Узімку 1937 года ў СССР адбыліся першыя ў гісторыі ўсеагульныя выбары. Дэпутатаў у Вярхоўны савет СССР абіралі і ў Беларусі. Ажно паўстагодзьдзя праўду пра тое, як праходзіла выбарчая кампанія, хавалі ў засакрэчаных архіўных дакумэнтах.
Да 1936 году ў СССР былі шматэтапныя і неўсеагульныя выбары. У іх не маглі ўдзельнічаць цэлыя катэгорыі людзей — прыватныя гандляры, асобы, якія выкарыстоўвалі наёмную працу, сьвятары, манахі, былыя паліцыянты ды іншыя. Агулам гэта некалькі мільёнаў чалавек.
Усеагульнае выбарчае права ўведзена савецкай Канстытуцыяй, прынятай у 1936 годзе. Выбары прызначылі на наступны год. Ува ўсёй савецкай дзяржаве пачалі арганізоўваць гурткі, дзе вывучалі выбарчае заканадаўства, ладзіць мітынгі і сходы. У БССР стварылі цэлую армію агітатараў — 40 тысяч чалавек. Была праведзена шырокамаштабная кампанія пасланьня 190 тысячаў лістоў працоўных кіраўнікам партыі з просьбай да іх вылучацца на выбарах.
Спачатку ўлады абяцалі, што вылучыцца кандыдатам зможа кожны ахвотны. Але потым штосьці пайшло ня так...
Дакумэнты, у якіх апісваюцца рэальныя падзеі таго часу, гісторыкі змаглі пабачыць толькі ў 1990-х. Яны знаходзіліся ў Сакрэтным аддзеле / Асобным сэктары ЦК КП(б)Б. Летась частку зь іх апублікавала ў зборніку «Ўлада і грамадзтва. БССР у 1929–1939 гадах» гісторык Ірына Раманава.
Іншадумцы не адступаюць
Ад БССР галоўным кандыдатам бальшавікоў у Вярхоўны савет быў наркам абароны СССР Клімент Варашылаў. На «варашылаўскіх вечарах» вывучалі біяграфію кандыдата. Усьлед за Варашылавым ішла партыйная верхавіна савецкай Беларусі.
Бліжэй да дня выбараў пачаўся апагей Вялікага тэрору. За краты траплялі нават кандыдаты ў Вярхоўны савет, высокапастаўленыя чыны савецкай Беларусі. Ішлі паказныя працэсы. Бальшавікі вырашылі, што выбары адбудуцца на безальтэрнатыўнай аснове.
Напярэдадні выбараў Менск наведаў сам Варашылаў і выступіў на сталічным стадыёне «Дынама». Савецкая прэса сьцьвярджала, што ў мітынгу ўзялі ўдзел 120 тысяч чалавек.
Але падчас выбарчай кампаніі, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, былі і іншыя выпадкі. У дакладных запісках уладаў савецкай Беларусі ў Маскву праточвалася і інфармацыя пра здарэньні, якія сьведчылі пра непрыхільнасьць уладзе. Прынамсі, так іх успрымала сама ўлада.
Нават на этапе фармаваньня выбарчых камісіяў спэцыяльныя органы паведамлялі пра брак адзінства і выпадкі вылучэньня ва ўчастковыя выбарчыя камісіі адкрытых праціўнікаў савецкай улады. Усякія нестандартныя паводзіны лічыліся антысавецкай дзейнасьцю.
З дакумэнтаў, якія да 1990-х гадоў былі пад грыфам «Сакрэтна»:
- У калгасе «Бальшавік» Краснаслабодзкага раёну былі вылучаныя 16 асобаў, але 11 зь іх атрымалі адвод без галасаваньня, бо іх палічылі палітычна ненадзейнымі.
- На сходзе калгасьнікаў для вылучэньня кандыдатаў на Ўшаччыне «контрарэвалюцыйныя элемэнты» вылучалі кандыдатуры «выкрытых ворагаў народу». Адзін вылучыў у дэпутаты шляхціча, які жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
- Тых, каго улады кваліфікавалі як «ворагаў народу», вылучылі на адным з сходаў у Жлобінскім раёне.
