Бабарыка гатовы «ісьці да канца», зноў чэргі на зборы подпісаў, у Беларусі 879 новых выпадкаў COVID-19. Вынікі 7 чэрвеня
Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу і выбарчай кампаніі, за 7 чэрвеня
За дзень выявілі яшчэ 879 інфікаваных на COVID-19 і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, агулам 48 630 інфікаваных і 269 памерлых з пачатку пандэміі. Выздаравелі за дзень 632 пацыенты, з пачатку эпідэміі 23 647
На вечар 7 чэрвеня ў сьвеце зафіксавалі звыш 7,046 мільёна выпадкаў COVID-19, найбольш у ЗША, Бразыліі, Расеі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, Індыі і Італіі. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці больш за 403 тысячы чалавек, найбольш у ЗША, Вялікай Брытаніі, Бразыліі, Італіі, Францыі і Гішпаніі. Больш за 3,44 мільёна пацыентаў ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 3,2 млн, зь іх больш за 53 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
У Расеі за апошнія суткі выяўлена 8984 выпадкі заражэньня каранавірусам, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Агульная колькасьць тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй у краіне з пачатку эпідэміі вырасла да 467 673 чалавек. Амаль палова ўжо выздаравелі — 226 731 чалавек.
А цяпер — сёньняшнія навіны выбарчай кампаніі.
У Менску каля дому затрымалі Паўла Севярынца. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі прымаў удзел у пікеце на Камароўскім рынку
У Гомлі міліцыя зьвязала рукі затрыманаму актывісту Аляксею Дамянкову папругай. Як паведаміў брат Аляксея Дамянкова, амаль 2,5 гадзіны каля яго дому дзяжурыла міліцыя.
На пікеце каля Камароўкі хлопец прапанаваў дзяўчыне пабрацца шлюбам. Ягоную дзяўчыну Вераніку некалькі разоў затрымлівалі за грамадзкую актыўнасьць, а калі яны ажэняцца, то «прасьцей будзе перажыць гэтыя цяжкія часы».
Паводле праваабаронцаў, сёньня на Камароўку прыйшлі паставіць подпісы больш за 1350 чалавек
У нядзелю 7 чэрвеня каля Камароўкі прайшоў збор подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Свае пікеты на паставілі некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў. Прайшоў таксама «збор грошай на квіток да Гаагі.
«Адкажыце мне, як бацька бацьку». Аляксандар Фурманаў зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з адкрытым лістом. Ягонага сына Зьмітра Фурманава, каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці, схапілі разам з крэслам з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы падчас пікету 29 траўня.
Віктар Бабарыка заявіў, што гатовы аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі і «ісьці да канца»
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошынаадхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнкарасказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.