«Адчуваю сябе тут ня горш, чым у Бэрліне». Украінскі комік расказвае пра жыцьцё ў Беларусі

Украінскі комік Андрэй Шчэгель

Амаль год таму ўкраінскі комік Андрэй Шчэгель пераехаў у Менск, каб разьвіваць тут культуру гумару і разам зь Дзьмітрыем Нарышкіным адкрыць Stand Up Comedy Hall. Падаецца, усё атрымалася: на мінулым тыдні клюб зноў адкрыўся пасьля карантыну, і комікі нават у разгар пандэміі зьбіраюць залі.

У размове са Свабодай украінец расказвае пра турызм па-беларуску, сымпатыю да Зянона Пазьняка і кажа, што не жадае Беларусі ўкраінскага лёсу.

Андрэй Шчэгель зьбіраўся пражыць у Менску год, але пляны зьмяніліся, і прычына не ў каранавірусе. Жонка коміка знайшла тут добрую працу, таму сям’я вырашыла застацца ў Менску яшчэ на некаторы час. Пераезд у Беларусь, кажа Шчэгель, даўся лёгка.

Андрэй Шчэгель

«Калі ўбачыў памежніка ў форме як у амэрыканскіх фільмах пра Савецкі Саюз, то крыху ніякавата»

«Я вельмі люблю Беларусь. Мне пазваніў сябар Дзіма Нарышкін, да якога я ўжо прыяжджаў, якому я суперажываю і адчуваю, якое месца камэдыя займае ў яго жыцьці. Ён запытаўся, колькі грошай мне трэба, каб пераехаць у Менск, бо ён адкрывае стэндап-клюб і хоча, каб мы рабілі гэта разам. Такіх прапановаў у мяне ня будзе ніколі», — расказвае хлопец. У Менск ён перабраўся ў ліпені 2019 году.

Андрэй кажа, што рады апынуцца ў каранавірусны час у Беларусі. Ён ня любіць абмежаваньняў, а ва Ўкраіне быў уведзены строгі карантын.

«Жыцьцё ў каранавірус нічым не адрозьніваецца ад жыцьця не ў каранавірус. Тут у мяне больш спраў, чым было б ва Ўкраіне, бо там быў карантын. У Менску проста зьмяніў свой расклад. Мы пачалі рабіць стрымы на Youtube, час ад часу рабілі „Разгоны“ ў StandUp Hall ці выключна для нейкіх кампаній. Я пачаў бегаць, дапамагаў жонцы па працы. Гэта было як водпуск. Мне падабаецца жыць у Беларусі. Для госьця гэта вельмі зручная краіна».

Да пераезду, кажа комік, у яго было такое ж уяўленьне пра Беларусь, як і ва ўсіх: «краіна, дзе ёсьць Лукашэнка, а значыць, там дыктатура і ўсё вельмі строга».

«І людзі ціхенькія! Калі заяжджаеш у краіну і бачыш памежніка ў форме, якую ты бачыў у амэрыканскіх фільмах пра Савецкі Саюз, то крыху ніякавата. Сапраўды, краіна выглядае так, што быццам бы калі б тут хтосьці не прыбраўся, то атрымаў бы люлёў».

Але хлопец прыйшоў да высновы, што такі погляд — сукупнасьць забабонаў саміх беларусаў. Ён лічыць, што беларусы — «звычайныя, нармальныя людзі, нават клясныя». А стаўленьне да краіны дыктуе асяродзьдзе, у якім знаходзіцца чалавек.

«У мяне асяродзьдзе вольнае, творчае, забясьпечанае. Таму я сябе адчуваю тут ня горш, чым у Бэрліне».

«Калі ў цябе няма Пізанскай вежы, то пабудуй вежу і вер, што праз сто гадоў нехта будзе каля яе фоткацца»

Мы шмат гаворым пра адрозьненьні паміж беларусамі і ўкраінцамі. Андрэй прыводзіць у прыклад беларускі турызм «без амбіцый».

«Ва Ўкраіне ўжо нельга адкрыць проста гандлёвы цэнтар. Ва Ўкраіне можна адкрыць толькі „самы вялікі ў Эўропе гіпэрмэгасупэрмол“. Гэтыя „супэрмолы“ будуюць далёка ад гораду, але яны настолькі масіўныя, што, як чорныя дзіры, прыцягваюць усю інфраструктуру. Таму горад пашыраецца. Калі ва Ўкраіне што-небудзь будуюць, то адразу паўсюль рэкляма, будынак вялікі, багаты. Гэта такі турызм на заходні манер, калі трэба ўразіць чалавека».

Таму, кажа Шчэгель, яму больш даспадобы беларускае — малое і сымпатычнае.

«Я шмат вандраваў па Беларусі. Зразумела, што вандраваць па Беларусі — гэта не маштабы прэрый. Мы былі на Блакітных азёрах на Нарачы, былі ў музэі Першай Усясьветнай вайны па дарозе туды. Гэты музэй самі людзі стварылі. Уяві, людзі ў Забродзьдзі самі зрабілі музэй! Кажуць, што Першая Ўсясьветная не шануецца, ёй ніякага значэньня не надаецца. Яны там могілкі аднавілі, навезьлі тэхнікі. Выглядае вельмі па-беларуску: куча зямлі, знойдзеныя каскі, патроны, абразы. Усё ня вельмі спарадкаванае, не аформленае так, як аформіў бы заходні музэй, у якога шмат грошай. Але гэта выдатнае пачынаньне. Калі ў цябе няма Пізанскай вежы, то пабудуй вежу і вер, што праз сто гадоў нехта будзе каля яе фоткацца».

