Дзясяткі людзей, якія ставілі подпісы, але адмаўляліся казаць, што думаюць. Моладзь, што «прыйшла паглядзець на цырк». Фразы не да месца пра «нам казалі прыйсьці». Паэт-«лукашыст», які ў душы падтрымлівае Ціханоўскую. Пікет, які зьявіўся і зьнік роўна па гадзіньніку. Што адбывалася на зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Горадні 10 чэрвеня.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі>>
Пікет № 1
Горадня аказалася другім горадам, дзе стала вядома пра пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта № 1 на месца прэзыдэнта.
Ён быў анансаваны ў сацыяльных сетках з 17:00 да 19:00 у адным з самых людных месцаў Горадні — на Савецкай вуліцы каля ўнівэрмагу.
У 17:00 на пляцоўцы зьявіліся палаткі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, «Белай Русі» і БРСМ. Падзея адбывалася пад дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі.
Побач працавала пляцоўка для міні-гольфу, нехта падбіваў мячы. Нягучна грала музыка. Пазнавальнымі былі песьні беларускага гурту, удзельніка Эўравізіі-2017 Naviband.
Невялікія групкі людзей, якія чакалі пачатку, нібы па нябачным знаку моўчкі сталі ў чэргі да столікаў па 10-15 чалавек.
Было відаць шмат дзяржаўных журналістаў, якія ня кідаліся ў вочы на ранейшых пікетах альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Паўсюль стаялі тыповай зьнешнасьці спартовыя людзі ў цывільным па двое або па трое. Прыйшло шмат людзей у дзелавых касьцюмах, чыноўнікі, начальнікі гарадзкіх арганізацый. Уздоўж пікету рэгулярна хадзіў кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці Юры Аляксей, генэральны дырэктар «Гроднааблкінавідэапракату».
«Мы даўно агучылі, што сабралі ўжо даўно. У нас ужо ўсё ёсьць. А сёньня людзі ідуць з працы дадому — падпісваюцца. Годны добры клімат. Добрая беларуская музыка, патрыятычная. Я думаю, гэта трэба. А тое, што наш прэзыдэнт, ягоная ініцыятыўная група ўжо сабрала подпісы, гэта ўжо даўно факт і ясна. Усё, дзякуй», — пракамэнтаваў Юры Аляксей.
«Не магу сказаць»
Людзі ў чэргах паводзілі сябе інакш, чым на ранейшых пікетах альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты. Большасьць гарадзенцаў, да якіх зьвярталіся журналісты, рашуча не пагаджаліся размаўляць, хавалі вочы, адварочваліся, пачыналі размаўляць са знаёмымі побач, казалі, што занятыя. Адзін з апытаных патлумачыў, што «ня ўмее па-беларуску», а па-расейску не захацеў.
«Не магу сказаць, бо я працую і хачу працаваць», — паведаміла жанчына, што ўжо паставіла подпіс за кандыдата № 1.
Атрымаць інфармацыю, колькі дакладна подпісаў ужо сабрана і якім чынам іх зьбіралі да першага гарадзенскага пікету Лукашэнкі, аказалася няпроста.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда прыехаў на пікет у Горадню прыкладна каля 18:00. Яго суправаджалі мужчыны ў пінжаках. Орда не імкнуўся камунікаваць з журналістамі і блогерамі. На хаду ён пасьпеў паўтарыць ужо вядомую раней інфармацыю, што за Лукашэнку падпісалася больш як мільён чалавек.
«Гэтая кампанія адрозьніваецца тым, што сёньня тактыка выбараў на дэзынфармацыю, на хлусьню і на тое, каб людзей баламуціць і пераварочваць ім мазгі. Гэта, я мяркую, непрыстойна і няшчыра... Падманваць сваіх беларускіх людзей нельга», — казаў суразмоўцам Міхаіл Орда пра сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію.
