Памёр Уладзімер Басалыга, беларускі графік і шматгадовы кіраўнік саюзу мастакоў

Мастак Уладзімер Басалыга

Памёр Уладзімер Басалыга — беларускі графік, шматгадовы кіраўнік Беларускага саюзу мастакоў, сябра суполкі «Пагоня». Пра гэта паведамілі сваякі памерлага.

Уладзімер Саймойлавіч сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей, ён родам са Слуцку. Ягоны бацька Самусь Сьцяпанавіч загінуў у 1945 годзе ў часе Бэрлінскай апэрацыі. Маці адна выхоўвала траіх дзяцей, ткала ручнікі, посьцілкі, абрусы, працягвала традыцыі слуцкага ткацтва. З гэтага ў мастака асаблівае захапленьне народнай творчасьцю і рамёствамі. Мастаком стаў і яшчэ адзін з Басалыгаў — Міхась. Разам з Уладзімерам яны рэалізавалі вялікую колькасьць супольных праектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Басалыга: Дзяржава забрала ў нас 13 майстэрняў

Уладзімер Басалыга скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава, затым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1966-га па 1971 год працаваў галоўным мастаком Упраўленьня мастацкай прамысловасьці Міністэрства прамысловасьці БССР, пасьля галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР.

У 1989-га па 1992-ы — старшы выкладчык, а да канца 1990-х — дэкан, дацэнт мастацкага факультэту Беларускай акадэміі мастацтваў. З 1999-га — намесьнік старшыні, а з 2001-га па 2007-ы — старшыня Беларускага саюзу мастакоў. За два тэрміны на пасадзе рэалізаваў галоўную задачу — паставіць арганізацыю на фінансавыя ногі. Прыняў са штрафамі, а пакінуў з паўмільярдным актывам (на тагачасныя грошы).

У рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах удзельнічаў ад пачатку 1960-х. Асноўныя жанры — кніжная і станковая графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, эксьлібрысы.

На яго прызнаньне, у пачатку 1980-х быў звольнены пасьля даносу ў КДБ. «Нацыяналіста» Басалыгу абвінавацілі, што ён крытыкаваў расейскага палкаводца Аляксандра Суворава, які здушыў паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Пасьля гэтага мастак 9 гадоў быў беспрацоўным. Усё наладзілася толькі з распадам Савецкага Саюзу.

Уладзімер Басалыга сярод удзельнікаў зьезду Беларускага саюзу мастакоў, 2012 год

Творчасьць Уладзімера Басалыгі як мастака-графіка пачынаецца з афармленьня зборніка вершаў Сяргея Грахоўскага. Сярод найбольш цікавых прац у кніжнай графіцы — ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» Ўладзімера Караткевіча, «Крык жураўліны» Максіма Танка, «Невадам зь Нёмана» Ларысы Геніюш.

З канца 1970-х і ўсе 1980-я гады працаваў над графічнай сэрыяй «Помнікі дойлідзтва Беларусі», якую склалі больш за тры дзясяткі аўтарскіх твораў. На стварэньне сэрыі натхніў Уладзімер Караткевіч, якога Басалыга лічыў сябрам і аднадумцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася першая выстава мастака, які распрацаваў дзяржаўны герб «Пагоня»

Ня раз за сваё жыцьцё яго абвінавачвалі ў нацыяналізме. Праз усё жыцьцё пранёс усьведамленьне, што першымі сымбалямі культуры беларусаў былі бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня».

За асабістыя дасягненьні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 годзе быў узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат шматлікіх міжрэспубліканскіх і ўсесаюзных і конкурсаў, уладальнік блізу паўсотні дыплёмаў.

Меў жонку, выгадаваў траіх дзяцей, унукаў.

Уладзімера Басалыгу пахаваюць 10 чэрвеня ў Слуцку.