У Менску і Гомелі, дзе 7 чэрвеня прайшлі масавыя пікеты альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, затрымалі ня менш за 17 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У Менску затрымалі Алега Баброўскага, Валянціна Фралова, Вераніку Мішчанку, Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык, Усяслава Пашкевіча, Аляксандра Грачышнікава, Аляксея Ананіча, Антона Анціпава, Дзьмітрыя Ражкова, Аляксея Вісьцяжа, Ільлю Латужку, Віталя Карніенку і яшчэ сама меней два чалавекі, імёны якіх ўдакладняюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нядзельныя затрыманьні: пяць хвілінаў відэа пра тое, як гэта адбываласяДа Камароўскага рынку, дзе адбываліся пікеты для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую, Сяргея Чэрачня, Андрэя Дзьмітрыева, Валера Цапкалу, Віктара Бабарыку, былі сьцягнутыя ўзмоцненыя нарады міліцыі, стаяла вялікая колькасьць аўтазакаў і міліцэйскіх мікрааўтобусаў.
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец правёў «народны пікет свабоды і салідарнасьці», які доўжыўся больш за тры гадзіны. Пасьля гэтага ў атачэньні паўсотні ўдзельнікаў і журналістаў палітык дайшоў да станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа», але быў затрыманы недалёка ад свайго дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі Паўла Севярынца. ВІДЭАПаводле праваабаронцаў, у Гомлі 7 чэрвеня затрымалі Аляксандра Шабаліна і Аляксея Думянкова.
Чакаецца, што сёньня пройдуць суды над затрыманымі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.