«Мяне цяпер арыштуюць?» Пэнсіянэрка з Горадні адказала Лукашэнку і БТ

81-гадовая гарадзенка Галіна Філіпаўна Андрэйчык адказала Лукашэнку пра свой «палац», а тэлеканалу БТ — на разгалошваньне ейнай асабістай інфармацыі.

«Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак»

81-гадовая гарадзенка, дацэнт, вэтэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала кранальнае інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Блогер прытуліў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра «развал» Беларусі.

«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Ня бойцеся. Ня бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — кажа падчас стрыму сівая невысокая жанчына.

81-гадовая жанчына праславілася на ўсю Беларусь, калі паразмаўляла з блогерам

Другі раз слава знайшла гарадзенку ў вечаровым эфіры БТ 4 чэрвеня, калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі на ўсю краіну сьпіс ейнай прыватнай маёмасьці: кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў. Ейных дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.

На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу, не назваўшы імя, і кіраўнік краіны. Ён 4 чэрвеня сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Горадні, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы».

«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытаньне на адрас гарадзенкі.

«Пераможам ці не?»

Галіна Філіпаўна сустракае журналістаў са сьлязьмі на вачах.

«А мяне што, цяпер арыштуюць?» — задае яна першае пытаньне.

Кажа, што баіцца перасьледу, хаця — за што?

«Я і так на снатворных сплю. Скажыце, што будзе? Пераможам ці не?» — перажывае жанчына.

Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасьць. Так, ёсьць. І не разумее, чаму яна мусіць за гэта апраўдвацца.

Яна расказала, што сапраўды ў яе ёсьць катэдж, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Ўладзімер і цётка Аліна эмігравалі туды пасьля апошняй вайны.

Дом, дзе жыве Галіна Філіпаўна зь сям’ёй

Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў горадзенскіх унівэрсытэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе «на пахаваньне» 5 тысяч даляраў, каб родныя маглі зь ёй нармальна разьвітацца. Муж Валянцін Міхайлавіч Караўка пасьля Ленінградзкага палітэхнічнага інстытуту працаваў вядучым спэцыялістам па будаўніцтве, пайшоў з жыцьця 4 гады таму.

У Галіны Філіпаўны двое сыноў. Старэйшы працуе ў сфэры турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы — праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сфэры, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сыгналізацыю. Цяпер ён разам з маці, дапамагае ёй, працуе на гародзе, разьвёў рыбу ў сажалцы.

«Дык што, мы не маглі пабудаваць?» — зьдзіўляецца пэнсіянэрка.

Галіна Філіпаўна з сынам Дзьмітрыем

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся?»

Гаспадыня абураецца, што ейную прыватную тэрыторыю паказалі з дрона без дазволу.

«Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая. А што ж калгасьнікаў загналі, разагналі, а там бядуюць людзі», — тлумачыць суразмоўца.

Дом жанчыны паказалі з дрона ў вечаровым выпуску навінаў БТ

Яна не разумее, чаму здымачная група тэлеканалу БТ не зайшла да яе ў госьці, не запыталася, адкуль яны маюць даход.

«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся? Я б патлумачыла, адкуль крыніца і хто дапамог», — эмацыйна кажа жанчына.

Закід Лукашэнкі, што «жанчына крычала, гарлала», Галіна Філіпаўна аспрэчвае. Кажа, што ў яе проста моцны голас і выразная дыкцыя, яна шмат гадоў працавала лектарам.

Гарадзенка крытыкуе і рыторыку кіраўніка краіны.

«Гэты чалавек кажа розную лухту: „мой народзец“, каровы абасраныя», «галаву адкручу членам ураду». Як такое можна слухаць?.. Што гэта за размова? Ні культуры, нічога. Як так можна прэзыдэнту размаўляць і весьці такія прамовы?" — пытаецца Галіна Філіпаўна.

«Па адным задушаць»

Малодшы сын Дзьмітры моцна зьдзіўлены ўвагай да ягонай маці і іхняй сям’і. Ён прызнаецца, што баіцца правакацый, перажывае за свайго 10-гадовага сына Валянціна.

10-гадовы сын Дзьмітрыя Валянцін займаецца плаваньнем, мае шмат узнагародаў

«Яна (маці. — РС) выказалася, і адразу ўсіх пад адзін капыл, дзяцей, унукаў. Усіх расстраляць, разумееце? Я пры чым? Дзе відэа таго, што я казаў? Я баюся правакацый», — кажа Дзьмітры.

Сын Галіны Філіпаўны Дзьмітры паказвае свае «фазэнды»

Ён вядзе паказаць іхнія фазэнды. Другі двухпавярховы дом, абшыты сайдынгам, стаіць на ўчастку побач.

Дзьмітры кажа, што дамы будавалі сваімі рукамі за заробленыя грошы

Другая «фазэнда» сям’і Андрэйчык

«Фазэнда» ўсярэдзіне

«Нехта на адпачынкі езьдзіў, а мы дом будавалі, 38 гадоў, сваімі рукамі. Давайце разьмяшчацца, тут у нас „палацы“. Бачыце, стаіць скураная мэбля, крутая кухня, ванная», — з іроніяй кажа Дзьмітры і паказвае дом без аддзелкі.

Цяпер будоўля замарожаная. Другая недабудаваная фазэнда — гэта фундамэнт лазьні непадалёк.

Фундамэнт трэцяй «фазэнды»

Участак Андрэйчыкаў

Дзьмітры не шкадуе, што маці выказалася на плошчы.

«Яна самастойны чалавек. Ад мяне не залежыць. Я не магу ёй загадаць, спыніць. У нас дэмакратыя ў сям’і. „Мама, ідзі, калі ласка, і кажы, што табе набалела“. У нас жа можна выказвацца?» — кажа мужчына.

Сын зьдзіўляецца, чым пэнсіянэрка, інвалід так напужала ўладу

Гэтая «бабуля», на думку сына, аказалася мацнейшай за некаторых «мужыкоў».

«81 год, інвалід ІІ групы, так напужала, што нават да прэзыдэнта на стол леглі дакумэнты... Навошта фабрыкаваць у сродках масавай інфармацыі свае здагадкі, не праверыўшы, як насамрэч жывуць людзі, і з гэтым безграшоўем ідуць да сваёй мэты, каб жыць у „краіне для жыцьця“», — зьдзіўляецца Дзьмітры.

Галіна Філіпаўна і Дзьмітры ня ведаюць, якога кроку з боку ўлады чакаць наступным, пасьля таго як гарадзенка выказала сваю думку

Дзьмітры ўзгадвае, як Аляксандар Лукашэнка падчас выступу 4 чэрвеня хацеў нагадаць пра расстрэл людзей ва Ўзбэкістане.

«Як пасьля гэтага можна не баяцца за лёс?.. Што я цяпер буду, маўчаць? Па адным нас усіх заламаюць і нафабрыкуюць спраў. Трэба рабіць розгалас. Трэба неяк абараняцца... Маўчаць — яшчэ горш будзе, па адным задушаць», — абураецца Дзьмітры.