Акцыянэры заявілі пра падтрымку «Белгазпрамбанку» ў сувязі зь ператрусамі

«Белгазпрамбанк»

Акцыянэры «Белгазпрамбанку» — Публічнае акцыянэрнае таварыства «Газпром» і Банк ГПБ — заявілі пра поўную падтрымку банку і гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню сытуацыі. Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».

У прэс-рэлізе пацьверджана, што 11 траўня ў будынку «Белгазпрамбанку» Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю «ажыцьцяўляе працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да шэрагу юрыдычных і фізычных асобаў».

У ім таксама падкрэсьлена, што гэтыя падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, выкананьне прынятых на сябе абавязаньняў і абслугоўваньне кліентаў, плацяжы якіх ажыцьцяўляюцца ў звычайным рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» завялі крымінальную справу

11 чэрвеня пачаліся ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанку», які 20 гадоў узначальваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, і ў шэрагу іншых прыватных кампаній.

З раніцы 11 чэрвеня да «Белгазпрамбанку» прыехалі 50 чалавек у масках, там пачаўся ператрус. У дачыненьні да былых і цяперашніх кіраўнікоў завялі крымінальную справу па двух артыкулах: ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры; легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры.

Ператрус у «Белгазпрамбанку» прыехалі рабіць на машынах без нумароў. ФОТА

10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаній, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Лукашэнка даручыў выпрацаваць схему з генэральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, сьледчыя органы і «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».

«Белгазпрамбанк» дзейнічае ў Беларусі з 1990 году. Расейскім кампаніям «Газпром» і «Газпромбанк» належыць па 49,8% акцый «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка ўзначальваў «Белгазпрамбанк» зь сярэдзіны 2000 году да траўня 2020-га, калі абвясьціў пра свой намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ціск на мяне». Бабарыка адрэагаваў на ператрус у «Белгазпрамбанку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады рэалізуюць брутальную спэцапэрацыю супраць асноўных апанэнтаў Лукашэнкі, — Карбалевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеяньні сьледчых носяць палітычны характар». Што сказаў Бабарыка пасьля ператрусу ў «Белгазпрамбанку». ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Белгазпрамбанк» і прыватныя кампаніі, дзе адбыліся ператрусы