Грандыёзны плян, у адпаведнасьці зь якім на тэрыторыі Польшчы мусіла зьявіцца амэрыканская вайсковая база, якую палякі ў 2019 годзе паабяцалі назваць «Форт Трамп» у гонар дзейнага прэзыдэнта ЗША, падобна, праваліўся, паведамілі агенцтву Reuters некалькі крыніц: бакі не змаглі дамовіцца аб фінансаваньні і наконт месца разьмяшчэньня гарнізону.
Прадстаўнік адміністрацыі ЗША, знаёмы з сытуацый, заяўляе, што ідэя была асуджаная на правал з самага пачатку.
«Форту Трамп ня будзе», — кажа крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканцы не пабудуюць у Польшчы «Форт Трамп», супраць якога былі Лукашэнка і ПазьнякУ чэрвені 2019 году прэзыдэнты ЗША і Польшчы дамовіліся аб дадатковай адпраўцы 1 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў у Польшчу для ўмацаваньня абароны NATO супраць Расеі і ў мэтах паляпшэньня двухбаковых сувязяў. Праект стварэньня амэрыканскай вайсковай базы ў Польшчы атрымаў неафіцыйную назву «Форт Трамп» у гонар дзейнага прэзыдэнта ЗША, які падтрымаў гэтую ідэю.
Аднак ідэя будаўніцтва базы ў выніку была адхіленая. Прадстаўнікі Вашынгтону і Варшавы кажуць, што ўрады абедзьвюх краін так і не змаглі дамовіцца аб тым, дзе разьмясьціць амэрыканскіх вайскоўцаў, а таксама, колькі Варшава мусіць заплаціць за будаўніцтва базы.
Польскія ўлады хацелі разьмясціць амэрыканскіх вайскоўцаў недалёка ад усходняй мяжы з Беларусьсю, якая зьяўляецца саюзніцай Расеі. Аднак гэты крок напэўна выклікаў бы незадаволенасьць Масквы, і таму Вашынгтон настойваў на разьмяшчэньні базы на захадзе Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што перастаў быць прыхільнікам ТрампаПершапачаткова Варшава плянавала выдзеліць на стварэньне базы 2 млрд даляраў, аднак цяпер такое фінансаваньне не пад сілу бюджэту краіны, зьнясіленым барацьбой з выбухам каранавірусу. Зрэшты, ЗША адразу хацелі, каб Варшава інвэставала больш сродкаў у гэты дарагі праект.
Акрамя таго, яшчэ адным спрэчным момантам стаў юрыдычны статус амэрыканскіх вайскоўцаў, якія базуюцца ў Польшчы. Цяпер у краіне на аснове ратацыі служаць каля 4,5 тысячы салдат ЗША. Вашынгтон хацеў павысіць прававой імунітэт сваіх вайскоўцаў, які патрэбен у сытуацыі, калі амэрыканскі вайсковец абвінавачваецца ў злачынстве на тэрыторыі Польшчы. Варшава не пагадзілася з гэтым патрабаваньнем.
Перамовы на вышэйшым узроўні, у ходзе якіх плянавалася абмеркаваць спрэчныя пытаньні, былі прызначаны на сакавік. Аднак іх адмянілі пасьля таго, як намесьнік міністра абароны ЗША Джон Руд пакінуў свой пост на патрабаваньне Трампа, сказала крыніца ў Вашынгтоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Грузіі выступіла супраць разьмяшчэньня ў краіне вайсковых базаў ЗША