Размова пра дзіцячую літаратуру і лекцыі па гісторыі. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Паступова людзі вяртаюцца ў офлайн, але шмат хто працягвае нефармальны карантын. Сабралі для вас самыя цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень 8–14 чэрвеня.

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні:

  • 9 чэрвеня, 19:00 — Фэлікс Аксёнцаў чытае вершы з новай кнігі «Междуречье», куды ўвойдуць вершы, напісаныя па-беларуску, па-расейску і па-ангельску, а таксама на некалькіх мовах адразу.
  • 11 чэрвеня, 19:00 — свае вершы чытае Алесь Емяльянаў-Шыловіч.
  • 13 чэрвеня, 19:00 — магілёўскі пісьменьнік і лекар Васіль Аўраменка прачытае вершы зь нядаўна выдадзенай кнігі «Кругі і колы».
  • 14 чэрвеня, 19:00 — Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «Ў бітвах і вязьніцах». Гэта ўжо пяты фрагмэнт сэрыі.

Усе чытаньні праходзяць на нашым YouTube канале «Падкасты Свабоды».

Паглядзець выставу «Дзеці мастакоў»

У Нацыянальным мастацкім музэі можна пазнаёміцца з тымі, хто натхняў вядомых мастакоў, даведацца цікавыя факты з жыцьця і проста паглядзець на клясычнае мастацтва.

Віртуальны тур па выставе можна зьдзейсьніць тут.

Онлайн-вандроўкі ў сядзібу Багушэвіча

Літаратурны музэй на сваёй старонцы ў Facebook зрабіў падарожжа па сядзібе ў Кушлянах. Праз фатаздымкі, тэкставыя матэрыялы можна даведацца пра «месца сілы» Францішка Багушэвіча.

А яшчэ паглядзець лекцыю «БАГУШЭВІЧ vs АЖЭШКА: дыспазыторый айчыннасьці ў беларускай літаратуры», якая раскажа пра сяброўства двух клясыкаў літаратуры XIX стагодзьдзя.

Пазнаёміцца з постацямі Кірыла і Мяфодзія

Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе пагуляць па віртуальнай выставе і пазнаёміцца з фондавымі матэрыяламі.

«Творчая кухня» з Надзеяй Кандрусевіч

«Надзея як заснавальніца незалежнага выдавецтва Koska раскажа пра выдавецкія пляны і пра тое, як у цяперашнія часы пачуваецца беларуская кніга. Як перакладчыца і ляўрэатка прэміі імя Карласа Шэрмана пагаворыць пра адметнасьці перакладу кніг для дзяцей, пра швэдзкую дзіцячую літаратуру, а таксама падзеліцца думкамі пра тое, чаго нестае беларускім дзіцячым творам. У прамым эфіры Надзея зачытае ўрывак з кнігі Сары Люндбэрг „Птушка ўва мне ляціць, куды захоча“ ў сваім перакладзе на беларускую», — значыцца ў апісаньні падзеі.

Сустрэча адбудзецца а 19 гадзіне, 9 чэрвеня на старонцы Беларускага ПЭН-цэнтру.

Таксама можна паслухаць падкаст Яна Максімюка з Надзеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец і перакладчыца са швэдзкай: «Дзяцей нельга змусіць чытаць тое, што ім не падабаецца»

«Санаторый пад клепсыдрай»

«Падчас сёмай сустрэчы Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю пра сучасную польскую паэзію; раскажа пра розныя пакаленьні і стылістыкі, самыя знакавыя паэтычныя кнігі, найбольш уплывовыя ў Польшчы фэстывалі і ўзнагароды, выдавецтвы і пэрыядычныя выданьні, што падтрымліваюць сёньняшніх паэтаў і паэтак. Ён прадставіць некалькі постацяў самых знакамітых жывых польскіх лірыкаў, пачытае іх вершы ў арыгінале і ў перакладзе, пакажа іх зборнікі ды іншыя публікацыі, якія выходзілі ў апошнія гады па-беларуску», — значыцца ў апісаньні.

Чарговы выпуск можна паглядзець тут 9 чэрвеня, а 17-й гадзіне.

Лекцыі ад Цэнтру гарадзкога жыцьця

Дасьледчык Генадзь Семянчук дапаможа разабрацца ў адным з малавядомых этапаў у жыцьці полацкага князя Ўсяслава, а менавіта даведацца, што адбывалася падчас ягонага княжаньня ў Кіеве, і атрымаць адказ на пытаньне, чаму гістарычныя факты гэтага пэрыяду так старанна спрабуюць зьмяніць.

І лекцыя Алеся Радзюка, прысьвечаная рэпрэсіям на беларускіх землях 200 гадоў таму.

Спэктаклі ад Беларускага Свабоднага тэатру

На бліжэйшых выходных можна паглядзець запісы спэктакляў:

13 чэрвеня — «Рэйк’явік-74» (па п’есе Марты Сакалоўскай, рэжысэр Юра Дзівакоў); 14 чэрвеня — «Благополучие» (па п’есе Марыі Бяльковіч, рэжысэрка Юлія Шаўчук).

Усе трансьляцыі адбываюцца на канале тэатру і ў сацыяльных сетках.

А таксама можна паслухаць «Казкі на ноч».