Хто паставіў подпіс за Лукашэнку
Падтрымаць кандыдатуру дзеючага прэзыдэнта прыйшлі сябры камуністычнай партыі маладая дзяўчына Валерыя Трусь і старэйшая сябра партыі Ірына Енджэеўская. Іх партыя, паведамілі яны, цалкам падтрымлівае курс, які прапануе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка.
«Ня тое, каб я ня бачыла іншых... Наш прэзыдэнт стварыў камфортныя ўмовы для жыцьця. У мяне ёсьць цудоўная магчымасьць навучацца, разьвівацца. Я бачу людзей шчасьлівых. Мае равесьнікі і я жывем у дастатку. Я не магу прасіць большага, я не магу ніяк скардзіцца. Усё залежыць ад амбіцый», — кажа Валерыя Трусь.
«Моладзевая палітыка. Я ўсімі рукамі „за“», — дадае старэйшая прадстаўніца камуністычнай партыі Ірына Енджэеўская.
«За стабільнасьць. Гэта чалавек з такім досьведам, ведае, што робіць. Усё цалкам задавальняе», — расказала гарадзенка Натальля Ціхановіч, якая паставіла подпіс за Лукашэнку.
Пэнсіянэр Віталь стаялі ў чарзе па подпіс і пагадзіліся стаяў у чарзе, паведаміў, што даведаўся пра пікет ад знаёмых: «Я даведаўся, што такая акцыя праводзіцца, таму вырашыў прыйсьці, тут непадалёку быў. Думаю, падтрымаю. Калі будзе якісьці іншы кандыдат, можа, я і яго падтрымаю. Пабачым. Гэта мая ўнутраная справа, за каго галасаваць. Каб была стабільная абстаноўка ў рэспубліцы, я вырашыў падтрымаць свайго прэзыдэнта. Ён ужо ня першы год, дасьведчаны чалавек. Як кажа мая жонка, трэба, каб быў парадак, і каб нехта гэты парадак падтрымліваў», — кажа пэнсіянэр Віталій у чарзе, каб пакінуць свой подпіс.
«Нам сказалі сюды падыйсьці»
Намесьніца старшыні горадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Сьвятлана Вараніца расказала, што траціна ініцыятыўнай групы па Горадзеншчыне — гэта сябры «Белай Русі». Яна сама не зьбірае подпісы, але падтрымлівае дзеючага кіраўніка дзяржавы паводле «пастановы ад 14 траўня».
«Даруйце, калі ласка, калі мы з садка, нам сказалі сюды падыйсьці з подпісамі, не падкажаце, у якую палатку?», — запыталася маладая жанчына ў Сьвятланы Вараніцы.
«Ня важна, у якую палатку. Малайцы, што вам сказалі, што такая магчымасьць сёньня будзе», — адказала тая. «А нічога страшнага, што мы ўжо подпісы зьбіралі?», — спрабавала даведацца жанчына «з садка». «Тады ня трэба», — запэўніла прадстаўніца «Белай Русі».
«Не, сказалі, каб падышлі», — настойвала гарадзенка.
На пытаньне журналіста, хто ім сказаў падыйсьці і чаму яны вырашылі прыняць удзел у пікеце, гарадзенка адмовілася адказваць і пасьпяшалася сысьці.
Паэт-«лукашыст» выступіў за Ціханоўскую
На пікет прыйшоў настаўнік, які адначасна падтрымліваў Лукашэнку і Ціханоўскую. Аказалася, што гэта пісьменьнік, паэт і настаўнік фізыкі і працоўнага навучаньня школы № 34 Горадні Пётар Сяміньскі.
«Сказалі прыйсьці, мабыць, выступіць давядзецца, але тут няма выступаў. Але ўсё роўна я за яго... Нават тут некаторыя людзі глядзяць на нас зь недаверам ці са зьдзіўленьнем. Ня ўсе вераць... У мяне жонка літоўка. Я ня быў у Вільні, але як жывуць людзі ў прыгарадзе, я ведаю, і не сказаў бы, што яны лепш за нас жывуць. Як жыве Ўкраіна, мы бачым з тэлебачаньня. Якая бы ні была ўлада, я за яе», — расказаў ён.
