Амаль дзьве гадзіны Валер Цапкала адказваў на пытаньні жыхароў Віцебску. Сустрэча зь ім праходзіла ўвечары 8 чэрвеня каля бізнэс-цэнтру «Марка-сіці», дзе зьбіраюць подпісы ініцыятыўныя групы альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паслухаць стваральніка Парку высокіх тэхналёгій сабраліся каля трохсот чалавек.
Ва ўступным слове Цапкала адзначыў, што хоча рэфармаваць у Беларусі пяць рэчаў: прамысловасьць, сельскую гаспадарку, адукацыю, ахову здароўя і сыстэму дзяржаўнага кіраваньня.
«Гэта дазволіць нам не цягнуцца ў хвасьце гісторыі і не глядзець, як іншыя краіны пасьпяхова разьвіваюцца, а сфармаваць уласны праект будучыні», — сказаў ён.
Ці не прарасейскі?
Найперш віцяблян цікавіла, ці не прарасейскі кандыдат Цапкала і ці стане Расея першай краінай, якую ён наведае ў ролі прэзыдэнта.
Выступоўца адказаў, што «ў нас асаблівыя стасункі з Расеяй, якія сягаюць далёка ў гісторыю». Цапкала ўхваляе традыцыю, калі пры зьмене палітычнай улады першыя візыты адбываюцца ў краіны-партнэры. «Расея наш партнэр», — адзначыў ён.
Далейшае існаваньне мытнага саюзу, на думку Цапкалы, наўрад ці магчымае. Бо Расея мае «запасы нафты, газу, чорных мэталаў, дыямэнтаў, дарагога дрэва». У Беларусі ж варта будаваць «эканоміку ведаў» на тэхналягічнай плятформе, зыходзячы з досьведу Парку высокіх тэхналёгій, які можна маштабаваць на ўсю краіну.
Не гатовы «секчы з-за пляча»
Разьмеркаваньне Цапкала назваў «перажыткам савецкага ладу», якога ня можа быць пры рынкавай эканоміцы. А войска мусіць быць прафэсійным, але з улікам таго, што Беларусь — сярэдняя велічынёй эўрапейская краіна, якія ня зможа супрацьстаяць ні NATO, ні Расеі.
«Абавязковы прызыў будзе для ўсіх мужчын — на два дні, каб навучыцца зьбіраць аўтамат і страляць», — падкрэсьліў выступоўца.
На пытаньне, што будзе з парлямэнтам, калі Цапкала стане прэзыдэнтам, патэнцыйны кандыдат адказаў, што будзе праведзеная канстытуцыйная рэформа і адбудуцца выбары ў адпаведнасьці з новым заканадаўствам:
«Я праціўнік таго, каб секчы з-за пляча».
Пра мясцовую ўладу, пэнсійны ўзрост і школы
Цапкала адзначыў, што цяпер мяняецца сытуацыя ў дачыненьні да мясцовай улады, яна мусіць выбірацца на месцах.
«Сёньня мясцовая ўлада — гэта лобі, якая езьдзіць у Менск і выбівае грошы. Спачатку грошы ідуць туды, а пасьля прыяжджае Лукашэнка і кажа, што за наступныя пяць гадоў зможа разьвіць Віцебскую вобласьць. За кошт чаго — за кошт Магілёўскай, Гомельскай, Горадзенскай, Менскай абласьцей?» — пытаецца выступоўца, які ўпэўнены, што толькі мясцовыя жыхары найлепш ведаюць праблемы рэгіёну.
Валер Цапкала разгорнута адказваў на пытаньні віцяблян. Самы кароткі адказ прагучаў пра пэнсійны ўзрост.
«60 і 55», — коратка прамовіў выступоўца і быў узнагароджаны аплядысмэнтамі.
Валер Цапкала казаў пра тое, што ў Беларусі настаўнік мусіць стаць асновай беларускага грамадзтва, таму што інтэлект — гэта «адзіная нашая канкурэнтная перавага». Заробкі і канкурэнцыя сярод выпускнікоў пэдагагічных вузаў будуць высокімі. А інвэстыцыі ў дзяржаўныя школы — велізарнымі.
«Я хачу, каб нашыя школы былі „цукеркамі“. Запрашу фінаў, адрэканструюем нашы школы — яны будуць узорнымі», — паабяцаў ён.
Адзін з прысутных пацікавіўся, ці не давядзецца Беларусі, якую пабудуе Цапкала, змагацца з хваляй эміграцыі, а таксама «гей-парадамі і аднаполымі шлюбамі».
«Давайце лепш будзем жыць, як у Аўстрыі, атрымліваць па 2,5 тысячы эўра, а там няхай іншы змагаецца з эміграцыяй і іншымі праблемамі», — адказаў выступоўца.
«Нічога выбітнага Лукашэнка не зрабіў»
На пытаньне жанчыны, ці гатовы Цапкала зараз стаць прэзыдэнтам, прагучаў эмацыйны адказ.
«Галоўная крыніца ўлады ў Беларусі — беларускі народ. Лукашэнка ня бог, ня цар і нават не герой. Нічога выбітнага ён не зрабіў. Ніякага подзьвігу ня зьдзейсьніў. Ён неаднаразова кляўся, што, калі народ не захоча яго бачыць, сыдзе. Зараз у яго ёсьць магчымасьць гэтую клятву выканаць. Дзеля гэтага ён мусіць правесьці праўдзівыя выбары. Хай пакажа, што ён гаспадар свайму слову».
Ад адказу на пытаньне, што новы прэзыдэнт зробіць з Лукашэнкам, Цапкала ўхіліўся.
«Бабарыку прэм’ер-міністрам возьмеце?»
«Бабарыку прэм’ер-міністрам возьмеце?» — адным з апошніх прагучала пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не народзец, мы народ». Бабарыка ў Віцебску расказаў пра свой найбольшы страх«Давайце будзем рухацца наперад у палітычным працэсе. Усіх разумных людзей будзем задзейнічаць. Кожнаму знойдзецца месца. Трэба абапірацца на спэцыялістаў. Калі ягоная праграма будзе супадаць з маім бачаньнем, то безумоўна», — адказаў Цапкала.
Віцебск як рэгіянальны хаб
Сканчваючы выступленьне, Цапкала асаблівую ўвагу зьвярнуў на Віцебск і паабяцаў у першую чаргу ў мясцовы аэрапорт пусьціць лоўкосты, каб віцябляне за 50 эўра маглі лятаць у Барсэлёну і іншыя эўрапейскія гарады.
«Віцебск мусіць стаць рэгіянальным хабам, — запэўніў прысутных Цапкала. — А „Белавія“ будзем разьвіваць як нацыянальную авіякампанію, у якой кожны грамадзянін Беларусі будзе мець акцыі. А таксама акцыі калійнай кампаніі».
Па словах Цапкалы, увесь прыбытак ад экспарту калійных угнаеньняў будзе дзяліцца паміж грамадзянамі краіны, якія лепш за ўсіх ведаюць, як гэтымі грашамі распарадзіцца. Вядома, з абмежаваньнямі — іх нельга будзе прапіць і прагуляць у казіно.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.