Мадэратара сацсетак Ціханоўскага, які зьнік 4 чэрвеня, знайшлі ў турме на Акрэсьціна

Архіўнае фота. Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», затрыманы ў Мазыры мадэратар сацыяльных сетак «Страны для жизни» Дзьмітры Папоў з 5 чэрвеня знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна ў Менску.

Дзьмітры Папоў арыштаваны на 15 сутак. У чым яго абвінавацілі, дакладна не вядома.

Таксама ў турме на Акрэсьціна знаходзяцца яшчэ тры жыхары Мазыра: аўтар каналу «Мозырь для жизни» Аляксандар Цуканаў, ягоны сябар Дзяніс Колас, а таксама фэрмэр Аляксандар Вянгура, пра якога здымаў сюжэт блогер Сяргей Ціханоўскі. Кожны зь іх атрымаў па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор быў страшны!» Як рабілі ператрус у мазырскага фэрмэра, сюжэт пра якога здымаў Ціханоўскі

Мадэратар сацыяльных сетак кампаніі блогера Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни» грамадзянін Расеі Дзьмітры Папоў зьнік увечары 4 чэрвеня. Да гэтага ён запісаў відэа, у якім казаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць яго ў межах нейкай крымінальнай справы. Міліцыя забрала ўсе ягоныя рэчы. Потым Папоў перастаў выходзіць на сувязь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).