Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці ўяўляецца магчымай Плошча-2020 і яе перамога? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?
З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Віталя Портнікава, публіцыста, палітоляга, палітычнага аглядальніка ўкраінскай службы Радыё Свабода
— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Аляксандар Лукашэнка так ці інакш пераможа, будзе абвешчаны пераабраным, а пратэсты калі і будуць, то іх здушаць? Ці магчымыя іншыя сцэнары?
— Для мяне прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — гэта плебісцыт. Так што ў перамозе Лукашэнкі я ўпэўнены. Моц пратэстаў, калі яны будуць, я не бяруся ацэньваць, але пакуль што перадумоваў для іх перамогі я ня бачу. Хаця б таму, што няма моцнай альтэрнатывы Лукашэнку, зь ім ізноў змагаецца не відавочны кандыдат, а пазыцыйная масоўка. І няясна, ці зможа гэтая масоўка аб’яднаць высілкі, нават калі падчас выбараў апазыцыйны кандыдат зьявіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі палітоляг: Гульня ў прасьцяка забясьпечыла Лукашэнку яго палітычнае даўгалецьце— Беларуская перадвыбарчая сытуацыя, напэўна, выглядае даволі дзіўна, калі глядзець на яе ўкраінскімі вачыма. Прэзыдэнт Лукашэнка, архітэктар сыстэмы саюзаў з Расеяй, высылае карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу», купляе амэрыканскую нафту з падачы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо, абвінавачвае сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Галоўны ягоны канкурэнт — яшчэ месяц таму шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Хто на беларускіх выбарах 2020 году «рука Масквы», хто чый спойлер — як гэта бачыцца з Кіева?
— Гэта ня першыя і не апошнія праявы «фронды» Лукашэнкі, ён і ў мінулым карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу» ня толькі высылаў, але і саджаў. Масква гуляе ў свайго кандыдата на выбарах яшчэ з 1994 году, калі крамлёўскі кандыдат Кебіч — так і хочацца параўнаць яго з Бабарыкам — прайграў маргіналу Лукашэнку. У Крамлі не разумеюць беларускай маргінальнасьці, як не разумеюць украінскі анархізм. Але гэта не азначае, што Масква ня ўмее працаваць з пераможцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не назіраю супастаўнага з Лукашэнкам прэтэндэнта — украінскі палітоляг— На сёлетніх выбарах усе асноўныя супернікі Лукашэнкі — і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Бабарыка, і былы буйны чыноўнік Валеры Цапкала, і лідэр пратэсту Сяргей Ціханоўскі — гавораць па-расейску. Размаўляць па-беларуску яны ці ня хочуць, ці проста ня ўмеюць. На ваш погляд, ці вынікае з гэтага, што ўсе яны — «руский мир» у Беларусі?
— Калі ўлічыць высілкі Лукашэнкі па маргіналізацыя беларускай мовы, то крытэр «русского мира» у Беларусі павінен быць каштоўнасным, а не моўным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў у Беларусі перамовы аб інтэграцыі адновяцца з новай сілай, — расейскі палітоляг— Аляксандар Лукашэнка ад пачатку кампаніі паўтарае — мы не дапусьцім Майдану, я не дапушчу да ўлады «майданутых». Наколькі верагодным Вам уяўляецца беларускі Майдан (Плошча) сёлета? І наколькі верагодны яго посьпех, калі ён будзе?
— Украінскі Майдан заўсёды перш за ўсё паўстаньне за незалежнасьць. Беларуская Плошча заўсёды перш за ўсё паўстаньне супраць дыктатуры. Таму і вынікі ў іх розныя.
— Летась аўтарытарны Лукашэнка даволі нечакана прагназаваў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён даваў зразумець, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, як ён іх разумее. А які вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі сёлета адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Украіны, як іх разумееце вы?
— Нацыянальным інтарэсам Украіны адпавядае дэмакратычная сувэрэнная Беларусь, якая будзе імкнуцца ў Эўразьвяз і NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атрымала ад NATO статус партнэра з пашыранымі магчымасьцямі— А чаго, на Вашу. думку, чакае ад выбараў у Беларусі Масква, за каго «заўзее» яна?
— Маскве было б зручная дэстабілізацыя ў Беларусі, што палегчыла б працэс паглынаньня гэтай краіны.