Данута Бічэль: «Паэзія Арсеньневай як Ніягарскі вадаспад»

Данута Бічэль

11 чэрвеня стане вядомае імя ляўрэата прэміі імя Натальлі Арсеньневай. У кароткім сьпісе трое прэтэндэнтаў, чые леташнія паэтычныя кнігі журы вызначыла лепшымі. Гэта «Чорныя макі» Вольгі Гапеевай, «Школа травы» Андрэя Хадановіча і «Гускі вяртаюцца» Дануты Бічэль.

Данута Бічэль ліставалася з Натальляй Арсеньневай і згадзілася расказаць пра сваю перапіску зь легендарнай паэткай, чыё імя носіць галоўная паэтычная прэмія Беларусі.

— Спадарыня Данута, яшчэ за савецкім часам вы ліставаліся зь легендарнай заакіянскай беларускай паэткай Натальляй Арсеньневай. Раскажыце, калі ласка, як пачалося ваша эпісталярнае сяброўства?

— У Беластоку я даведалася адрас Натальлі Арсеньневай і напісала ёй. Яна мне хутка адказала, 8 студзеня 1988-га я атрымала першы яе ліст да мяне. Я напісала зноў. Наступны ліст атрымала толькі 1 лістапада 1988-га, таму што ў той год адбывалася сустрэча беларусаў сьвету і яны ў Прошчы, у Канадзе, паставілі і асьвячалі Крыж «За долю і шчасьце Беларусі». Там, на пагорку, эмігранты стаўляюць крыжы ў памяць аб сваіх краінах. Натальля прыслала мне памятную паштоўку і верш «Крыж».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мех бульбы за верш. 10 фактаў пра Дануту Бічэль з нагоды 80-годзьдзя паэткі

— Ці заўсёды даходзілі вашы лісты Арсеньневай, а яе вам?

— Усе лісты даходзілі, толькі часам ішлі вельмі доўга. І Натальля не заўсёды адразу адказвала. Былі прычыны. Яна ў такім веку апекавалася ўнукамі і хворымі бацькамі памерлай нявесткі. А калі яна перастала адказваць мне на лісты, наша перапіска перарвалася. Магчыма, мне трэба было пісаць ёй далей, але я гэтага не рабіла.

— Пра што вы пісалі да яе? І што яна вам паведамляла ці апавядала?

— Пра што яна мне расказала — найлепей зьмясьціць яе лісты і прачытаць іх. Я не рабіла копіі са сваіх лістоў. Мы перапісваліся ў такі добры час, калі было шмат яшчэ энэргіі на грамадзкую працу. Мы ядналіся ў суполкі, езьдзілі да вас, а вы да нас, езьдзілі ў Вільню да Кастуся Каліноўскага, пад Вострую браму, на зьезд БНФ «Адраджэньне», дапамагалі Міхалу Ляпеху прыбіраць сьмецьце ў Кушлянах, вывучалі гісторыю рознымі спосабамі. Я зьбірала экспанаты ў музэй Максіма Багдановіча і такіх цудоўных людзей знайшла на Горадзеншчыне, як Корзун у Гальшанах, Васіль Логаш на Сьвіцязі, Іван Говар у Іўі, Зоська Верас у Вільні… Пра гэта я і пісала ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытачка Бічэль: Не чытаю д’ябальскай літаратуры

— Колькі лістоў Натальлі Арсеньневай захавалася ў вас? Ці друкавалі іх? Ці зьбіраецеся недзе апублікаваць?

— У той час я перапісвалася ня толькі з Натальляй Арсеньневай. З Раісай Жук-Грышкевіч, напрыклад… Яны дасылалі мне ў музэй часопісы і кнігі. Усе лісты, часопісы і кнігі я пакінула ў фондах музэю Максіма Багдановіча. Натальля прыслала мне кнігу «Між берагамі» з аўтографам: «Дарагая Данута, дзеляць нас з вамі адлегласьці ў тысячы міляў, але чуемся мы, быццам лучыць і нас, і нашую творчасьць нешта непадзельнае і чарадзейнае, а гэта слова — Беларусь! Ці ж не? Хай жа будзе яно, гэта слова, і з намі заўжды і ўсюды. Натальля Арсеньнева, 1989». І кнігу я пакінула ў музэі Багдановіча ў Горадні. Я там пакінула ўсе кнігі з аўтографамі і лісты — як іначай зьбіраць музэй? Лісты Натальлі Арсеньневай да мяне апублікаваныя ў «Нашай веры», № 2, 2007, у кнізе ўспамінаў «Хадзі на мой голас» (2008). У «Беларускім кнігазборы» (2016) чамусьці са скаротамі.

