Нарвэскі сьпявак беларускага паходжаньня, пераможца «Эўравізіі-2009», у Instagram расказаў 3 чэрвеня, што 11 гадоў быў залежным ад снатворнага і антыдэпрэсантаў, а ў студзені пачаў курс рэабілітацыі.
«Усё пачыналася бяскрыўдна, але ў выніку гэта амаль зруйнавала маё жыцьцё», — напісаў Аляксандар Рыбак пра залежнасьць. Цяпер ён пачынае адчуваць сябе лепей з дапамогай дактароў.
За апошнія гады, прызнаўся Рыбак, лекі зрабілі яго слабым і запалоханым, уплывалі ня толькі на мазгі, але таксама на цягліцы і страўнік, «разбурылі стасункі зь людзьмі і амаль зьнішчылі жыцьцё».
«Я ведаю, што ёсьць шмат людзей, якія змагаюцца з падобным, таму цягам наступных тыдняў я падзялюся з вамі сваім досьведам, і я буду рады, калі камусьці ён дапаможа», — напісаў Рыбак.
Сёньня сьпявак выдаў новыя песьні — «My Whole World» («Мой цэлы сьвет») і «Give Me Rain» («Дай мне дождж»), пра лячэньне разьбітага сэрца і псыхічнага расстройства. Праца над імі, піша ён, была часткай тэрапіі.