Потым Пётар, які сам назваў сябе «лукашыстам», сказаў, што яму блізкая да сэрца таксама Сьвятлана Ціханоўская.
«Я бачыў зблізку тое, што называецца пікет ейнага мужа. Тая самая моладзь, зь якой я дыскутую, спрэчкі вяду, але яна была зь ім... Сяргей Ціханоўскі, здаецца, ён нічога кепскага...
Я яе (Ціханоўскую. — РС) ня бачыў, быў толькі ейны партрэт. Калі за некага яшчэ подпіс аддаваць, то толькі за яе. Тым больш, што прарвалася ў аднаго дзеяча фраза, што жанчына нібыта ў нас па Канстытуцыі ня можа быць... Я за яе паставіў бы подпіс, а астатнія — прабачце. Тое, што здарылася на плошчы... Яны спрабуюць узьняць нас, моладзь — гэта таксама добра.
Я не баюся за свайго кандыдата, я ў яго веру. Але тое, што ў краіне ёсьць сапраўдная апазыцыя, якая захапляе значную колькасьць людзей, — гэта добра», — разважае Пётар.
Нечакана ў гутарку ўмяшаліся дзьве знаёмыя Пятра з саюзу пісьменьнікаў.
«Што ты рэкляму?.. Яны потым напішуць, што мы парушылі ўсё і зрабілі ўсё не па правілах. Сёньня проста збор подпісаў. А вы нейкія называеце прозьвішчы, кандыдатаў. А потым яны скажуць, што мы тут парушылі парадак», — кажа старшыня горадзенскага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Горадзенскай вобласьці Людміла Кебіч.
Яна расказала, што пра пікет Лукашэнкі ня ведала. Калі ішла з працы, выпадкова ўбачыла, што шмат знаёмых, і вырашыла пакінуць подпіс. Чым ёй падабаецца прэтэндэнт Аляксандар Лукашэнка, жанчына адмовілася казаць, каб не было «рэклямы».
«Я прыйшоў паглядзець»
На падзеі прысутнічалі людзі, якія прыйшлі туды адмыслова, але не каб паставіць подпіс, а ўбачыць, як выглядае пікет № 1.
Малады гарадзенец Аляксандар прыехаў у цэнтар гораду на ровары.
«Я прыйшоў паглядзець, колькі людзей насамрэч прыйдзе аддаць свой подпіс за гэтага чалавека, а якой чаргу падвязуць. Я свой подпіс аддаў за трох альтэрнатыўных кандыдатаў, якія, я мяркую, знаходзяцца ў фаварытах... Тут чаргі не назіраецца. Напрошваецца выснова, што людзі прыйшлі паглядзець на людзей», — кажа маладзён.
Яшчэ адна групка маладзёнаў стаяла воддаль ад пікету і абмяркоўвала, што адбываецца.
«Я бачу людзей, якія стаяць, размаўляюць. Яны тут стаяць з самага пачатку. Мы прыйшлі — яны стаялі, мы будзем сыходзіць — яны ўсё яшчэ будуць стаяць. Міліцыя [у цывільным] навокал паўсюль. У завулках аўтобусы з міліцыяй. Відаць па людзях, якія прыйшлі ставіць подпісы, што гэта ўсё дзяржаўныя службоўцы. Мы самі падтрымліваем зусім іншых кандыдатаў. Было проста цікава гэта ўсё ўбачыць на свае вочы. Гэта ўсё робіцца на нашыя падаткі. Гэта вельмі крыўдна», — кажа гарадзенец Алег, які сам паставіў подпіс за Віктара Бабарыку.
А 19:00 чэргі на пікеце растварыліся, палаткі апэратыўна пачалі разьбіраць.
«Усё, усім дзякуй. Разыходзімся. Да сустрэчы», — абвясьціў старшыня Горадзенскага гарадзкога аб’яднаньня прафсаюзаў Андрэй Ярашэвіч.
Гэтая публікацыя падтрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН