Ярмошына расказала, якое пажаданьне ёй выказаў Лукашэнка

  • БелаПАН

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьне, каб выбарнікі ў цяперашнюю палітычную кампанію мелі самы шырокі выбар з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі>>

Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына 10 чэрвеня па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

«Асаблівае пажаданьне кіраўніка дзяржавы — каб усе кандыдаты, хто на дадзены момант прэтэндэнты і тыя, хто зьбіраюць подпісы, каб яны змаглі ўсё ж такі сабраць неабходную колькасьць подпісаў, і каб нашы выбарчыя камісіі ўважліва працавалі, не адмаўляючы і не прызнаючы подпісы несапраўднымі, і не прызнаючы несапраўднымі па нейкіх абсалютна нефармальным падставах», — прыводзіць словы Ярмошынай тэлеканал ОНТ.

«Я думаю, што такія меры будуць спрыяць таму, што ўсе электаральныя перавагі будуць улічаныя затым на працэсе рэгістрацыі і ў дзень галасаваньня», — сказала Ярмошына.

Усяго ЦВК зарэгістравала 14 ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты. Збор подпісаў праходзіць з 21 траўня па 19 чэрвеня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасьля чаго стартуе пэрыяд перадвыбарчай агітацыі. Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня.