Выйшаў першы эпізод мультсэрыялу «Вожыкавая палянка». Мульцік адметны ня толькі добрай анімацыяй і музычным аздабленьнем, але і адукацыйным складнікам — мнэманічнымі вершыкамі, якія дапамагаюць дзеткам засвоіць новыя словы ці зразумець навакольны сьвет.
«Хацелася, каб наш мульцік быў па духу беларускі»
«Нам хацелася, каб праз гэты мульцік палепшылі сваю беларускую мову дзеці, якія, можа, ня вельмі часта чуюць яе ў жыцьці», — тлумачыць сцэнарыстка Ганна Янкута.
Вось лічылка. Яна гуляючы вучыць лічыць, а таксама знаёміць зь лексыкай, якая зьвязаная з гульнёй у хованкі: хованкі, хавацца, шукаць, лічыць. То бок гэта таксама такі адукацыйны, навучальны момант«.
Вельмі часта для дзетак з расейскамоўных сем’яў першае знаёмства зь беларускай мовай адбываецца ў школе і праходзіць даволі стрэсава, упэўненая аўтарка ідэі і прадусарка Марыя Грыц. А калі ёсьць цікавы і вясёлы мульцік, дзе ўсе героі размаўляюць па-беларуску, то знаёмства будзе нашмат больш прыемным.
«Зрабіць такую невялічкую прыступачку для расейскамоўных дзетак — клясна. Беларускамоўныя сем’і ведаюць, што кантэнту на беларускай мове дужа не хапае, таму гэтую маленькую цаглінку ў сьцяну беларускамоўнасьці мы ўклалі», — кажа Марыя.
Ганна, якая прыдумляла сьвет герояў, агульны сюжэт і напісала лічылку для Вожы і Пых-Пыха, перакананая, што беларускім дзеткам патрэбныя свае мульцікі.
«Безумоўна, мы можам перакладаць замежныя, але ўсё адно ў іх будзе нейкі замежны мэнталітэт, напрыклад, актуальныя для ЗША, для Брытаніі тэмы. Нам перадусім хацелася рабіць наш мульцік, дзе будуць нашыя героі, і каб ён быў па духу беларускі».
Ідэя праекту зьявілася ў Марыі пасьля прагляду ірляндзкага мультфільму «Таямніца абацтва Келс». Яе ўразіла, што дзіцячы мульцік прасякнуты духам краіны. Тут і паўстала пытаньне: а чаму ў нас такое не зрабіць? Гэтая думка так апанавала Марыю, што яна нават пачала вучыцца маляваць, каб самой стварыць мульцік.
«Прыдумала ўсё вельмі проста. Я ляжала ў радзільні і гугліла для майго дзіцяці мнэманічныя вершыкі на беларускай мове. Знайшла пра вясёлку, як запомніць колеры, і на гэтым усё. Я пытала розных знаўцаў беларускай мовы пра гэтыя вершы, а аказалася, што іх няма. Мне стала так крыўдна, таму што гэтыя вершыкі дужа крутым чынам могуць дапамагчы запомніць нейкія складаныя словы ці лічбы, як у нашым першым эпізодзе. І я падумала зрабіць сэрыял, дзе ў кожным эпізодзе будзе нейкі такі вершык».
Далей людзі адгукнуліся на ідэю, і сабралася каманда з 12 чалавек — музыкі, аніматары, гукарэжысэры, сцэнарыст, рэжысэр і іншыя. На пачатку гэтай авантуры, кажа Марыя, ані ў кога з каманды не было досьведу працы з краўдфандынгавай кампаніяй, празь якую і сабралі грошы на першы эпізод. Усё здавалася вельмі простым — сябры з фэйсбуку скінуцца па дзесяць рублёў, і назьбіраецца неабходная на стварэньне фільму сума.
