Міністэрства адукацыі Беларусі абмежавала набор у дзіцячыя садкі ў сувязі з каранавірусам

Ілюстрацыйнае фота. Дзіцячы садок № 130 у Гомлі

У сувязі з эпідэміяй каранавірусу набор у дзіцячыя садкі абмежаваны, паведаміла БелТА начальніца галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй, дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сьвятлана Ўклейка.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Накіраваньне ў дзіцячыя садкі выдаюць з улікам нормаў напаўняльнасьці груп і ў адпаведнасьці са сьпісам дзяцей, якія маюць патрэбу ў дашкольнай адукацыі. Разам з тым, паколькі Міністэрства здароўя забараніла перавод з групы ў групу і прыём новых дзяцей у дзіцячыя садкі ў пэрыяд эпідэміі каранавірусу, такія накіраваньні не выдавалі і дзяцей у садкі не прымалі.

Як паведаміла чыноўніца, забарона пераводзіць дзяцей з групы ў групу і прымаць новых тычыцца пэрыяду, калі ў садку зарэгістравалі выпадкі інфэкцыі COVID-19 або пакуль ня скончыўся пэрыяд правядзеньня санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў пасьля рэгістрацыі такіх выпадкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З 27 дзяцей у групу ходзяць трое». Што адбываецца ў дзіцячых садках Менску, дзе ў супрацоўнікаў выявілі COVID-19

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