Прэм'ер-міністрам Беларусі замест Сяргея Румаса ўпершыню прызначаны выхадзец зь сілавых структураў, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплексу Раман Галоўчанка.
Раней беларускі ўрад узначальвалі эканамісты, фінансісты, выхадцы з прамысловасьці і сельскай гаспадаркі.
Шэраг ведамстваў урадавыя зьмены, зробленыя 4 чэрвеня Аляксандрам Лукашэнкам, не закранулі. Сярод іх міністэрствы замежных і ўнутраных спраў, аховы здароўя, эканомікі, адукацыі, культуры. А некаторыя атрымалі новых кіраўнікоў. Сярод іх па некалькі выхадцаў зь сілавых структур і землякоў Аляксандра Лукашэнкі з Магілёўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новым прэм’ерам Рамана Галоўчанку. Хто ён?- Першы віцэ-прэм’ер — Мікалай Снапкоў. Да гэтага ўжо працаваў ва ўрадзе, вернуты назад з пасады амбасадара Беларусі ў Кітаі, куды быў накіраваны на пачатку гэтага году. Ураджэнец Магілёва.
- Віцэ-прэм’ер — Аляксандар Субоцін. Папярэднія месцы працы — намесьнік міністра сельскай гаспадаркі, памочнік прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці, сябра калегіі прамысловасьці і аграпрамысловага комплексу ў структурах ЭАЭС. Ураджэнец Магілёўшчыны.
- Міністар прамысловасьці — Пётра Пархомчык. Пачынаючы ад сярэдзіны 2000-х бесперапынна ўзначальваў жодзінскае прадпрыемства БелАЗ.
- Міністар архітэктуры і будаўніцтва — Руслан Пархамовіч. Кіраваў Магілёўскім домабудаўнічым камбінатам, апошнія два гады — намесьнік старшыні аблвыканкаму.
- Міністар фінансаў — Юры Селіверстаў. Падняўся на адну службовую прыступку з пасады першага намесьніка міністра
- Міністар інфармацыі — Ігар Луцкі. Да прызначэньня быў дырэктарам тэлеканалу СТВ, у ведамстве заняў месца Аляксандра Карлюкевіча.
- Міністар жыльльёва-камунальнай гаспадаркі — Андрэй Хмель. Да таго быў намесьнікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
- Камітэт дзяржкантролю — Іван Церцель. Яшчэ адзін сілавік ва ўрадзе, былы намесьнік старшыні Камітэту дзяржбясьпекі.
- Дзяржаўны камітэт вайсковай прамысловасьці — Дзьмітры Пантус. Служыў першым намесьнікам Рамана Галоўчанкі, пакуль таго не прызначылі прэм’ер-міністрам Беларусі.