— Што дала вам як паэтцы і чалавеку гэтая перапіска?

— Я навучылася пісаць лісты: бязь лішніх эмоцый, без бытавых дробязяў, без абгавораў сябровак, безь пералічэньня крыўдаў, безь мітусьні — глябальна, спакойна. Перасылаць у лісьце добрыя зьвесткі, якія не паблякнуць, пакуль ліст дойдзе; дзяліцца любоўю, спакоем і значнымі падзеямі для душы.

Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Вільня, 1937

— Што для вас цяпер значыць творчасьць і асоба Арсеньневай?

— Вершы Натальлі Арсеньневай чытала са студэнцкіх гадоў у віленскіх часопісах у архіве. Вершы Арсеньневай натхнялі на творчасьць, зьдзіўлялі эмацыйнасьцю! Адкуль на фоне нашай прыроды такое пачуцьцёвае буйства, такая сьвяточнасьць? Яе паэзія як Ніягарскі вадаспад: высокая, глыбокая, акіянская, нястрымная, як бы паэтка прадчувала сваё будучае жыцьцё не сярод сьціплай прыроды, а сярод дзікіх рытмаў; хрысьціянская, але язычніцкая, яна лавіла сваім пачуцьцём бязьмежнасьць і зьнішчала спакой традыцыйных дактыляў, анапэстаў. У беларускай паэткі — не вясковая, элітная мова.

Натхнялі мяне ня толькі вершы паэткі. У часопісе «Калосьсе» была зьмешчана фотка — яна і Максім Танк. Я ўяўляла, якія яны шчасьлівыя, бо прыгожыя, мае любімыя паэткі — Цётка, Натальля, Канстанцыя, Ларыса… Натальля прыслала ў музэй фотку зь Яняй Каханоўскай, бабуляй Данчыка… І ў тым узросьце ў Амэрыцы яны ня страцілі прыгажосьці!

Натальля Арсеньнева стварыла «Малітву», якую ў касьцёлах і ў цэрквах, на мітынгах і над магіламі засьпявала Беларусь, калі зноў прачнулася пасьля доўгай няволі. Боль матчынага сэрца, якая страціла роднага сына ня ў бітве і не на бальнічным ложку, а ў тэатры, куды людзі зьбіраюцца атрымаць пазытыўныя эмоцыі; матчына гора дало такі выбух мастацкай сілы, які адклікнуўся ў сэрцах усіх беларусаў. Так ствараюцца гімны, якія ўздымаюць і яднаюць народы.

Я не адразу зьвяртала ўвагу на знакі, якія нам пасылаюцца зь неба. А гэты Знак — сяброўка-паэтка Ніна Мацяш, якая прыйшла на сьвет у той жа дзень, што і Натальля Арсеньнева, і сваёй мужнай працай у літаратуры дала нам прыклад трываньня і высокага духу. Вы, Валянціна, таксама ж вучыцеся ў паэткі Натальлі Арсеньневай, я гэта бачу па вашай паэзіі, чытаю вас і цешуся.

* * *

Лісты Натальлі Арсеньневай (20.09.1903 –​ 25.06.1997) да Дануты Бічэль

8.01.1988 г.

Даражэнькая Данута!


Вярнулася ад знаёмых з Канады ў мінулым тыдні, засьпела Ваш ліст, ён чакаў мяне тут амаль тры тыдні, дык сьпяшаюся адказаць.

