20-гадовы Сяргей Валошын загінуў 8 чэрвеня ў адной з вайсковых частак ад агнястрэльнай траўмы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад агнястрэльнага раненьня загінуў малады вайсковец
«Казаў, што разумее ўсе цяжкасьці войска»
Па інфармацыі Telegram-канала NEXTA, салдат скончыў жыцьцё самагубствам. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Сьледчы камітэт пацьвердзіў выданьню «КП у Беларусі», што вядзецца праверка гэтага здарэньня.
«Сьледзтва разьбіраецца ва ўсіх абставінах таго, што адбылося. Праводзяцца сьледчыя дзеяньні, працэсуальныя мерапрыемствы», — паведаміў Cвабодзе прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.
Сяргей родам з Горадні. Як стала вядома Свабодзе ад знаёмых хлопца, да прызыву ў войска ён вучыўся ў хіміка-тэхналягічным каледжы. У канцы мінулага навучальнага году, па словах сяброў нябожчыка, у яго ўзьніклі праблемы па вучобе. Сяргея адлічылі, ён пайшоў працаваць на прадпрыемства, зьвязанае з дрэваапрацоўкай, дзе раней праходзіў практыку.
Увосень 2019-га яго забралі ў войска на паўтара года. Паводле сяброў, службу Сяргей праходзіў у войсках СПА, у зэнітна-ракетнай брыгадзе каля вёскі Шаршуны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта выпадковасьць». У Кармянскім раёне разьвітваюцца з 18-гадовым памежнікам, які памёр падчас службы«Што тычыцца войска, то ён казаў, што разумее ўсе яго цяжкасьці і што ён, хутчэй за ўсё, будзе адставаць у сваёй роце. А тых, хто адстае, трэціруюць. Таму ў войска яму хацелася ад слова „ніяк“. Ён быццам бы тое самае казаў і псыхолягу ў войску, калі я правільна памятаю», — сказаў Свабодзе сябар хлопца па інтэрнэце Мікіта.
Апошні раз Мікіта кантактаваў з Валошыным у лютым. Кажа, склалася ўражаньне, што Сяргей ня мае праблемаў на службе: «Не бяз загваздак, але ён спраўляўся».
«Быў разумны, шмат чытаў»
Сябар характарызуе яго як звычайнага хлопца, які, як і астатнія маладыя хлопцы, цікавіцца кампутарнымі гульнямі, навукова-папулярнымі каналамі, гістарычнымі рэканструкцыямі.
«Ён быў даволі інтэлігентным чалавекам, стараўся заўсёды быць на пазытыве. Многія людзі з майго кола адгукнуцца пра яго станоўча. Імкнуўся даведвацца новыя рэчы і расказваць пра гэта іншым людзям. Любіў абмяркоўваць зь імі амаль усё — ад сярэднявечных ваенных тактык і побыту да тэхналёгій будучыні».
У Сяргея было шмат сяброў у іншых краінах, асабліва ў Расеі. Па словах іншага сябра, дзякуючы інтэрнэту Валошын трапіў у інтэрнацыянальную кампанію. Маладых людзей аб’яднала захапленьне ролевымі гульнямі.
«Ён быў досыць замкнёны і нешматслоўны, але максымальна ўраўнаважаны. Быў разумны і шмат чытаў, быў прыемны ў камунікацыі. Мог пажартаваць, ня быў сацыяпатам», — расказвае іншы сябар Валошына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня верым у суіцыд». Родныя салдата з Мазыра, які загінуў у войску, зьвярнуліся да ЛукашэнкіПа яго словах, Сяргей у войска не хацеў, бо разумеў, «якая абстаноўка ў Беларусі».
«Але якія былі варыянты?» — кажа сябар салдата.
Сябры Валошына ў самагубства ня вераць і кажуць, што хлопец быў дастаткова «спакойны і мог перажыць праблемы», калі б яны былі. Па іх словах, сям’я нябожчыка даведалася пра здарэньне 9 чэрвеня.
«У кожнага з нас розны запас трываласьці. Калі вы спытаеце, ці быў Сяргей такім чалавекам, які палічыў бы гэта найлепшым выхадам, то не, гэта малаверагодна. Але я не выключаю такой сытуацыі, проста таму, што ў нас няма ніякай інфармацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Храналёгія справы Аляксандра Коржыча