Кожныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі суправаджаліся эмацыйнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на адрас сваіх апанэнтаў і тых, хто рызыкаваў выходзіць на вулічныя пратэсты. Свабода прыгадала, што Лукашэнка казаў аб пратэстах з 2006 году.
2006 год: Ніякага захопу ўлады ня будзе
Перад выбарамі 2006 году КДБ Беларусі нібыта раскрыў змову: апанэнты Лукашэнкі ўвечары пасьля выбараў рыхтуюць сілавы захоп улады.
«КДБ „накрыў“ 72 арганізацыі, забраў у іх мабільныя тэлефоны, падрыхтаваныя пратаколы фальсыфікацыі выбараў. 19 чысла яны хацелі выйсьці з гэтымі пратаколамі і абвясьціць пераможцам каго-небудзь з „адмарозкаў“ і сказаць, што ўлада фальсыфікавала выбары», — казаў Лукашэнка напярэдадні дня выбараў 19 сакавіка.
Апазыцыя, а гэта кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, клікала сваіх прыхільнікаў на мірны пратэст увечары пасьля выбараў. Лукашэнка некалькі разоў паўтараў пра змову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якое значэньне меў намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы?«Некаторыя кандыдаты настойліва заклікаюць людзей выйсьці на вуліцы, калі вынікі ня будуць на іх карысьць. Дык гэта разуменьне дэмакратыі?! Беспарадак, бунты, прымяненьне сілы. Я гарантую, што ніякага перавароту ў нашай краіне ня будзе. Ня будзе захопу будынкаў, блякаваньня вуліц і плошчаў», — а гэта ўжо заява ад 18 сакавіка, за дзень да выбараў.
Увечары 19 сакавіка людзі ўсё ж сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Па падліках назіральнікаў і відавочцаў, выйшла некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У той вечар пратэстоўцаў не разганялі. На плошчы паставілі намёты, пратэст доўжыўся да ночы 24 сакавіка. Уначы намётавы гарадок разагналі, міліцыя затрымала каля 500 чалавек.
ЭЗ і ЗША пасьля выбараў увялі санкцыі, у чорны сьпіс трапілі сам Лукашэнка і шэраг чыноўнікаў. Ім забаранілі ўезд у ЭЗ. На інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка зноў казаў пра «каляровыя рэвалюцыі» і вінаваціў заходнія краіны ва ўмяшаньні ва ўнутраную палітыку Беларусі.
«Іх прынцып застаецца нязьменным: падзяляй і ўладар, зьмяняюцца толькі формы: для адных краін вайсковае ўварваньне, для іншых — вірус «каляровых рэвалюцый», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты, пратэсты, вынікі. Як у Беларусі праходзілі прэзыдэнцкія выбары: 1994—2015
2010 год: «Далі табе па галаве, дык ты ж прэзыдэнтам хацеў быць»
У 2010 годзе кандыдатамі ў прэзыдэнты зарэгістравалі 10 чалавек. На Ўсебеларускім народным сходзе Лукашэнка выказаўся адразу пра ўсіх.
«Чаму яны такія агрэсіўныя, як вы заўважылі, у апошніх дэбатах з экранаў? — задаўся пытаньнем Лукашэнка. — Яны хочуць паказаць сваім спонсарам — „глядзіце, якія мы, і што мы сумленна адпрацоўваем грошы“. Я вас нядаўна папярэджваў, што грошы дадуць толькі на экстрэмістаў. Усе хочуць разгайдаць нашу сытуацыю, і ня толькі таму, каб зьнішчыць нашу краіну, а зрабіць яе рабыняй».
Калі ў 2006 годзе Лукашэнка вінаваціў ва ўмяшаньні Захад, то ў 2010 — Усход, а дакладней — Расею. Кандыдатаў ён назваў «прарасейскімі, бо ім далі там грошы».
Ноч 19 сьнежня скончылася брутальным разгонам мітынгоўцаў каля Дому ўраду. Былі затрыманыя да тысячы чалавек, а КДБ распачаў крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў. Затрымалі амаль усіх кандыдатаў у прэзыдэнты: Уладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча, а таксама кіраўнікоў іх штабоў.
