Старшыня камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у адказе на пэтыцыю з патрабаваньнем забясьпечыць беларускамоўным грамадзянам роўны доступ да фінансавых паслугаў заявіў, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.
Таксама Ігар Марзалюк сказаў, што «паколькі заканадаўства не ўсталёўвае ніякіх абмежаваньняў для адной дзяржаўнай мовы і прывілеі для іншай, прававыя падставы для рэалізацыі выкладзеных у звароце прапановаў адсутнічаюць».
Яшчэ раз: «заканадаўства не ўсталёўвае прывілеяў».
Вось гэтае «ў нас дзьве дзяржаўныя мовы», у розных інтэрпрэтацыях, зрабілася ўнівэрсальным адказам практычна ўсіх чыноўнікаў на практычна ўсе заявы пасьля рэфэрэндуму-95.
Гэта, канечне, праява дзяржаўнай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя мовы раўнапраўныя, таму сыстэму АРІП па-беларуску ня зробяцьАле зараз я хачу ацаніць словы Ігара Марзалюка ня як палітыка, а як навукоўца. Ён доктар навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук.
Аднак для мяне больш важна, што Ігар Марзалюк скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага пэдынстытуту — які ў канцы 50-х скончыла і мая маці (тады факультэт называўся гісторыка-геаграфічным).
Выкладчыкі, паводле словаў маці, там былі добрыя.
Студэнты, праўда, былі розныя.
Да прыкладу, адзін выпускнік гэтага факультэту (ён яшчэ скончыў і Горацкую сельгасакадэмію, потым кіраваў саўгасам, цяпер дзяржавай) штораз блытаецца ў гістарычных фактах. Ну, але дрэнны студэнт — гэта, відавочна, не пра Ігара Марзалюка.
У праграму ВНУ ўваходзіць такі прадмет, як лёгіка.
І зараз, як кажуць, сачыце за рукамі.
Калі па-беларуску фінансавыя паслугі ня робяцца, і паводле закону ніякая мова не павінна мець прывілеяў, дык — па лёгіцы — і па-расейску яны не павінны рабіцца? Бо інакш гэта — прывілей. Перавага расейскай мовы над беларускай. А закон забараняе перавагу.
Застаецца толькі выбраць мову, на якой будуць аказвацца паслугі беларусам у дзяржаве, якая мае назоў Рэспубліка Беларусь.
Казаская? Партугальская? Фінская? Кітайская? Хіндзі? Нейкая іншая? Выбар багаты...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум-95, альбо Чаго мне не сказаў Пазьняк