Перад усім, вельмі цешуся, што пакрысе знаёмімся, пачынаем перапісвацца, чуцца адной сям’ёй. Я тут, у Рачэстары, чуюся вельмі самотнай. Беларусаў тут амаль няма. Але трымаю ўсе гэтыя амаль 20 гадоў шчыльную сувязь з Ню-Ёркам і больш-менш у курсе ўсіх нашых спраў. Жывём мы таксама вельмі сьціпла і супакойна, выгадавала сыну парачку — унука і ўнучку. Але яны яшчэ ня жэняцца, хоць унук жыве асобна. Унучка скончыла каледж і ўжо другі год працуе. У нашым Рачэстары жыцьцё плыве вельмі супакойна. Гэта досыць вялікае места, каля 300 000 жыхарства, ёсьць вялікі ўнівэрсытэт, палітэхніка й кансэрваторыя, але мы амаль ніякага ўдзелу ў жыцьці горада не бяром. У нас тут, як для мяне, лепшыя разрыўкі — гэта возера Антарыё, колькі паркаў, якія больш падобныя да лесу, адным словам, прыгожая жывая прырода. Ці паверыце, што ў парку, які да нас блізка, шмат грыбоў, сапраўдных «нашых» баравічкоў! І наогул, вакол вельмі прыгожа, не верыцца, што жывём у такім вялікім месьце. Больш пакуль што нічога не пішу. Калі гэты ліст атрымаеце, напішу больш. Вашая Н. А.

1.11.1988

Даражэнькая Данута!


Даўно ўжо, яшчэ ў верасьні, атрымала ад Вас другі ліст, ішоў ён вельмі хутка, а не адказвала я таму, што чакала адбіткаў з цыклю «Эўфрасіньні Полацкай», якія мне абяцалі прыслаць з Ню-Ёрку, а тады рыхтаваліся да гэтак званай Сустрэчы Беларусаў, што адбываюцца тут што пару год. Сёлетняя, найбольшая, прыехалі на яе людзі з усяе Амэрыкі, з Эўропы, нават з далёкай Аўстраліі. Супала наша сустрэча з 1000-годзьдзем хрысьціянства на Беларусі. У сувязі з гэтым беларусы Амэрыкі выдалі паштоўку Крыж Эўфрасіньні, якую пасылаю ў гэтым лісьце Вам, а ну ж дойдзе. Гэта была б цудоўная ілюстрацыя да Вашага верша «Крыж».

У праграме сустрэчы было высьвячэньне з гэтае нагоды вялікага драўлянага Крыжа ў Прошчы, якіх 200 кілямэтраў ад Таронта ў Канадзе.

Тут некалі, яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя, мясцовыя індыяне замучылі і забілі двух французскіх манахаў-місіянэраў, Канада тады належала Францыі. З гадамі гэты прыгожы ўзгорак над лясамі й вазёрамі стаўся прошчаю, куды прыходзілі людзі са сваімі бедамі і просьбамі, маліліся. Ля падножжа ўзгорку вырас гарадок. У самой прошчы пабудаваная вельмі вялікая і прыгожая капліца. А тады эмігранты з усяго сьвету пачалі будаваць і стаўляць у памяць сваіх родных пакінутых краінаў на гэтым узгорку свае крыжы і помнікі.

Цяпер ёсьць 40 гэткіх памятак, не было толькі беларускай. І вот сёлета ўдалося сабраць грошы й паставіць на самым шчыце ўзгорку й беларускую памятку — высокі Крыж, вельмі прыгожы, хоць просты, драўляны. Выглядае ён цудоўна, а ўнізе — лясы і азёры.

Сустрэчы трывала два дні, а на трэці паехалі ў Прошчу асьвяціць Крыж.

«За долю й шчасьце Беларусі». Суседзямі нашымі крыху ніжэй Югаславы й Філіпінцы. Пасылаю Вам прысьвечаны гэтай урачыстасьці верш, які, як і Ваш, называецца «Крыж». Быў на сустрэчы Сакрат Яновіч з жонкаю Таняй з Беластоку, быў ён і ў Прошчы. Прыяжджалі ў ЗША Оля Корбут з мужам, Данчык, унук мае найбліжэйшай сяброўкі Яні Каханоўскай (з Луцкевічаў), якая жыве ў Ню-Ёрку, езьдзіў з імі па Амэрыцы як перакладчык. А вось і мой верш.

Крыж

Як вокал скінуць — сьцяг пушчаў сініх,
за пушчай далеч яшчэ сіней.
А тут, на ўзвышшы, стаіць над імі
наш Крыж, прыгожы, маўляў у сьне.

