У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што жонка Ўладзіміра Зяленскага Алена знаходзіцца на амбуляторным лячэньні ў сувязі з пацьверджаным COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Першая лэдзі пачувае сябе добра і ня мае ніякіх сымптомаў захворваньня. Цяпер яна знаходзіцца на амбуляторным лячэньні, ізаляваная ад іншых членаў сям’і», — гаворыцца ў паведамленьні.
У сувязі з гэтым тэставаньне прайшла ўся сям’я — Уладзімір Зяленскі і дзеці. У іх вынікі адмоўныя.
У Офісе прэзыдэнта падкрэсьлілі, што Алена Зяленская ўвесь час выконвала ўсе патрабаваньні карантыну і рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя, а таксама рэгулярна праходзіла тэставаньне. Вынікі папярэдніх аналізаў на пачатку чэрвеня былі адмоўныя.
«Дзе і калі магло адбыцца заражэньне — пакуль невядома. Праводзіцца эпідэмічнае расьсьледаваньне. Усім кантактным асобам паведамілі пра патэнцыйную пагрозу інфікаваньня і рэкамэндавалі пайсьці на самаізаляцыю і па магчымасьці таксама прайсьці тэставаньне», — гаворыцца ў паведамленьні.
Зяленскі сам хацеў захварэць
Некалькі дзён таму Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Українська правда» паведаміў, што хацеў наўмысна заразіцца каранавірусам, каб на ўласным прыкладзе паказаць людзям, што «гэта страшна».
«Я хацеў прайсьці гэты этап. Каб было лягчэй людзям. Я прапанаваў нашым: „Давайце я захварэю, мяне адразу ізалюем на Банкавай (на гэтай вуліцы знаходзіцца Офіс прэзыдэнта Ўкраіны. — РС). І пражыву гэта нармальна. Каб людзі зразумелі — гэта страшна, ты можаш захварэць, табе кепска. І я празь сябе гэта прапушчу, пакажу“. Вырашылі, што занадта шмат. Перабор», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Ён дадаў, што гэтага яму не даравала б сям’я:
«Яны б сказалі, што я вар’ят. І, у прынцыпе, яны мелі б рацыю».
Паводле Цэнтру грамадзкага здароўя, за 11 чэрвеня ва Ўкраіне дыягнаставана 683 новыя выпадкі COVID-19, вылечыліся 426 чалавек, 16 памерлі ад ускладненьняў. За ўвесь час эпідэміі каранавірус пацьвердзілі ў 29 753 жыхароў Украіны, вылечыліся больш за 13,5 тысячы чалавек, памерлі 870.
Your browser doesn’t support HTML5
Пасьля дыягнаставаньня першых трох выпадкаў каранавірусу ва Ўкраіне ад 12 сакавіка ўвялі жорсткія карантынныя абмежаваньні, у тым ліку была спыненая дзейнасьць прадпрыемстваў, апроч крытычнай інфраструктуры, закрытыя межы, спынены грамадзкі транспарт і міжнародная авіязлучэньне. З 11 траўня ва Ўкраіне паэтапна аслабляюць карантынныя захады.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