«Захацелася штосьці зрабіць для краіны». Хлопец, які выгукнуў «Жыве Беларусь!» на школьным выпускным, апавядае пра сябе

Уладзіслаў Рымашэўскі

Выпускны 17-гадоваму Ўладзю Рымашэўскаму запомніцца на ўсё жыцьцё. І не таму, што ён скончыў школу падчас пандэміі каранавірусу. На наступны дзень пасьля выпускнога хлопец стаў зоркай інтэрнэту.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У сацыяльных сетках зьявілася відэа яго прамовы на школьным выпускным, дзе Рымашэўскі ўзгадаў прэзыдэнцкія выбары, пакрытыкаваў кіраўніцтва гімназіі і выгукнуў «Жыве Беларусь!».

Свабода сустрэлася з хлопцам і яго бацькам Аляксандрам, каб даведацца, як школьнік рашыўся на такі крок.


«Я лічу, што беларусы — найлепшы народ»

Відэа з рашучымі словамі на выпускным у менскай гімназіі № 192 зьявілася на Youtube-канале крамы Symbal.by і адразу разышлося па ўсім інтэрнэце. Хутка знайшоўся і аўтар прамовы. Гэта 17-гадовы Ўладзь Рымашэўскі.

Свае словы Ўладзь пісаў загадзя, разам з бацькам. Але калі прыйшоў час казаць, расхваляваўся і сказаў па-іншаму, але сэнс захаваў. Кажа, ведаў, што шмат казаць ня трэба.

Уладзімер з бацькам Аляксандрам

«Мы мусілі расказваць вершы. Прапанавалі выбраць 11 вершаў. Я думаў, што нічога ня буду расказваць, — апавядае хлопец пра падзеі напярэдадні. — А потым зьявілася ідэя выказацца. Я напісаў у агульную размову клясы пытаньне, ці не аддасьць мне хто-небудзь верш. Адгукнулася адна дзяўчына. Яна якраз мела расказваць апошні верш. Атрымалася, што ў мяне было апошняе слова. Тады я зразумеў, што гэта знак лёсу».

Бацька хлопца Аляксандр дадае, што ідэя ў сына ўзьнікла спантанна. Ён мяркуе, што кожнаму беларусу хочацца жыць лепш. А ім з Уладзем хочацца, каб людзі разумелі, што гэта магчыма.

«Я лічу, што беларусы — найлепшы народ. Не скажу, што шмат народаў бачыў у жыцьці, але я вельмі шмат камунікую зь людзьмі ў сваёй працы. Чую, што ўсе хочуць пераменаў», — кажа Аляксандр.



«У нас мэнталітэт не баявы»

Аднаклясьнікі, кажа выпускнік Рымашэўскі, даведаліся пра задуму ў дзень выпускнога і абяцалі падтрымаць воплескамі. З блізкімі сябрамі Уладзь падзяліўся ідэяй адразу.

«Усе на мяне разьлічвалі, бо больш ніхто не насьмеліўся б сказаць. Вось я сказаў. Абяцалі пляскаць чалавек 30, а ў выніку пляскалі дзесьці 5. Напэўна, пабаяліся, што заўважаць іхныя бацькі, выкладчыкі, у якіх складзецца ня вельмі добрая думка, што тыя падтрымліваюць палітычныя погляды, якія не павінны выказвацца на выпускных. Таму яны проста стаялі і не хацелі ў гэта ўмешвацца».

Але Уладзь да канца не разумее, чаму яго падтрымалі ня ўсе. Паводле яго, пасьля ён запытаўся ў агульным чаце клясы: «Вы баіцеся, што вам штосьці зробяць? Вы ўжо скончылі школу, вам адзнакі ўжо ня выправяць».

«Хутчэй за ўсё ў нас такі мэнталітэт не баявы», — так тлумачыць паводзіны таварышаў па школе Рымашэўскі.

Што было пасьля яго прамовы, хлопец ня ведае. Кажа, што маці прысутнічала на выпускным, але сышла, калі пачула, што кажа сын, бо ягонай пазыцыі не падтрымлівае. Бацька прыйсьці ня змог, быў на працы.

«Як сказаў, пайшоў да сяброў. Яны казалі: «Малайчына!». А потым пайшоў дадому. Увечары мы сьвяткавалі ў катэджы. Калі чакаў, пакуль сябры нафатаграфуюцца, да мяне падыходзілі бацькі іншых дзяцей. Некаторыя казалі, што праз 20 гадоў я буду пра гэта шкадаваць. Калі гэта трапіла ў інтэрнэт, мне пачалі пісаць сотні чалавек».

Уладзь мае на ўвазе словы падтрымкі, якія цяпер атрымлівае ва ўсіх сетках. Людзі камэнтуюць ягоныя допісы ў Instagram і падпісваюцца на профіль.

«Кажуць, што калі ў мяне будуць праблемы, то мне дапамогуць, юрыстаў мне знойдуць. Хваляць бацькоў, просяць, каб перадаў, што малайцы, бо выгадавалі такое пакаленьне. З БРСМ напісала дзяўчынка, якая, здаецца, выказвалася на стрыме «Свабоды». Запыталася, колькі мне заплацілі за такія словы».

