Прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў астатнім патэнцыйным кандыдатам аб’яднаць намаганьні дзеля вылучэньня як мага большай колькасьці сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій.
Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Лідэр «Гавары праўду» перакананы, што гэта дасьць шанец паўплываць на падлік галасоў. Першым крокам стаў сайт naziranne.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пачалі набор назіральнікаў за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарахДзьмітрыеў адзначыў, што пра важнасьць кантролю над падлікам галасоў гавораць практычна ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты, і ён цалкам падзяляе гэтую пазыцыю. Раней ён падтрымаў дэклярацыю Віктара Бабарыкі аб сумленных выбарах.
«Я згодны з усімі словамі і прапаную канкрэтную справу. Давайце аб’яднаемся, каб вылучыць як мага большую колькасьць людзей ва ўчастковыя камісіі. Я ўпэўнены, што ніводзін кандыдат гэтага ня можа зрабіць паасобку. Таму прапаную ўсім кандыдатам у прэзыдэнты — вядома, акрамя аднаго, — разам вылучыць людзей у камісіі», — заклікаў Дзьмітрыеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 0,1% — столькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый у тэрытарыяльных выбарчых камісіяхЁн растлумачыў, што «Гавары праўду» можа выдаць пратакол аб накіраваньні прадстаўніком ва ўчастковую камісію ўсім ахвотным, бо зьяўляецца зарэгістраваным рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньнем.
«Вы можаце накіроўваць людзей на адмысловы сайт naziranne.by. І мы, выкарыстоўваючы мэханізм грамадзкай арганізацыі, выдадзім пратакол кожнаму чалавеку. І такім чынам паспрабуем прабіцца ва ўчастковыя камісіі, каб кантраляваць падлік галасоў. Упэўнены, у гэтым зацікаўленыя ўсе, хто хоча пераменаў», — сказаў кіраўнік «Гавары праўду».
Вылучэньне ў камісіі праз «Гавары праўду» патрабуе фармальнага ўдзелу ў арганізацыі, патлумачыў Дзьмітрыеў. Але ў «Гавары праўду» няма мэты такім чынам папоўніць свае шэрагі, сьцьвярджае ён, таму пасьля выбарчай кампаніі такія новыя чальцы будуць выключаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашэньне масак — асабісты выбар». Праваабаронцы праверылі, ці выконваюць у выбарчых камісіях захады бясьпекіМясцовыя органы ўлады ўжо ўтварылі ўчасткі для галасаваньня, прыём заяваў на ўключэньне ва ўчастковыя выбаркамы будзе весьціся да 21 чэрвеня. У «Гавары праўду» абяцаюць, што пасьпеюць апрацаваць усе заяўкі і вылучыць прадстаўнікоў у патрэбны тэрмін.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.