- У Пухавіцкім раёне ёсьць цэлыя выбарчыя камісіі, у складзе якіх выключна ненадзейныя элемэнты, людзі, які самі сышлі з камсамолу, сваякі рэпрэсаваных і кулакоў.
Такіх здарэньняў толькі ў адной запісцы некалькі дзясяткаў.
«Усе гэтыя факты сьведчаць аб тым, што ворагі: царкоўнікі, шпіёны, трацкісты, бухарынцы і іншыя банды робяць усе высілкі для таго, каб выкарыстаць выбарчую кампанію для контрарэвалюцыйнай дзейнасьці і сарваць нашую працу», — гаварылася ў дакладной запісцы сакратара ЦК КП(б)Б Волкава Малянкову (сакратар партыі — РС) ад 19 лістапада 1937 году.
У той жа запісцы прыводзіцца шэраг фактаў, якія былі ўспрынятыя як іншадумства падчас выбарчай кампаніі:
- У Менску рабочы фабрыкі імя Кагановіча Петравіцкі дэманстратыўна адмовіўся ісьці на перадвыбарчы сход. Яго неаднаразова ўпрошвалі іншыя рабочыя. «Не пайду, усе кандыдаты мне не падабаюцца», — сказаў Петравіцкі.
- У Менску сын рэпрэсаванага зрываў лёзунгі.
- У Клімавічах жанчыны-верніцы на гуртку партыйнай працы заявілі: «Савецкая ўлада праваслаўнай верай пагарджае, таму падчас выбараў мы будзем выбіраць сваіх». Жанчыны таксама былі незадаволеныя, што ў выбарах удзельнічае кіраўніцтва партыі. Адну з жанчын арыштавалі.
- Вернікі агітавалі байкатаваць перадвыбарчыя сходы ў трох сельсаветах Парыцкага раёну. На падобнай сустрэчы арыштавалі жанчыну, якая заявіла, што не зьбіраецца галасаваць за вылучаныя кандыдатуры.
У Вузьдзенскім раёне кандыдаткай у дэпутаты была Софія Рачак. Пасьля таго, як яна пачала выступаць супраць улады, у яе выявілі рэпрэсаваных сваякоў, а потым на сходзе ў Капыльскім раёне заявілі: «Яна кепска працавала, 1000 га на трактары апрацавала не яна, ёй прыпісалі». У выніку замест яе вылучылі іншага кандыдата.
Наркам унутраных справаў БССР Берман пісаў 20 лістапада 1937 году сакратару ЦК КП(б)Б, што ў калгасах на Случчыне, Любаншчыне і Чэрыкаўшчыне зрываюцца сходы. Людзі на іх не прыходзяць масава, у некаторых калгасах выбарчыя кампаніі нават не рыхтаваліся.
Нягледзячы на тэрор і татальны кантроль, насельніцтва было неактыўнае ў выбарчых сходах. Улады непакоіліся.
«У Любанскім раёне з 600 рабочых саўгасу імя 10-годзьдзя БССР наведваюць заняткі толькі 50 чалавек. У калгасе «Барацьбіт» з 200 прыйшлі толькі 90. У саўгасе імя Дзяржынскага з 40 прыйшлі ня больш за 10», — гаварылася ў запісцы.
Як беларусы тролілі бальшавікоў
Падрыхтоўка да выбараў у некаторых рэгіёнах савецкай Беларусі ішла марудна. Пагаршала сытуацыю праца на шэрагу ўчасткаў так званых антысавецкіх элемэнтаў. Так выпадкі ў Менску кіраўніцтву партыі апісаў галава НКВД у Беларусі Берман, дарэчы, таксама кандыдат у ВС.
У адной з запісак ён паведамляў, што ніякай выбарчай працы не вялі, напрыклад, на менскай фабрыцы індывідуальных заказаў. Там ні было ні лёзунгаў, ні плякатаў. Берман тлумачыў гэта тым, што фабрыку будавалі трацкісты, таму на ёй засталіся іхныя сур’ёзныя ўплывы. У тым жа дакумэнце ён пісаў, што ў Ельскім раёне няма ня толькі кіраўнікоў выбарчых камісіяў, але нават выбарчых бюлетэняў.
