У ЗША ўжо тыдзень ладзяць акцыі пратэсту, каб прыцягнуць увагу да праблемы расавай няроўнасьці і дамагчыся пакараньня ўсіх датычных да гібелі цемнаскурага мужчыны Джорджа Флойда. Галоўным лёзунгам руху стала фраза Black Lives Matter — «Жыцьці цемнаскурых маюць значэньне».
2 чэрвеня ва ўсім сьвеце адбываецца кампанія Blackout Tuesday (Зацемнены аўторак), стужкі сацыяльных сетак запоўніліся чорнымі квадратамі з хэштэгам #blackouttuesday. Сэнс акцыі ў тым, каб замяніць гэтымі квадратамі ўвесь забаўляльны кантэнт і на дзень перастаць публікаваць усё, што ня мае дачыненьня да тэмы расізму. Паводле задумы арганізатараў, гэта павялічыць інфармаванасьць аб праблеме расавай няроўнасьці.
Чорныя квадраты ў Інстаграме, Твітэры і Фэйсбуку ўжо выклалі многія знакамітасьці: Рыянна, Брытні Сьпірс, Кэці Пэры, Канье Ўэст, Шэран Стоўн, Мэрая Кэры ды іншыя зоркі.
Аднак арганізатары сутыкнуліся з праблемай: замест патрэбнага хэштэга #blackouttuesday многія ўдзельнікі выкладаюць звыклы #blacklivesmatter, які выкарыстоўваюць, каб паказваць трансьляцыі з акцыяў пратэсту. А з прычыны сёньняшняй блытаніны, перайшоўшы праз гэты хэштэг, замест навінаў зь месца падзеяў можна знайсьці толькі сотні чорных квадратаў.
Your browser doesn’t support HTML5