У нядзелю на пляцоўцы перад бізнэс-цэнтрам «Марка-сіці» прайшлі пікеты па зборы подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты.
Найдаўжэйшая чарга разгарнулася каля штабу Валера Цапкалы — адначасна у ёй стаяла да шасьцідзесяці чалавек. Таксама працавалі ініцыятыўныя групы Ціханоўскай, Бабарыкі, Чэрачня, Казлова. Многія людзі мянялі чэргі, каб падпісацца адразу за некалькіх кандыдатур.
Сёньня ў Віцебску тэмпэратура паветра прагрэлася да 25 градусаў вышэй за нуль. Нягледзячы на сьпякотнае надвор’е і выходны дзень на месцы пікетаў сабралася шмат людзей. Многія адзначалі, што адмыслова пакінулі лецішчы, каб вярнуцца ў горад і паставіць подпіс.
На пікеце віцебскія актывісты прыцягвалі ўвагу да затрыманьняў Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча.
За тым, што адбываецца ля так званай Піраміды назіралі.
Людзі пачалі разыходзіцца пасьля другой гадзіны. За гэты час, па неафіцыйных падліках, подпісы паставілі каля пяцісот чалавек.
У гэтую нядзелю на пляцоўцы перад бізнэс-цэнтрам было не так шматлюдна, як у мінулыя выходныя. Аднак па словах гараджан, такой грамадзянскай актыўнасьці, як на сёлетніх выбарах, у горадзе даўно не назіралася.