У Веткаўскім раёне былы ссыльны пайшоў на незвычайны крок. Ён запрог у сані карову, сабраў групу і заявіў: «Дажыліся мы пра савецкай уладзе, даводзіцца кароў запрагаць. Хутка савецкая ўлада нас саміх запражэ ў сані і плуг». Скончылася гісторыя трагічна. Мужчыну зноў арыштавалі.
У Чавускім раёне былога кулака Голубева арыштавалі за тое, што да памяшканьня, дзе адбываліся заняткі гуртку пра выбары, ён прывёў каня аднаасобніка Вараб’ёва і патрабаваў пусьціць яго ў дом на заняткі.
З дакумэнтаў пад грыфам «Сакрэтна»:
- Гамяльчук Валохін сарваў выбарчы сход, стаўшы каля клюбу і кажучы прыбылым, што сустрэча перанесеная на іншы дзень. Людзі вярталіся дадому. Валохіна арыштавалі.
- У Шклоўскім раёне двое мужчын, у аднаго зь якіх бальшавікі расстралялі брата, падгаварылі людзей шумець на выбарчай сустрэчы. Потым яны выйшлі на вуліцу і пачалі біць каламі па сьценах будынку, дзе адбываўся сход. Частка людзей праз гэта сышла са сходу. Мужчын арыштавалі.
- 24 лістапада ў Сеньненскім раёне стаханаўцы мелі паехаць на выбарчы сход на грузавіку.
- «Калгасьнікі накіроўваліся арганізавана, мелі партрэты кіраўнікоў партыі і ўраду. Кіроўца грузавой машыны Мікола Сінькевіч дэманстратыўна адмовіўся везьці калгасьнікаў, дазволіўшы сабе рэзкія выпады ў адрас кіраўнікоў партыі і ўраду. Арыштаваны».
Выступы супраць Сталіна
Рэзкія выпады супраць бальшавікоў здараліся нават у адрас пэрсанальна Сталіна. Як лідэр партыі бальшавікоў, ён быў у выбарчым сьпісе галоўным кандыдатам.
У Гомельскім раёне аднаго з удзельнікаў выбарчага сходу арыштавалі за тое, што ён «ударыў партрэт Сталіна». Але арыштоўвалі і проста за словы нязгоды з курсам правадыра.
Архіўныя дакумэнты ўтрымліваюць зьвесткі пра арышты сялян за выступы супраць Сталіна ў Клімавіцкім, Чавускім, Бабруйскім, Краснапольскім і Заслаўскім раёнах.
З дакумэнтаў пад грыфам «Сакрэтна»:
- У вёсцы Красноўка Парыцкага раёну 70-гадовы кагласьнік заявіў: «Я за Сталіна галасаваць ня буду, бо ён сын памешчыка». Арыштаваны.
- У калгасе «Ўсход» арыштавалі двух калгасьнікаў, якія заявілі, што «калі Сталіна і Калініна не абяруць таемным галасаваньнем, то яны прымкнуць да трацкістаў».
- У Менску арыштавалі ўладальніцу пякарні Гітлю Тэтэльман за тое, што яна сказала: «НКВД арыштаваў добрых людзей, якія кіравалі дзяржавай. Гэтыя, якіх цяпер выбіраюць, давядуць нас да вайны». Арыштавалі.
- У Дрысенскім раёне арыштавалі пяцёх удзельнікаў групы, якія заклікалі не галасаваць за Сталіна.
Байкот і забароненыя кандыдаты
Для арышту дастатковай была проста агітацыя за байкот выбараў, неабавязкова супраць савецкай улады.
У дакумэнтах НКВД найчасьцей можна сустрэць узгадкі пра заклікі да байкоту ад вернікаў, найперш баптыстаў. У Шклоўскім раёне верніка-баптыста арыштавалі за тое, што ён зьвёў людзей з выбарчага сходу да сябе дахаты і агітаваў за байкот.
Было некалькі выпадкаў арыштаў юдэяў за агітацыю да байкоту. Арышты групы габрэяў адбыліся, нарыклад, у Парыцкім раёне. У Жыткавіцкім раёне байкотам выбараў пагражалі жонкі рэпрэсаваных, калі іх мужоў ня вызваляць.