Шмат чулі сьвету Крыжы маленьняў,
шмат просьбаў, выказаных бядой,
прыйшлі мы ў Прошчу сагнуць калені,
сьвяціць не нечы ўжо Крыж, а свой.

«Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
Краіну нашу…» — маліўся хор,
і ўторыў натаўп, і сьпелай нівай
хінуўся, ветру наперакор.

А вецер дужаў, кудысь аблокі
зусім па-восеньску ўжо плылі,
маўчала Прошча, унізе ж далёка
сінелі зарасьнікі й палі.

— Магутны Божа, — без слоў прасілі
мы ўсе, а рукі ўзьняўшы ўвыш,
стаяў нязрушна на ўзгорку схіле
ён, гэткі родны ўжо сэрцу Крыж.

Тут дождж на ймгненьне каменьне спляміў,
рассыпаў кроплі ў траве, у лісьці.
Няйнакш — і Нехта дзесь там, над намі,
наш Крыж вадою сьвятой хрысьціў.

5.09.1988

Калі мой гэты ліст атрымаеце, зараз жа адпішыце, хацелася б, каб Вы атрымалі паштоўку. А пакуль што, бывайце здаровы.

Вашая Н. А.

Натальля Арсеньнева

Рачэстар 22.10.1989 г.

Даражэнькая Данута!

Не крыўдуйце на мяне, што гэтак доўга не адпісвала на Ваш ліст, але мае хатнія абставіны гэтак склаліся, што ўсё давялося адкласьці набок. Справа ў тым, што жыву я з сынам. 20 год таму давялося мне кінуць усё наладжанае жыцьцё ў Ню-Ёрку, кватэру, працу, сяброў і ехаць да сына ў Рачэстар — ён застаўся з двума нялетнімі дзецьмі на руках пасьля сьмерці жонкі й прасіў мяне дапамагчы яму з імі. Ён у мяне застаўся адзін (старэйшы загінуў у часе вайны ў 1943 годзе), й я не магла яму адмовіць, кінула ўсё й прыехала да сына, выгадавала дзяцей (хлопцу было тады 8, а дзяўчыне 4 з паловай гады), і вось ужо і сын праз колькі месяцаў выходзіць на пэнсію (яму якраз споўнілася 65 год), і дзеці вырасьлі, але й мне ўжо мінула 20 верасьня 86 год!

Так што, здавалася б цяпер я магла б ужо ўздыхнуць свабодна, але насунулася іншая бяда: бацькі мае памерлай нявесткі, якія жылі дагэтуль у добрым здароўі ў Фларыдзе і якіх мы наведвалі штогод у іхняй там блізу курортнай мясцовасьці (ім аднаму 86, а другому 82 гады), раптам пачалі хварэць, і мне давялося туды ехаць іх даглядаць, бо сын мой не мог кінуць працы, а ўнучка таксама працуе, ды й што там яна магла б дапамагчы.

Вось я й была там усё лета, справы ў іх зусім дрэнныя, чым гэта ўсё кончыцца, не ведаем, а тут захварэла ўнучка — на ейную машыну, калі яна ехала з працы, наехаў нейкі п’яніца, і ў выніку ў ейнай сьпіне пашкоджаны 4 пазванкі, боль быў страшны, не магла ні сядзець, ні ляжаць, цэлы месяц не працавала. Цяпер лепш, ужо працуе, пакуль што паўдня, але я зноў занялася хатняй працай і ўсімі справамі, не гаворачы ўжо аб маральных перажываньнях. Я, вядома, не скарджуся, у жыцьці ж усяк бывае, але ўсё ж лепш, каб усіх гэтых клопатаў не было.

Але цяпер, даражэнькая, ужо купіла вялікі канвэрт і бяруся высылаць Вам маю кніжку, тым больш што ў міжчасе выйшаў дазвол на перасылку ў СССР літаратуры (кніг, журналаў і т. д.). На мінулым тыдні атрымала ліст з БССР ад В. Аксак, між іншым, яна піша, што бачыла й чытала маю кніжку «Між берагамі»… «добрыя людцы далі пачытаць», яна піша.

