Рэгіянальны інфармацыйны партал «Палеская вясна» апублікаваў відэа збору подпісаў за Лукашэнку ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі Рэчыцы. Гэта адбывалася ў працоўны час, пры выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Свабода разьбіралася, што пра гэта думае юрыст.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Ты хочаш працаваць? А я хачу да пэнсіі дапрацаваць»
На відэа — група жанчын, якім прынесьлі падпісныя лісты і просяць запоўніць пашпартныя дадзеныя, пазначыць дату і паставіць подпіс. Рэгістратарка па імені Марына размаўляла па тэлефоне, калі ёй далі падпісны ліст. Яна пачала запаўняць, а калі разабралася, за каго зьбіраюць подпісы, абурылася.
Жаночы голас тлумачыць Марыне: «Ты можаш не дапісваць, гэтую графу маюць права выкрасьліць». Іншы голас кажа: «Дапішы ўжо! Калі пачала, дапісвай». Марына пярэчыць, што няма пашпартных дадзеных. Ёй кажуць: «У Натальлі Паўлаўны будуць усе пашпарты».
Пры гэтым чуваць: «Ды хто іх будзе правяраць, гэтыя сьпісы?» На заўвагу аўтаркі відэа, што зьбіраць подпісы на працы незаконна, гучыць: «Ты хочаш працаваць? А я хачу да пэнсіі дапрацаваць».
Па рэпліках на відэа адчуваецца, што ня ўсе задаволеныя: «Ён мне пэнсію не дабаўляе, а я буду за яго галасаваць?» — абураецца жанчына.
Гучыць і імя той, што прасіла падпісвацца: Ірына Ўладзімераўна.
У рэгістратуры Рэчыцкай дзіцячай паліклінікі Свабодзе адмовіліся пракамэнтаваць сытуацыю. Не камэнтуе і галоўная лекарка паліклінікі.
Супрацоўнікі паліклінікі расказалі Радыё Свабода, што на відэа старшая мэдсястра дзіцячай паліклінікі Натальля Іванаўна. На відэа Натальля Іванаўна кажа, што папрасіла яе «Ірына Ўладзімераўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за ЛукашэнкуІрына Ўладзімераўна, па словах супрацоўнікаў паліклінікі, — супрацоўніца аддзелу кадраў Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Яна — сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.
Відэа спачатку зьявілася ў адным Telegram-канале, яго перапосьціла «Палеская вясна» ды іншыя інтэрнэт-рэсурсы.
Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, пры зборы подпісаў у Рэчыцкай дзіцячай паліклініцы парушана некалькі артыкулаў Выбарчага і Працоўнага кодэксаў ды іншых заканадаўчых актаў.
Па-першае, подпісы зьбіралі ў працоўны час на працоўных месцах.
Па-другое, варта вызначыць, ці сябра ініцыятыўнай групы зьбірала подпісы. Бо подпісы, сабраныя не сябрамі ініцыятыўнай групы, паводле Выбарчага кодэксу, лічацца несапраўднымі.
«Праверыць можна, ці быў прымус і як выкарыстоўваўся „адміністрацыйны рэсурс“ — бо подпісы зьбірала старшая мэдсястра, якой падпарадкоўваюцца рэгістратары паліклінікі. Подпісы на прадпрыемствах і ва ўстановах зьбіраюць, як правіла, прадстаўнікі адміністрацыі», — кажа праваабаронца.
А згодна з 61 артыкулам Выбарчага кодэксу «Ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджваньне выбаршчыкаў за ўнясеньне подпісу, не дапускаюцца».
«Гэтае відэа можна накіраваць у пракуратуру і ЦВК, — лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Хоць яно здымалася таемна, на ім лёгка вызначаюцца ўсе дзейныя асобы. Да таго ж у рэгістратуры дзіцячай паліклінікі вядзецца аўдыё- і відэазапіс, якія пракуратура і ЦВК могуць запатрабаваць, тым больш што дата і час дакладна вядомыя», — такое меркаваньне выказвае юрыст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў на скаргі аб прымусовым зборы подпісаў
«Адмыслова робіцца дыскрэдытацыя нашай групы»
4 чэрвеня на паседжаньні ЦВК разьбіралі скаргу Віктара Бабарыкі, які заклікаў адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам Аляксандру Лукашэнку або вынесьці ягонай групе папярэджаньне. Натуральна, у задавальненьні скаргі адмовілі.
«Адвакатам» на паседжаньні ЦВК выступаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня ФПБ Міхаіл Орда. Абараняўся ён надзвычай эмацыйна: яго прамова была перасыпаная словамі і фразамі «фэйкі», «хлусьня», «правакацыя», «скажоная інфармацыя» «дыскрэдытацыя», «маніпуляцыя грамадзкай думкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовіласяНекаторыя яго заявы выглядалі даволі дзіўна. Да прыкладу, спадар Орда сьцьвярджае, што «Выбарчы кодэкс не рэглямэнтуе, у які час дазваляецца збор подпісаў па месцы працы».
Прафсаюзны лідэр ня можа ня ведаць, што ёсьць яшчэ Працоўны кодэкс, які рэглямэнтуе, чым і кіраўнікі, і супрацоўнікі павінны займацца ў працоўны час.
Да таго ж, паводле Міхаіла Орды, многія скаргі ананімныя, таму на іх ня варта зьвяртаць увагі.
«Усе факты — ад ананімных заяўнікаў, яны ня могуць разглядацца, бо тут няма вызначанай асобы», — перакананы Міхаіл Орда.
Ня лічыць ён доказам і скрыншоты, бо, на думку кіраўніка ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, «скрыншот лёгка падрабіць у карысьлівых мэтах, ён ня можа разглядацца як факт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое магілёўцаў «адклікалі» подпісы за Лукашэнку — заявілі, што зьбіралі пад пагрозаміШто тычыцца гука- і відэазапісу, лічыць ён, то гэтыя матэрыялы таксама ня могуць разглядацца, калі зьнятыя «скрытай камэрай». І тут Міхаіл Орда апэлюе да артыкула 299 Грамадзянскага кодэксу (маючы на ўвазе, відаць, артыкул 229 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу; там гаворыцца пра выкарыстаньне аўдыё, — відэа- і падобных запісаў у якасьці доказаў у судзе. — РС):
«Схаваны збор аўдыё- і відэазапісу, калі гэта ня вызначана заканадаўствам, забаронены. Таксама аўдыё- і фатаздымка, калі яна пасягае на правы чалавека і калі гэтую здымку хтосьці ажыцьцяўляе. Ён павінен паведаміць чалавеку, што гэтая здымка ідзе, паколькі ў адваротным выпадку ідзе наўпрост парушэньне правоў чалавека», — кажа прафсаюзны лідэр. І робіць выснову: «Адмыслова робіцца дыскрэдытацыя нашай групы».
Ня стаў прыводзіць Міхаіл Орда і лічбы, колькі подпісаў сабралі за Аляксандра Лукашэнку:
«Мы сёньня — я ня буду прыводзіць лічбы, колькі мы сабралі, таму што гэта наша ўнутраная справа, калі прыйдзе час, мы аб’явім, — але больш за палову мы якраз сабралі подпісаў па месцы жыхарства», — сьцьвярджае кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што за 4 дні за яго вылучэньне кандыдатам сабралі 200 тысяч подпісаў
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.