З дакумэнтаў пад грыфам «Сакрэтна»:
- У буфэце станцыі Сіроціна службовец райсаюзу Ціхнавецкі сказаў: «Хай самі бяруць канвэрты і бюлетэні і апускаюць у скрыні». У даносе на яго было сказана, што на алімпіядзе гарманістаў яму далі партрэт Яжова, ад якога ён адмовіўся. Арыштавалі.
- У Старобінскім раёне селянін адкрыта вёў агітацыю за байкот выбарчых сходаў. Арыштаваны. У Бабруйскім раёне арыштавалі ўдзельніка сустрэчы, які заявіў, што выкрасьліць усіх.
- У школе ва Ўваравіцкім раёне распаўсюдзілі ўлёткі з заклікам да бацькоў вучняў байкатаваць выбары. У гэтым прызналіся два вучні — 9 і 10 клясы.
Падставай для арышту магла быць і агітацыя за любога іншага кандыдата не з бальшавіцкай партыі.
- Ва Ўваравіцкім раёне арыштавалі 72-гадовага мужчыну, які заклікаў мясцовых калгасьнікаў галасаваць за замежных кіраўнікоў.
- У мястэчку Шацілкі мясцовы жыхар вылучыў кандыдатамі Троцкага, Зіноўева і Каменева.
- У вёсцы Радзеева былы кулак агітаваў: «Мы маем права галасаваць за сваіх людзей. Сталін і іншыя пасядзелі ва ўладзе, і досыць, хай цяпер пасядзяць нашыя людзі». Арыштаваны.
- «Бальшавікі хочуць, каб мы выбралі новага цара Варашылава і невядомага нам Ванеева, які прыехаў з Украіны. Няўжо ў нас няма сваіх людзей? За Варашылава і Ванеева галасаваць ня буду», — заявіла касірка інваліднай артэлі Крэжатоўская. Правяраецца.
- У 50-м артпалку Полацкага раёну чырвонаармеец Касенка на палітынфармацыі выкрыкнуў: «Вылучайце кандыдатуру Троцкага ў Вярхоўны савет». На сходзе працоўнага камітэту начальнік Смаляк вылучыў ворага народу Ўбарэвіча. Арыштавалі і Касенку, і Смаляка.
Дзёрзкае хуліганства
Антысавецкія выступленьні ў Беларусі не абмяжоўваліся словамі. Адзін з даносаў, напрыклад, датычыў калгасьніка, які пасек сякерай партрэты кандыдатаў і лёзунгі. Іншы данос быў на сваякоў кулакоў, які прыходзілі на сходы п’янымі і зрывалі працу гурткоў для вывучэньня «Палажэньня аб выбарах ў Вярхоўны савет СССР».
Ня раз людзі выказвалі пратэст адчайнымі ўчынкамі.
- У Рагачоўскім раёне 5 чалавек тэрарызавалі калгасьнікаў, зьбіваючы тых, хто хадзіў на выбарчыя сходы. У адным з дакумэнтаў ёсьць згадка прынамсі пра чатыры факты зьбіцьця.
- Два трактарысты ў вёсцы Скоч Багушэўскага раёну зьбілі агітатара за выбары Пячатнікава. У раёне зрывалі плякаты і лёзунгі, дапісвалі словы.
- У Тураўскім раёне зрабілі самаробныя лёзунгі, дзе літара Х у пачатку слова была намаляваная як фашысцкая свастыка.
- На ўчастку ў Менску выбарчыя сьпісы замазалі экскрэмэнтамі. · У Горацкім раёне падчас выбарчага сходу двое мужчын падпалілі кінастужку, каб сарваць паседжаньне. У залі пайшоў дым, людзі ў паніцы выбягалі са сходу.
- У вёсцы Пудзіцкая Слабада Пухавіцкага раёну на перадвыбарчы сход нехта прынёс і кінуў у вядро зь пітной вадой махорку і соль.