«Між берагамі» выйшла ў сьвет 10 гадоў таму назад невялікім тыражом і засталося іх ужо вельмі мала, у мяне асабіста ўсяго 3 экзэмпляры, адзін высылаю Вам. Рэшта, колькі іх там ёсьць, собскасьць Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Ню-Ёрку, старшыня Вітаўт Кіпель. Ведаю, што ён выслаў пару разоў у Менск па 5 кніжак, і яны там ходзяць па руках, «добрыя людцы даюць чытаць», як піша Валя Аксак.

У нас сёлета было вельмі гарачае й засушлівае лета, дык грыбоў, на жаль, не было зусім. А цяпер ужо запраўдная восень. Дрэвы стаяць усе ў золаце, і гэтак прыгожа, што аж сэрца сьцісканецца!

Вашая Н. А.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка, якая марыла, каб беларусы ператварыліся ў вікінгаў і скінулі зь сябе панаваньне Масквы

10.02.1991 г.

Даражэнькая Данута!

Учора атрымала ад Данчыкавай бабці, а маёй адзінай запраўднай сяброўкі Яні ліст і Вашу кніжку «А на Палесьсі». Пакуль кніжка да мяне нарэшце трапіла, мінула гэткім чынам шмат месяцаў. Яна піша, што нечага шукала й знайшла яе на дне бюрка. Відаць, Данчык, якому кніжку перадала Вера Бартуль, паклаў яе яшчэ ўлетку ў шуфляду й забыўся аб ёй. Ведама, «у маладых вецер у галаве», як Яня піша. Вельмі цешуся, што кніжка ўсё ж у мяне ўрэшце рэштаў, вельмі Вам за яе дзякую. Мне вельмі падабаюцца Вашыя вершы пра нашую даўніну, пра Эфрасіньню Полацкую, пра Ўсяслава Чарадзея, Лазара Богшу… Як шкада, што Вас не было на сустрэчы беларусаў у Кліўлендзе сёлета. Гэта была запраўдная сустрэча пасьля столькіх год накіданай нам варажнечы, зялезных заслонаў, маны… Я ўсяго пару тыдняў па досыць цяжкае апэрацыі, усё ж наважылася таксама пацягнуцца на сустрэчу і не шкадую, бо так цудоўна было пачуцца й нам і нашым сябрам — беларусам з-за мяжы, з Менску, адным непадзельным цэлым, дзецьмі аднае Бацькаўшчыны — Беларусі!

Сустрэча аднак мінула й засталіся адно ўспаміны. Невясёлая штодзённасьць. Увесь апошні год крыху хварэю, прычапілася нейкая трасца з роду вірусных захворваньняў, кашляю, глытаю антыбіётыкі, а хвароба трымаецца. Ну, можа, як прыйдзе вясна, пацяплее, пачуюся лепш, увесь вольны час аддаю перапісцы, адказам на лісты з Беларусі, а таксама з Польшчы… Дзякуй Богу, што памяць мая яшчэ добра служыць, хоць мне ідзе ўжо 88-ы год. З гэтае прычыны не крыўдуйце, калі не заўсёды мо ў пару адказваю на лісты, а з кожнага Вашага ліста вельмі цешуся, бо веру, што жыве Беларусь і будзе жыць.

Вашая Натальля Арсеньнева.

Травень-чэрвень 1991 г.

Даражэнькая Данута!

І з вялікім спазьненьнем адказваю на Ваш ліст… Крыху хварэла сама. А тут у мае ўнучкі — яна са мной жыве — лекары знайшлі дыябэт і астму… Ну, але, як кажуць, Бог не без міласьці. І лекары абяцаюць яе падлячыць. У нас сёлета была вельмі цёплая вясна, а цяпер вельмі сухое і гарачае лета. Трава пасохла, ужо не зялёная, але жоўтая і рудая, як у Афрыцы. Грыбоў сёлета не будзе зусім, так што і на гэтую прыемнасьць — зьбіраньне грыбоў — спадзявацца не даводзіцца. Хіба пад восень, калі раздажджыцца, нейкі спрытнейшы грыб высуне галоўку. Пасылаю Вам мой верш «Чарнобыль», ён быў зьмешчаны ў апошнім нумары тутэйшай беларускай газэты «Беларус»…

Атрымліваю лісты з Беларусі, просяць маіх кніжак і фатаграфіяў — а іх і я не маю. Вайна засьпела мяне ў хворай мамы ў Вільні, мы жылі тады з мужам і хлопцамі ў Пултуску, там усё прапала і пагарэла ў першыя дні вайны. Тое-сёе знайшлося ў Вільні ў людзей, трохі фатаграфіяў у маміным альбоме.