20 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка выказаўся і пра кандыдатаў, і пра пратэсты.
«Калі ты актыўны ўдзельнік масавых беспарадкаў — ёсьць сьледзтва, ёсьць суд, з табой разьбяруцца, — сказаў Лукашэнка. — А ўвогуле, лёс у іх руках: і экс-кандыдатаў, і затрыманых, і тых „баевікоў“, якія грамілі. Чалавек 20 ужо вызначылі: усе па два, па адным тэрміне ўжо адседзелі, то бок гэта людзі, якія мелі праблемы з законам».
Тады ж Лукашэнка зноў казаў пра «вялікія грошы і структуры», якія стаялі і за пратэстамі, і за кандыдатамі. І сьледзтва, і суд такіх фактаў не ўстанавілі.
20 сьнежня было незразумела, дзе знаходзіцца паранены Ўладзімер Някляеў, якога выкралі зь лякарні. Лукашэнка выказаўся і пра яго:
«І яны яшчэ хацелі быць прэзыдэнтамі. Табе па мордзе далі, а ты лямантуеш на ўвесь сьвет. Ты ж павінен трываць. Табе заўтра 70 гадоў, а ты яшчэ не навучыўся сваімі мазгамі варушыць», — сказаў ён.
Праз 10 гадоў пасьля тых выбараў так і не вядома, хто напаў на калёну Някляева, якая рухалася да Кастрычніцкай плошчы, і параніў кандыдата ў прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эвалюцыя Плошчы. 2001, 2006, 2010. Поўнае відэа і тэкст
2015 год: «„Чалавек у спадніцы“ ня зможа выконваць абавязкі прэзыдэнта»
У 2015 годзе выбары ў Беларусі прайшлі бяз масавых пратэстаў. Асноўным апанэнтам называлі Тацяну Караткевіч. Пра яе Лукашэнка выказваўся ў звыклай манеры.
«У прэзыдэнта купа паўнамоцтваў, чалавек у спадніцы ня зможа іх, хутчэй за ўсё, выконваць», — сказаў ён.
Напярэдадні вечара ў дзень выбараў Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў людзей пра акцыі пратэсту.
«Раю выконваць закон. Не таму, што мы баімся за гэтых 400 чалавек. Мы турбуемся аб тых разяваках, якія зьбіраюцца», — сказаў Лукашэнка.
Увечары 11 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся некалькі соцень чалавек, яны прайшлі да Плошчы Незалежнасьці. Міліцыя затрымала 17-гадовага юнака.
2020 год: «Мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе»
Сёлета Аляксандар Лукашэнка пачаў крытыкаваць апанэнтаў яшчэ на этапе збору подпісаў, а агітацыя ў гэты час за сябе ці супраць кагосьці забароненая законам.
«Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрагоны. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам „майданчык“ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што „майданаў“ у Беларусі ня будзе», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майданаў у Беларусі ня будзе». Лукашэнка сказаў кіраўніку КДБ, што «ведае, адкуль на нас дзьмуць вятры»Як і ў 2010 годзе, Аляксандар Лукашэнка намякнуў на грошы з Расеі для прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.
«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў».
Да гэтага ён дадаў, што Канстытуцыя ў Беларусі «не пад жанчыну».
І ахарактарызаваў кожнага з прэтэндэнтаў. Сяргей Ціханоўскі аказаўся «шалудзівы», Валер Цапкала, паводле Лукашэнкі, «хітруе», а Віктару Бабарыку кіраўнік дзяржавы прапанаваў «падумаць, дзе ён будзе працаваць пасьля выбараў».
«Гэта як бы незалежная газэта ў Расеі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе... Нібыта інтэрвію бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Менску больш, дый у іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён езьдзіць, хто яго фінансуе», — абмаляваў Лукашэнка кампанію Ціханоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шалудзівы» Ціханоўскі і «кампрамат на Цапкалу»: Лукашэнка выказаўся пра патэнцыйных кандыдатаў на выбарах29 траўня на перадвыбарчым пікеце Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося. Распачатая крымінальная справа за напад на міліцыянта.
Агулам подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сёлета зьбіраюць 15 чалавек.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.