Сяргея Румаса прызначылі прэм’ерам 18 жніўня 2018 году. Свабода прыгадала, чым ён адзначыўся на гэтай пасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новым прэм’ерам Рамана Галоўчанку. Хто ён?
Заступаўся за заўзятараў зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоня
Сяргей Румас любіць футбол, яго часта можна было заўважыць на трыбунах, калі ён быў і віцэ-прэм’ерам, і кіраўніком ураду. Ад красавіка 2011-га па 2019 год Сяргей Румас кіраваў Фэдэрацыяй футболу.
Падчас сустрэчы Беларусь – Македонія ў Барысаве затрымалі заўзятараў за нацыянальную сымболіку. Тады Фэдэрацыя футболу стала на іх абарону.
Сяргей Румас асабіста сустракаўся з тагачасным міністрам Ігарам Шуневічам, каб такіх выпадкаў больш не было.
Шматдзетны бацька
Сяргея Румас з жонкай маюць чатырох сыноў. Старэйшы сын Валер скончыў эканамічны факультэт БДУ, пасьля вучыўся ў Лёндане, але вярнуўся на радзіму. Яшчэ трох сыноў завуць Максім, Сяргей і Філіп.
Пасьпяховы банкір
Сяргея Румаса ўзялі на працу ў Нацыянальны банк адразу пасьля службы ў войску, але ў 1990-х ён на некаторы час падаўся ў камэрцыю. Займаў высокія пасады ў камэрцыйных банках «Паўночны Захад» і «Садружнасьць».
Пасьля гэтага Румас працаваў у «Беларусбанку», але найбольш пасьпяховым было знаходжаньне на пасадзе старшыні «Белаграпрамбанку», за час ягонага кіраваньня банк займеў у 1,5 раза больш укладчыкаў. У часы кіраваньня Румаса гэты банк называлі найбольш стабільным.
Бацька Румаса працаваў з Кебічам
Мікалай Румас, бацька Сяргея Румаса, працаваў ва ўрадзе Кебіча ў 1990-м на пасадзе намесьніка міністра фінансаў. Некаторы час нават выконваў абавязкі міністра фінансаў. Там жа бацька Румаса наладзіў стасункі зь Міхаілам Мясьніковічам.
Аматар паляваньня
Апроч футболу, Сяргей Румас мае і іншае хобі – паляваньне. Для гэтага ён нават езьдзіў у Афрыку, дзе паляваў на вінтарогіх антылоп.
Дамогся мінімальнай інфляцыі
Сяргей Румас як былы банкір у тандэме з Нацбанкам здолеў дасягнуць мінімальнай інфляцыі ў 5%. Некалькі разоў быў пабіты рэкорд стаўкі рэфінансаваньня, якая цяпер 8%.
Сяргею Румасу на сваёй пасадзе давялося выцягваць з крызісу многія сфэры, напрыклад дрэваапрацоўку, мадэрнізацыя якой так і не дала выніку. Але гэтая сфэра і цяпер у крызісе.
Па выніках першага году прэм’ерства Сяргея Румаса ВУП Беларусі вырас на 3%, летась толькі на 1,2%.
Амаладзіў кабінэт міністраў
Пры Румасу значна амаладзіўся кабінэт міністраў, там працавалі міністар фінансаў Максім Ермаловіч (42 гады), Дзьмітры Круты (39 гадоў), першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын (44 гады).
Перажыў «падатковы манэўр» і пагрозу інтэграцыі
На сваёй пасадзе Сяргей Румас засьпеў няпростыя часы для беларускай эканомікі: у Расеі правялі падатковы манэўр, які моцна ўдарыў па беларускай нафтаперапрацоўцы. Страты ацанілі ў больш як 400 мільёнаў даляраў.
Таксама ў пачатку году Расея прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, што таксама мусіў вырашыць урад Румаса. А 2019 год скончыўся для ўраду перамовамі пра «паглыбленую інтэграцыю», у гэтым пытаньні ўрады Беларусі і Расеі так і не дамовіліся.
Прыхільнік прыватызацыі і інвэстыцый
Сяргей Румас першапачаткова выступаў за прыватызацыю прадпрыемстваў і залучэньне інвэстыцый у беларускую эканоміку. Ён выступаў супраць крэдытаваньня стратных прадпрыемстваў, субсыдый і льготаў для іх. Аднак цалкам спыніць гэты працэс прэм’еру не ўдалося. Нядаўна дзяржава зноў выдзеліла грошы стратнай дрэваапрацоўцы ды іншым прадпрыемствам.
Сышоў займацца бізнэсам
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, які прызначыў новы ўрад, да Сяргея Румаса «асаблівых нараканьняў няма», але «чалавек хоча займацца бізнэсам». Цяпер урад узначаліў былы кіраўнік ВПК Раман Галоўчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за мітусьнёй Лукашэнкі з урадам