- У Ельскім раёне 16-гадовы сын рэпрэсаванага Новік распаўсюдзіў на мітынгу нюхальную табаку. Прысутныя пачалі чхаць, гэта выклікала сьмех і ў выніку сход быў сарваны.
- У Сьмілавіцкім раёне ў чальца ўчастковай выбарчай камісіі скралі выбарчыя сьпісы. Пазьней іх знайшлі на вуліцы ў гразі. Адказным за гэта зрабілі сына кулака і арыштавалі. Падобныя выпадкі здараліся ў Менску, дзе вывешаныя сьпісы зрывалі.
- У Бярэзінскім раёне ва ўчастковую камісію Каменнаборскага сельсавету прыйшоў п’яны аднаасобнік Яроцкі і калгасьнік. Яны лаяліся ў адрас кандыдатаў, разьбілі шкло ў вітрыне, сарвалі здымкі і біяграфіі кандыдатаў.
Антысавецкае насільле
У архіўных дакумэнтах захаваліся сьведчаньні і пра больш жорсткія акцыі.
У Кіраўскім раёне, захоўваючы лексыку НКВД, ворагі народу арганізавалі і выканалі забойства актыўнага сябра ўчастковай выбарчай камісіі старшыні калгасу імя Молатава тав. Шпакоўскага. Пасьля ўчыненьня забойства адказныя нібыта прыйшлі ў міліцыю і заявілі, што «тэрарыстычны акт над Шпакоўскім яны зрабілі з клясавай помсты».
У Дзяржынскім сельсавеце Менскага раёну падчас мітынгу ў гонар згоды Сталіна, Варашылава, Яжова і Молатава балятавацца ў дэпутаты пачаўся пажар. Ён зьнішчыў 47 калгасных двароў з надворнымі пабудовамі. Вярхоўны суд, як паведамлялася ў запісцы, прысудзіў адказным расстрэл.
У былых сакрэтных дакумэнтах можна знайсьці дзясяткі сьведчаньняў хуліганскіх выбрыкаў, якія кваліфікаваліся як антысавецкая дзейнасьць.
- У калгасе «Чырвоны партызан» у Магілёўскім раёне грамадзянін Савіцкі ўварваўся ва ўпраўленьне калгасу, зрываў лёзунгі, плякаты, разрываў партрэты правадыроў. Адзін з трактарыстаў хацеў спыніць Савіцкага, але той уцёк. Аднак гісторыя на гэтым ня скончылася. Калі трактарыст араў поле, Савіцкі вярнуўся і спрабаваў зьбіць трактарыста, пасьпеў ударыць каменем у галаву.
- У Аршанскім раёне 17 лістапада ў калгасе «Перамога» чацьвёра мужчын зьбілі намесьніка старшыні выбарчай камісіі таварыша Мізевіча, чальца ВЛКСМ.
- У Сеньненскім раёне на палітзанятках Жураў Апанас спачатку раскрытыкаваў выбары, а пасьля зьбіў калгасьніцу-стаханаўку Ксенію Вялічку.
- У Чачэрскім раёне муж зьбіў жонку за тое, што яна наведвала гурток па выбарах у Вярхоўны савет.
- У Асіповіцкім раёне 3 сьнежня ў раённае аддзяленьне міліцыі паступіла заява ад чальца ўчастковай выбарчай камісі вёскі Тараны. «Калгасьнік Сасіноўскі па дарозе зьбў яго за тое, што ён зьяўляецца чальцом выбарчай камісіі, забраў у яго 500 рублёў, паліто і прадукты».
- У Чэрвеньскім раёне у вёсцы Горкі сваякі асуджаных за контрарэвалюцыйную дзейнасьць напалі на чальца ўчастковай выбарчай камісіі і зьбілі яго.
- 9 сьнежня на Чэрвеньскім тракце ў Менску адбываўся перадвыбарчы сход. Побач ішлі два студэнты мэдычнага інстытуту. Яны вырвалі дошку з плоту і выбілі ў доме вокны.
- 13 чэрвеня ў калгасе «Бабінічы» Аршанскага раёну быў арганізаваны падпал дому, у якім жыў сябра ўчастковай выбарчай камісіі. Дзьверы зачынілі звонку, каб ніхто ня змог выйсьці. Ратавацца давялося праз вакно.
