Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала гарадзенскім праваабаронцам на іх зварот наконт дыскрымінацыі беларускай мовы, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцы ў сваім лісьце зьвярталі ўвагу, што сайт ЦВК інфармуе грамадзян Беларусі пра бягучыя выбары толькі на расейскай мове, а на беларускамоўнай вэрсіі сайта няма рубрыкі «Выбары-2020» з навінамі па-беларуску, і ўказвалі на недапушчальнасьць дыскрымінацыі беларускай мовы і беларускамоўных выбарнікаў па моўнай прыкмеце.
Лідзія Ярмошына ў афіцыйным адказе праваабаронцам сьцьвярджае, што рубрыка «Выборы-2020» вядзецца на расейскай мове, «паколькі на гэтай мове вядзецца справаводзтва Цэнтральнай камісіі». Яна лічыць, што законна ня мае абавязку весьці рубрыку і на беларускай мове, якая зьяўляецца адной зь дзьвюх дзяржаўных моваў.
Гарадзенскія праваабаронцы назвалі такі адказ пацьверджаньнем дыскрымінацыі дзяржаўнай беларускай мовы ЦВК, а пазыцыю яе старшыні — цынічнай і абразьлівай у дачыненьні да карэннай тытульнай нацыі дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускамоўнай старонцы ЦВК Беларусі галоўная навіна — пра выбары ў Таджыкістане
У чым справа?
У беларускамоўнай вэрсіі сайта ЦВК няма разьдзелу «Выбары і рэфэрэндумы» — менавіта ў гэтым разьдзеле на расейскамоўнай вэрсіі сайта знаходзіцца ўся інфармацыя пра выбарчыя кампаніі ў Беларусі: заканадаўчыя акты, пастановы, каляндарныя пляны, асноўныя навіны кампаніі і шмат што іншае.
Фактычна карыстальнікі беларускамоўнай вэрсіі сайта ня могуць даведацца пра ход цяперашняй выбарчай кампаніі. Сярод «галоўных падзей» на беларускамоўнай старонцы сайта — выбары дэпутатаў ніжняй палаты Рэспублікі Таджыкістан, выбары ў Мілі Мэджліс Азэрбайджанскай Рэспублікі і г. д.
Горадзенскія назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Сьвятлана Рудкоўская і журналіст Уладзімер Хільмановіч даслалі ў Цэнтральную выбарчую камісію ліст, у якім адзначылі недапушчальнасьць дыскрымінацыі беларускай мовы і прапанавалі стварыць у беларускамоўнай вэрсіі сайта банэр «Выбары-2020» і напаўняць яго інфармацыяй на беларускай мове.