«Аказалася, што ня ўсе людзі зацікаўленыя. Але я была вельмі зьдзіўленая, наколькі адгукнуліся людзі, абсалютна незнаёмыя са мной, ім гэта неяк патрапіла ў сэрца. Людзі з-за мяжы намагаліся, шукалі сяброў у Беларусі, каб перавесьці грошы. Адна настаўніца папрасіла прыехаць да яе, бо яна ня самы мабільны чалавек, і ўзяць у яе грошы на мульцік. Гэта было кранальна да сьлёз, па шчырасьці».
«Мультфільм стваралі дарослыя людзі, і трапіць у гэтыя дзіцячыя сэрцайкі — неверагодны посьпех»
На стварэньне першага эпізоду пайшло паўгода. Шмат часу заняў пошук вобразаў герояў і іх сьвету. Але вынік пераўзышоў усе чаканьні: усяго за некалькі дзён на YouTube назьбіралася больш за 20 тысяч праглядаў.
«Гэта неверагодна. Было вельмі шмат складанасьцяў, былі тэхнічныя памылкі, нейкія пытаньні, і напрыканцы мы былі проста спустошаныя. Шчыра, гэта забрала вельмі шмат сіл. Але рэзананс напаўняе нас верай і ў сябе, і ў людзей».
Марыя кажа, што людзі рэагуюць вельмі станоўча, хоць каманда і рыхтавалася да адмоўных камэнтароў. Але незадаволеных амаль няма. Агучвалі Вожу і Пых-Пыха дзеткі, якія дужа сур’ёзна і адказна паставіліся да працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зьбіраюць грошы на беларускамоўны мультсэрыял з мнэматычнымі вершамі«Нам з аднаго садочка даслала спадарыня відэа, як яе выхаванцы паглядзелі гэты мультфільм. Ім так спадабалася, што яны скачуць, паўтараюць нейкія словы, кажуць „дзякуй“. Дзеці маёй суседкі, якія цяпер на карантыне, пасьля прагляду цэлы дзень скакалі па хаце і крычалі лічылку і паўтаралі беларускія словы, якіх раней ня ведалі. Таксама нам пісала мама, што яе дзеці паглядзелі мульцік і так захапіліся вожыкамі, што сын сказаў: „Мама, чаму ты не нарадзіла мяне вожыкам?“. І гэта неверагодна клясна, бо гэты мультфільм стваралі дарослыя людзі, і патрапіць у дзіцячыя сэрцайкі — неверагодны посьпех».
«Спыніцца цяпер было б нейкім злачынствам»
Марыя ўпэўненая, што самая галоўная каштоўнасьць праекту — у беларускай мове.
«Мы патрапілі ў мэтавую аўдыторыю, хоць ня думалі, што яна настолькі вялікая. Гэты мульт — самы сапраўдны цуд, бо сабраліся ў каманду настолькі сьветлыя, шчырыя людзі. За гэтыя няпоўныя тры хвілінкі мульцік поўны любові і да сваёй працы, і да ідэі, і да кожнай дробязі», — кажа Марыя.
Паводле яе, удалося стварыць якраз тое, што хочацца паказаць уласным дзецям. Марыя кажа, што хацела б, каб такі мульцік глядзела яе дачка.
«Я думаю, што такі прыклад будзе фармаваць яе густ, пакажа, што беларуская мова — гэта ня нешта музэйнае, застарэлае, а прыгожае, моднае, жывое, поўнае энэргіі і трошачку гульлівае», — кажа стваральніца.
Ужо ёсьць пляны на наступныя эпізоды — мнэманічны вершык пра назвы месяцаў, бо заблытацца ў іх на пачатку вывучэньня мовы дужа проста. Таксама ёсьць ідэі пра назвы дзён тыдня, пальцаў, жукоў, кветак, дрэў. Напрацовак па лексычным і візуальным напаўненьні мульціка пра важанят вельмі шмат, але для працягу трэба дапамога зацікаўленых людзей. Падтрымаць праект можна тут.
«Цяпер я бачу, наколькі крутыя людзі ў маёй камандзе, колькі працы ўкладзена. Спыніцца цяпер было б нейкім злачынствам», — кажа Марыя Грыц.