Суд Гомельскай вобласьці 12 чэрвеня разгледзеў скаргу Сяргея Ціханоўскага на 15-суткавы арышт. Судзьдзя Васіль Бягун пакінуў у сіле рашэньне суду Савецкага раёну аб 15-суткавым арышце Ціханоўскага.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Арыштаваны блогер, якога ўжо абвясьцілі палітычным зьняволеным, асабіста не прысутнічаў на працэсе, яго дапытвалі па відэасувязі зь Менску.
«У кожным зь месцаў у Мёрах і Салігорску было ня менш за 10 чалавек, значыць, гэта зьяўляецца мітынгам», — патлумачыў судзьдзя Васіль Бягун вырак за тое, што Ціханоўскі называў здымкамі інтэрвію.
Рашэньне суду прысутныя сустрэлі крыкамі «Ганьба».
Сяргей Ціханоўскі падаў хадайніцтва аб правядзеньні відэаздымкі падчас паседжаньня, але судзьдзя адхіліў яго. Прысутныя ў залі прасілі судзьдзю павярнуць манітор у залю, бо яны ня бачаць блогера. Але судзьдзя адказаў: «Каму там яго ня бачна? Можаце выйсьці з залі, вас ніхто не трымае!»
У скарзе Сяргей напісаў, што лічыць 15-суткавы арышт неправамоцным і незаконным, прасіў адмяніць пастанову суду Савецкага раёну Гомля, бо такое рашэньне парушае ягоныя канстытуцыйныя правы — на свабоду сходаў, на свабоду слова. Суд Савецкага раёну Гомля пакараў яго арыштам за сустрэчы з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.
«Я сваю скаргу падтрымліваю, хачу дадаць, што ў нас у Беларусі дыктатар Лукашэнка захапіў усе галіны ўлады і забараняе грамадзянам выкарыстоўваць тыя правы, якія нам дае Канстытуцыя. Фабрыкуюцца крымінальныя справы, законы не выконваюцца, мяне судзяць, у нас дзейнічае сваволя. Гэта ня быў мітынг, гэта было інтэрвію, я задаваў пытаньні людзям паасобку, на камэру, пытаўся: „Як вам тут жывецца, якія заробкі?“. У Мёрах было сем чалавек, я іх па чарзе пытаўся, па адным. Гэта ня мітынг, не было транспарантаў, нічога!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прыпыніла збор подпісаў у Менску і абласных цэнтрах, асьцерагаючыся правакацый і затрыманьняўЯгоны адвакат Алег Юрчанка таксама заявіў, што не было мітынгу, «было інтэрвію, якое мой падабаронны браў у людзей. Калі недзе ёсьць людзі, то гэта ня значыць, што гэта мітынг, людзі ў населеным пункце павінны ж быць».
«Супрацоўнік міліцыі нёс пакункі з крамы, у форме, і нават не зьвярнуў увагу на гэта ў Мёрах — ня бачыў ніякага мітынгу. Ніхто нічога не завуаляваў, ніякі мітынг, як напісалі ў пастанове суду», — дадаў Юрчанка.
«Ціханоўскі ўсклаў на сябе такую адказнасьць — браць інтэрвію ў людзей, артыкул 33 Канстытуцыі дазваляе яму гэта рабіць, а суд палічыў, што ён павінен быў атрымаць дазвол на мітынг. Які дазвол, калі гэта ня мітынг?» — пракамэнтаваў адвакат.
Прысутныя прасілі супрацоўнікаў суду дазволіць маці Ціханоўскага Соф’і Яфрэмаўне ўбачыць сына. Суд адмовіў, больш за тое — у залю запрасілі міліцыю.
«Для чаго вы паклікалі міліцыю, палохаць нас?» — пачалі крычаць у залі.
«Мы прывялі міліцыю, каб быў парадак!» — сказала сакратарка.
Пасьля абурэньня людзей усё-ткі міліцыю вывелі з залі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У шоку, што людзей за сустрэчы адпраўляюць на суткі». Што казаў Ціханоўскі сёньня ў судзеЗатрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.