Канфлікт з намесьніцай дырэктаркі

Акрамя палітычнага выказваньня, на выпускным Уладзь сказаў пра сваю былую клясную кіраўніцу, намесьніцу дырэктаркі гімназіі Ганну Слабко. Паводле Ўладзя, ужо шмат гадоў паміж імі канфлікт.

«Мяне ня ўсе любяць у гімназіі. Калі намесьніца дырэктаркі скажа зрабіць штосьці, то яны [выкладчыкі] гэта зробяць. Я спадзяюся на падтрымку аднаклясьнікаў. У іх такое ж стаўленьне, як у мяне, але менш актыўнае».

На наступны дзень пасьля выпускнога, 11 чэрвеня, Уладзю патэлефанавала яго клясная кіраўніца і сказала, быццам бы ягонымі словамі зацікавіліся ня толькі ў школе, але і ў міліцыі.

«Школу мы скончылі, але застаўся чат клясы. Туды пачалі скідваць артыкулы з розных сайтаў пра мяне, пісалі, што будуць падтрымліваць, што ў выпадку чаго будуць сьведкамі на судовых паседжаньнях, калі яны будуць. Цяпер такі хайп падняўся. Думаю, дарма мне гэта ня сыдзе. Ужо напісалі заяву ў міліцыю, але я ня ведаю хто. Я не баюся, бо праўда на нашым баку».

Паводле Ўладзя, канфлікт з Ганнай Слабко цягнуўся апошнія сем гадоў. Ён кажа, што выкладчыца заўсёды ўлічвала толькі сваю думку, а даказаць штосьці ёй было немагчыма.

«Кожны месяц у мяне былі зь ёю канфлікты. Яе падтрымлівала і дырэктарка, і іншыя намесьнікі. Маім бацькам вельмі часта даводзілася хадзіць у школу. І толькі разам зь імі мы адстойвалі свае правы».

Атрымаць камэнтар ад Ганны Слабко Свабодзе не ўдалося. У адказ на просьбу паразмаўляць з дырэктаркай у школе паклалі слухаўку.

«У нас у сямʼі папулярны Сяргей Ціханоўскі»

У бліжэйшыя тыдні Уладзь плянуе рыхтавацца да ЦТ і сачыць, што будзе адбывацца вакол гэтай сытуацыі. Раней ён плянаваў паступаць у лінгвістычны, каб вывучыць гішпанскую мову. Рымашэўскі-малодшы — заўзятар футбольнай каманды «Барсэлёна». Але цяпер кажа: «Падобна, ужо нікуды [не паступлю]».

«Буду здаваць расейскую, ангельскую, гісторыю Беларусі і геаграфію. Да ЦТ з гісторыі рыхтаваўся чатыры месяцы. Паўтара сшыткі канспэктаў напісаў».

Палітыкай Уладзь Рымашэўскі пачаў цікавіцца ўвосень 2019 году, калі больш актыўным стаў канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни». Пра яго хлопцу расказаў бацька.

«У нас у сямʼі вельмі папулярны Сяргей Ціханоўскі, нас хвалюе ягоны лёс. Мне вельмі не падабаецца ўся гэтая сытуацыя. Часткова ў яго падтрымку. Гэта наш галоўны ідал, так бы мовіць. Ён так за нас усіх стараецца. Захацелася штосьці зрабіць для краіны. Сабраўся і рашыўся сказаць гэтыя словы».

Паводле выпускніка, ён ніколі не выказваў палітычных поглядаў у клясе ці школьным чаце — толькі ў асабістых размовах зь сябрамі і бацькам. Калі б Уладзь быў паўналетним, то на прэзыдэнцкіх выбарах найперш галасаваў бы за Сьвятлану Ціханоўскую. На другім месцы ў яго Валер Цапкала, а потым Віктар Бабарыка.

«Я не шкадую, што гэта зрабіў, а, наадварот, адчуваю гонар за сябе. І што бацьку не падвёў», — рэзюмуе хлопец.

Паводле бацькі хлопца, і ён, і сын усьведамлялі, што пасьля такога дзеяньня могуць узьнікнуць праблемы: «Мы ўсе бачым, што людзі атрымліваюць пакараньні штрафы, сядзяць у турмах».

Ён дадае: ягоны сын выказаў тое, «што хочуць сказаць большасьць беларусаў».

«Але ня кожны на гэта здольны. Я неяк глядзеў стрым Сяргея Ціханоўскага зь Бярозы. Там адзін трактарыст сказаў такую фразу: »Мы ўсе пад каўпаком«. Я не баюся, бо ўжо хопіць баяцца. Я маю мару. Каб кожнаму беларусу, які будзе за мяжой ехаць на сваёй машыне, пачыналі сыгналіць, як гэта было каля Камароўкі, як гэта было каля ўсіх „плошчаў“. Каб людзі ганарыліся намі, бо мы штосьці змаглі зрабіць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.