Андрэй упэўнены, што беларусам трэба больш шанаваць сваю краіну, але кажа, што тых, хто не шануе, заўважна больш за астатніх.

«У большасьці сваёй беларусы добрыя, спакойныя людзі, якія любяць сваю краіну і разумеюць, што трэба атрымліваць асалоду ад таго, што ёсьць. Тут няма Калізэяў, няма прэрый тых жа, няма дыназаўраў. Але трэба проста з гэтым зьмірыцца».

Андрэй ужо зьезьдзіў паглядзець на Лідзкі замак, у Нясьвіж, Мір, Полацак і Наваполацак.

«Бачыў вялікі камень. Вось гэта беларускі турызм! Ты проста бярэш сяброў, машыну, едзеш па нармальных дарогах у Полацак, каб паглядзець на камень. Вып’ем, пераначуем, паедзем назад. Што яшчэ трэба?» — задаецца пытаньнем украінец.

«А ў нас усё адбываецца, але нічога не зьмяняецца»

Ад беларусаў часта можна пачуць меркаваньне пра ўкраінцаў, што тыя ўмеюць аб’яднацца. Андрэй кажа, што пасьля двух майданаў ва Ўкраіне «даходзім да таго, што трэці будзе ўжо ня супраць улады».

«А супраць канкрэтных алігархаў. Ёсьць дастаткова цікавая тэорыя, што ў нас уся палітыка ў руках алігархаў. Гэтыя алігархі рукамі ўласнай рэвалюцыі змагаюцца са сваімі апанэнтамі», — тлумачыць ён.

У Беларусі, мяркуе ён, нічога падобнага не адбываецца, бо опцыі «давайце зьменім» тут проста няма.

«Моладзь такая: „Я зайздрошчу ўкраінцам, таму што яны могуць абʼяднацца, у іх там штосьці адбываецца“. А ва Ўкраіне сядзяць і думаюць: „А што ў нас усё адбываецца, але нічога не зьмяняецца?“. Таму што адным „рушняком“ нічога не канчаецца. Таму пра тое, што ўкраінцы могуць абʼяднацца, — забабоны і глупства. Мне вельмі дзіўна гэта чуць. Груба кажучы, у нас моладзь жыве фантазіямі пра Каліфорнію, а тут — пра Кіеў. Такога лёсу, як ва Ўкраіны, я вам не жадаю», — кажа Шчэгель.

Андрэй ня згодны з тым, што беларусы — не эмацыйная нацыя: «Паглядзіце на Ціханоўскага, Лукашэнку. Хіба яны не эмацыйныя?». А забароненыя тэмы для жартаў калі і ёсьць, то толькі ў галавах коміка ці гледача.

«Калі комік не бярэ нейкую тэму, то ён абмежаваны ці ня можа яе падняць. Калі глядач яе баіцца ці не ўспрымае, значыць, ён таксама ня можа расслабіцца і знайсьці камэдыю ў тым, у чым яму прапануюць».

Украінец мяркуе, што беларусам ужывілі думку пра «адну перамогу» і што «больш ніякіх ня трэба». Гэта ён называе нацыянальнай рысай беларусаў.

«Мы памятаем — гэта нашае галоўнае, наш слуп, на якім усё трымаецца. І больш нам нічога ня трэба — толькі не дапусьціць наступнай [вайны]. Гэта ня толькі нежаданьне рухацца наперад, які б гэта рух ні быў: Ціханоўскі ці новая партыя, якая фінансуецца выключна за кошт грамадзян Беларусі».

Андрэй працягвае, што гэта адбіваецца і на ягонай сфэры дзейнасьці. Так, у Беларусі ўжо ёсьць стэндап, амэрыканскі фармат, «але ты ўсё роўна ідзеш туды з жартамі для КВЗ», — тлумачыць ён.

«Ведаю, што беларуская мова ў жалю вартым стане»

Беларуская мова Андрэю падабаецца, і ён яе разумее, але вучыць не спрабаваў. Запамінае словы, якія адрозьніваюцца ад расейскай і ўкраінскай.

Затое паглядзеў на Свабодзе інтэрвію зь Зянонам Пазьняком і прачытаў яго біяграфію.

«Такі сьмешны чувак! Ня ведаю, яго гэта асаблівасьць ці ўвогуле беларуская, але слухаеш яго і думаеш: „Нібы разумны чалавек!“. А потым ён кажа: „Лукашэнку падабаецца глядзець, як у беларускіх падвалах КГБ расстрэльваюць людзей“. І ты такі: „А ці праўда ўвогуле ўсё, што ён казаў да гэтага?“. Мне ён вельмі спадабаўся! Я б хацеў, каб ён быў у Беларусі прэзыдэнтам. Гэта той чувак, які і старое захавае, і вельмі старое захавае, і штосьці новае памножыць».

Шчэгель ведае, што беларуская мова ў Беларусі ў жалю вартым стане, але ўпэўнены, што яна жыцьцяздольная. Сам ён у жыцьці больш размаўляў на расейскай.

«Але цяпер на фоне адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці, ідэі і сваркі з Расеяй я разумею, што абавязаны хаця б палову кантэнту рабіць на ўкраінскай. Хто, калі ня я?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я думаю, што мэдыкі — героі». Комік Дзьмітры Нарышкін закрыў стэндап-клюб і пайшоў у валянтэры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Комік, які жартаваў пра вернікаў і Пуціна, зьехаў з Расеі, бо ім зацікавілася паліцыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быць беларусам у Беларусі – гэта жорстка». Пра што жартавалі на першым фэмінісцкім стэндапе