- У Мазырскім раёне сыны кулака зьбілі старшыню ўчастковай камісіі. Калі ён уцёк, то мужчыны пачалі зьбіваць іншых удзельнікаў сходу.
«Дайце нам жыць, дайце нам свабоду»
Выбары прайшлі 12 сьнежня 1937 году. Пра іх хаду пісаў у дакладной запісцы сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву намесьнік наркама ўнутраных справаў Жабраў.
«Старыя, моладзь і жанчыны арганізавана, у сьвяточнай вопратцы, з музыкай, песьнямі пра любімага Сталіна і Варашылава, з кветкамі і бадзёрым настроем вялікай плыньню ішлі на свае выбарчыя ўчасткі за гадзіну-паўтары да выбараў».
Некаторыя там заставаліся з раніцы да самога падліку галасоў.
Але было ня толькі гэта.
У той жа нататцы намесьнік Бермана пісаў, што ў некаторых скрынях бюлетэні былі разарваныя. У адзін з канвэртаў нехта паклаў старонку са старой беларускай граматыкай. Людзі рабілі прыпіскі на картках, чаму лічаць кандыдата кепскім. На адной з картак, як паведамляў НКВД, быў дапісаны лёзунг «Дайце нам жыць, дайце нам свабоду». На іншым участку жанчына ў выбарчы пакет паклала выпіску пра аказаньне ёй дапамогі ў суме 80 рублёў і далучыла 3-5 грамаў хлебу, выпечанага, як падкрэсьлівалася, з мукі кепскай якасьці.
«Паводле нашых дадзеных, большасьць тых, хто не галасаваў за тав. Варашылава і зрабіў у бюлетэнях надпісы контрарэвалюцыйнага зьместу, былі чальцамі сем’яў рэпрэсаваных намі ворагаў народу, польскіх шпіёнаў, а таксама рэшткі ня выяўленых намі ўдзельнікаў антысавецкага падпольля ў Беларусі».
- На выбарчым участку ў Гомлі бухгальтар калгасу крытыкаваў лідэраў партыі, хваліў Гітлера. Дарэчы, ня раз у скрыні ўкідвалі карткі з дапісаным імем фюрэра.
- Дзьве жанчыны пад Гомлем былі арыштаваныя за тое, што на выбарчым участку крытыкавалі рэпрэсіі супраць палякаў.
- У вёсцы Корніца аднаасобнікі загітавалі 10 чалавек не ісці на выбары. Іх таксама арыштавалі.
- У Барысаўскім раёне трое рабочых торфазаводу пачалі піць гарэлку на ўчастку. Калі міліцыя паспрабавала іх спыніць, то адзін заявіў: «Я трацкіст, я хачу сарваць выбары, я ня буду галасаваць» і пачалі бойку. Усе былі арыштаваныя.
- На Віраўлянскім выбарчым участку жанчына заявіла: «Галасаваць за крывапійцу ня буду, пасля выбараў зноў пачнуцца арышты і расстрэлы».
Падобныя заявы гучалі дзясяткамі ў розных месцах. Аўтараў арыштоўвалі.
- У Тураўскім раёне на адзін з участкаў не прыйшлі 300 вернікаў. У Лоеўскім раёне вернікі не пускалі да сябе ў хату актывістаў, а старэйшыя верніцы хаваліся ў хлявах. Падобнае адбывалася ў Кіраўскім раёне. У чатырох вёсках людзі выганялі з хатаў агітатараў, зрывалі лёзунгі і партрэты, сыходзілі і хаваліся ў лесе.
- У вёсцы Бахацец кулакі падчас выбараў зьбілі чальцоў выбарчай камісіі, а потым прыйшлі да сакратара камісіі і паспрабавалі зьнішчыць выбарчыя дакумэнты.
- У Веткаўскім раёне калгасьнікі пачалі біць скрыню, пагражалі выбарнікам і тэрарызавалі іх. Калі іх спрабавалі супакоіць, яны зьбілі чальцоў выбарчай камісіі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, яўка на выбарах БССР склала 97,4%. За кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных прагаласавала 98%.