Улады бэльгійскага гораду Антвэрпэна дэмантавалі помнік каралю Леапольду II. Гэта зроблена ў рамках барацьбы з расізмам, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Леапольд II быў каралём Бэльгіі з 1865 па 1909 год. Пад ягонай уладай быў захоплены басэйн ракі Конга, дзе цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга. Бэльгійская калёнія называлася «Вольная дзяржава Конга». Жыхары тэрыторыі былі асабістай уласнасьцю Леапольда II, фармальна яны не знаходзіліся пад уладай бэльгійскай дзяржавы.
На тэрыторыі Конга, дзе здабывалі шэраг карысных выкапняў, ішла жорсткая эксплюатацыя мясцовага насельніцтва. За невыкананьне паставак слановай косьці, каўчуку, прадуктаў харчаваньня, за адмову выконваць працоўную павіннасьць улады нішчылі мясцовых жыхароў, палілі вёскі, спусташалі цэлыя раёны. Умовы працы на каўчукавых плянтацыях былі вельмі цяжкія: сотні тысяч людзей гінулі ад голаду і эпідэмій. Многіх катавалі — асабліва часта адсякалі пясьці за «нядбайнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусаў паліцэйскім гвалтам не зьдзівіць». Беларускі з Лос-Анджэлесу і Мінэапалісу аб пратэстах у ЗШАПаводле падлікаў гісторыкаў, з 1885 па 1915 год колькасьць насельніцтва Конга зьменшылася амаль удвая. Зьвесткі аб зьверствах у Конга пачалі шырыцца, і ў 1908 годзе, незадоўга да сьмерці, Леапольд II прадаў гэтую тэрыторыю бэльгійскай дзяржаве. Незалежнасьць Конга здабыла ў 1960 годзе.
Раней помнік каралю, які меў адмоўную рэпутацыю яшчэ пры жыцьці, ня раз апаганьвалі. Знос статуі адбыўся на фоне пратэстаў па ўсім сьвеце пасьля сьмерці афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй у ЗША ў канцы траўня. Тады ж у Бэльгіі пачалі зьбіраць подпісы за знос помніка Леапольду II.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэс ЗША ўнесьлі законапраект аб рэформе паліцыі і расавай справядлівасьці