго словах, вагаюцца ў межах 400–500 рублёў. Зарабіць 1000 лічыцца ўжо супэрвынікам.
«Ня бачу я, каб будаўніцтва станцыі спыніла ад’езд моладзі з раёну, — дадае былы настаўнік. — Моладзь як зьяжджала, так і зьяжджае. Я ў Астравецкі раён прыехаў у сярэдзіне 1970-х гадоў, пасьля ўнівэрсытэту. Мясцовыя мяне сустрэлі байкай: „Астравец — сьвету канец“. Быццам далей Астраўца і няма нічога, далей паслаць няма куды. Тады насамрэч па пасёлку немагчыма было нармальна прайсьці — ямы па калена. Цяпер іншая справа, вядома. Горад ужо разбудавалі, горад выйграў ад гэтага. Але ж гэта як вам сказаць... Напэўна, шмат каго задавальняе, што Астравец стаў больш утульным, сфэра абслугоўваньня разьвіваецца. Але я ўсё адно лічу, што будаўніцтва АЭС — гэта знак бяды для нас».
Нягледзячы на сваё крытычнае стаўленьне да будаўніцтва атамнай станцыі побач з Варнянамі, Мікалай Уласевіч вырашыў скарыстацца яе выгодамі і арганізаваў электрычнае ацяпленьне свайго дома. У працэсе ўзгадненьня гэтага зь мясцовымі ўладамі высьветлілася цікавая акалічнасьць.
Аказваецца, пяць гадоў таму ў нас тут такія кабэлі паклалі, што яны ня вытрымаюць магутнасьці, — расказвае Ўласевіч. — Я літаральна выцягнуў зь іх патрэбную мне магутнасьць. 7 кіляват мне трэба было, а на трансфарматары нашым толькі 8 „лішніх“ заставалася. І я вось гэтыя 7 забраў сабе, а суседка пайшла прасіць, ёй ужо не далі. Будзем жыць побач з атамнай электрастанцыяй, а катлы электрычныя людзі сабе паставіць ня змогуць, вось такая сытуацыя».
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.