Мама памерла 15 верасьня, я, пахаваўшы яе, узяла альбом. Выводзячы з дому на высылку ў Казахстан, забралі гэты альбом.

Ваша Н. А.

Чарнобыль (у 5-я ўгодкі)

Вось ранак. Ужо на парозе
я спыняю зьнянацку хаду:
надта хораша зноўку бярозы
карагоды на ўзгорку вядуць.

Іх імклівыя рукі на сіні
далячынь ткуць празрысты вузор.
Курапаты, Чарнобыль, Хатыні
ім не засьцяць ні вёснаў, ні зор.

Мне ж… мне мроіцца іншае раньне:
хлопчык з пужкаю… статак… раса…
Упершыню ў поле выгнаў ён сяньня,
красавік… Люба ў сонцы гайсаць!

Сонца ж скрозь! У ваччу, у лазовым
жоўтым пухам прыбраным гальлі,
нат у шчаснасьці той без назову,
ад якое аж сэрца баліць!

І няўпрыцям нікому з худобы
чалавечай, што стоены сьцень,
чорны сьцень, найчарнейшы — Чарнобыль —
ужо крые, пакрыў іхны дзень.

Што з худой пастушковае жменькі
хутка выпадзе пужка, што ён,
як і безьлічы меншых, маленькіх,
хутка прымуць пакутлівы скон.

Што ўзноў над маёй Беларусяй
прарасьце, забуяе бяда,
што… ды лепей вазьму памалюся,
да людзкога і свой боль дадам.

Божа, Божа! Адзіны ў сусьвеце,
хто ўсё знае, усё можа, — зрабі ж,
каб за нас не пакутвалі дзеці,
не яны каб, а мы несьлі Крыж!

20.01.92 г.


Даражэнькая Данута!

Атрымала сёньня Ваш ліст, ішоў больш за месяц, але ў нас гэта не дзіва ў перадсьвяточны час. Летась адзін ліст з каляднымі віншаваньнямі я атрымала перад самым Вялікаднем у Вялікую Пятніцу. Спачуваю Вам, што хварэеце, бо нездароўе адбіваецца на пачуцьцях. Я таксама… толькі-толькі пачынаю ачуньваць ад зацяжной прастуды… А да вясны яшчэ далёка. Але дзень ужо падаўжэў на паўгадзіны — і крыху палягчэла на сэрцы. А на Грамніцы, да якіх толькі два тыдні, дзень ужо прыбудзе на цэлю гадзіну! Не сьмейцеся з мяне, але я заўсёды адчувала і адчуваю лучнасьць з прыродаю і залежнасьць ад яе. Таму і трываю тут.

Мы тут перажываем, што ў Беларусі ўсё перамянілася захутка, баюся, што людзі будуць яшчэ больш пакутаваць, і таму не магу, не ўмею цешыцца, што Беларусь ужо не БССР, а Belarus, як пішуць цяпер тут газэты, і шмат хто дзівіцца, што ў маёй паэзіі я аптымістка, а на сучаснасьць гляджу пэсымістычна. Ну дай, Божа, каб усё скончылася добра. Цалую моцна.

Ваша Н.А.

***

Натальля Арсеньнева, па мужу Кушаль, беларуская паэтка (нарадзілася ў Баку 20 верасьня 1903 г., памерла 25 чэрвеня 1997 г., пахаваная ў Рочэстэры, ЗША). Бацька быў службоўцам, па жаночай лініі паходзіў з роду Арсеньневых, які даў паэта М. Лермантава. У Вільню пераехалі пасьля нараджэньня Натальлі. У час вайны паехалі ў бежанства ў Яраслаўль, у 1920-м вярнуліся ў Вільню, Натальля скончыла Віленскую беларускую гімназію. Яе настаўнікам быў Максім Гарэцкі. Была вывезеная зь дзецьмі ў Казахстан. У 1944-м выехала ў Нямеччыну. З 1950-га жыла ў ЗША. Кнігі: «Пад сінім небам»(1927), «Між берагамі» (1979).