Праваабаронцы: Найбольшы ўдар сілавікі нанесьлі ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай

Блогер Сяргей Ціханоўскі на пікеце па зборы подпісаў за ягоную жонку Сьвятлану ў Горадні 29 траўня. У гэты дзень блогера і ягоных папленікаў затрымалі

Такую заяву разьмясьціў сайт незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, па стане на 5 чэрвеня 12 чальцоў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай пацярпелі перасьлед, затрыманьні і адміністрацыйныя пакараньні.

Паводле «Вясны», сярод дзевяці затрыманых па крымінальнай справе за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, а таксама чальцы групы Дзьмітры Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Арцём Сакаў.

У розны час затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, двое зь іх арыштаваныя на 15 сутак: Артур Сінега з Наваполацку і валянтэр каманды Андрэй Зуеў.

Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» склалі сьпіс з васьмі сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, якіх затрымлівалі альбо судзілі ў адміністрацыйным парадку:

  1. Уладзімер Мароз (Кобрын) — затрымліваўся;
  2. Валеры Рамановіч (Пінск) — затрымліваўся;
  3. Аляксандар Мілюк (Масты) — затрымліваўся;
  4. Максім Кавалевіч (Бяроза) — затрымліваўся;
  5. Кацярына Таланкова (Магілёў) — затрымлівалася;
  6. Артур Сінега (Наваполацк) — арышт 15 сутак;
  7. Вольга Каракіна (Гродна) — затрымлівалася;
  8. Уладзімер Кніга (Горадня) — затрымліваўся.

Былі затрыманыя таксама некалькі дзясяткаў валянтэраў каманды Ціханоўскага і прыхільнікаў затрыманага блогера.